Удзел у канцэрце возьмуць народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка і Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Якаў Навуменка і былы ўдзельнік “Песняроў” Уладзімір Ткачэнка. Дарэчы, удзельнікаў розных “песняроўскіх” складаў будзе ў канцэрце багата. Сярод іх — Аляксандр Віслаўскі, Віктар Малчанаў, Уладзімір Марусіч, Вадзім Касенка.
Адметнасцю аўтарскага вечара Алега Молчана, апроч чаканай прэм’еры, стане і ўзнаўленне знаёмых песень у новым выкананні. “Чужую” выканае Мікалай Скорыкаў, а “Мілую жанчыну” і “Юнацтва” — Анатоль Ярмоленка.
Зусім нядаўна новы мюзікл “Байкер” беларускага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча выйшаў, нарэшце, на публіку: 25 мая ў Гродне адбыўся яго першы перадпрэм’ерны паказ. Наступная такая “абкатка” — 15 чэрвеня ў Брэсце. А вось мінчане застануцца пакуль у ар’ергардзе: сталічная прэм’ера чакаецца толькі ўвосень.
Як ні дзіўна, але ў аснову спектакля пакладзены… французскі раман ХVІІІ стагоддзя “Небяспечныя сувязі” Ш. дэ Лакло, знаёмы многім па шматлікіх замежных экранізацыях. Дый мюзікл паводле яго У.Кандрусевіч напісаў крыху больш за дзесяцігоддзе таму: прызначаны для Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, ён і дагэтуль не ўбачыў святла рампы. Бо калі ўзнікла магчымасць ажыццявіць пастаноўку з “маладзёжнай зборнай” эстрадных салістаў, кампазітар не проста “падрэдагаваў” сваю партытуру, а стварыў абсалютна новую.
Рэжысёрам і аўтарам дыялогаў (дзеянне, між іншым, перанесена ў сучаснаць) выступіў Генадзь Давыдзька, з якім кампазітара звязвае сумесная праца над дзіцячым мюзіклам “Афрыка” ў Купалаўскім тэатры. Сцэнаграфічныя эфекты і строі нафантазіраваў мастак Веніямін Маршак. Спектакль ідзе пад фанаграму “мінус адзін”, калі на запіс інструментальнага суправаджэння накладваюцца жывыя галасы салістаў, але кампазітар спадзяецца і на цалкам жывое выкананне. Артыстаў, як і належыць, — два склады, куды ўваходзяць такія маладыя выканаўцы, як Дарыя, Венера, Іван Буслай, Алена Ланская і інш. Толькі сам Байкер пакуль адзін: у гэтай ролі— вядомы “КВЗшнік”, саліст рок-гурта, удзельнік “Comedy Club” Ван Хельсінг. Ці не давядзецца яму хутка змяніць псеўданім? Бо так і пачнуць называць — Байкерам.
На здымку: сцэна са спектакля “Байкер”.