Не толькі паўторы-рэпрызы расійскай антрэпрызы

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” год ад году змяняе “начынку”: не толькі імёны ўдзельнікаў, але і самі мерапрыемствы, што складаюць праграму. Змяняюцца і суадносіны між рознымі відамі мастацтваў. Сёлета канчаткова знікла кіно, затое замацаваў свае пазіцыі тэатр. Такіх праектаў, як і летась, было тры: заснаваныя ў 2000-м “Тэатральныя сустрэчы”, “Лялечны квартал”, што з’явіўся чытыры гады таму, і Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, што прайшоў у трэці раз. Якая ж дынаміка ў кожнага са згаданых праектаў? І ці даюць яны ўяўленне, куды рушыць сучаснае тэатральнае мастацтва ўвогуле?

/i/content/pi/cult/649/14413/17.jpgНа ўзроўні "сам сабе рэжысёр"

“Тэатральныя сустрэчы”, якія калісьці маглі ганарыцца спектаклямі Эймунтаса Някрошуса, Кама Гінкаса ды іншых знакавых для сучаснага мастацтва рэжысёраў, даўно ўжо хочацца перайменаваць у “Антрэпрызныя паказы”. Цяперашні фестываль не стаў выключэннем. Але даказаў, што тая ж антрэпрыза можа быць вельмі якаснай. І наадварот — наяўнасць маштабнай тэатральнай трупы не можа быць гарантам добрага спектакля.

“Джудзі” трэба было глядзець не толькі з-за бліскучай Ноны Грышаевай у галоўнай ролі. Спектакль шыкоўна ўпісаўся менавіта ў “Славянскі базар…” яшчэ і праз удзел Сяргея Шусціцкага: знакаміты вядучы шматлікіх фестывальных “Зорных часоў” тут выступаў адначасова і як акцёр, і як прафесійны музыкант — у ролі піяніста Энтані. Пасавала фестывалю і жывая музыка — у тым ліку, з удзелам джаз-бэнда. А галоўнае, спектакль быў прысвечаны Джудзі Гарленд — знакамітай галівудскай зорцы сярэдзіны мінулага стагоддзя, якую называлі “каралевай мюзіклаў”, а цяперашняе пакаленне ведае найперш як маці Лайзы Мінэлі. Пастаноўчая група — скрозь лаўрэаты прэстыжнай расійскай тэатральнай прэміі “Залатая маска-2016” у намінацыі “аперэта / мюзікл”: Цімафей Рабушынскі — лепшы мастак, Вікторыя Сеўрукова — лепшы мастак па касцюмах, Аляксей Франдэці — лепшы рэжысёр (дададзім, што ён вядомы таксама як акцёр, харэограф, колішні ўдзельнік Першага міжнароднага конкурсу маладых оперных рэжысёраў “Нана-опера”). У “Джудзі” не было духу эсперыментальнасці, які лічыцца фестывальным трэндам. Але гэта была вельмі прафесійная творчая праца, ва ўсіх сэнсах папраўдзе мастацкая.

/i/content/pi/cult/649/14413/18.jpgТое ж расійскае тэатральнае агенцтва “Арт-партнёр ХХІ” прывезла ў Віцебск музычны монаспектакль “Зорны хлопчык” — са стыльным відэашэрагам, жывым фартэпіянным суправаджэннем, багатым на сучасныя прыёмы гуказдабывання, і таленавітай Дзінай Корзун, якая праз голас і пластыку імгненна пераўвасаблялася ў кожнага з персанажаў.

Хоць неяк музычна звязаным са “Славянскім базарам…” можна было лічыць “Мужчынскі водар”, пастаўлены Паўлам Сафонавым паводле п’есы Жана Ануя “Аркестр”. Астатнія расійскія антрэпрызы былі на ўзроўні “сам сабе рэжысёр”. Не сталіся прыкладам папраўдзе сучаснай тэатральнай эстэтыкі і два спектаклі (“Гульня ў Напалеона” і “Макбэт”) заўсёдніка “Славянскага базару…” — маскоўскага Тэатра на Паўднёвым Захадзе, які напярэдадні свайго 40-годдзя пахаваў заснавальніка і нязменнага кіраўніка Валерыя Беляковіча. За рэдкім выключэннем, у ігры артыстаў была то экзальтацыя, што даходзіла да пародыі, то “выразнае” прагаворванне тэксту па прынцыпе “каша ў роце”, што нівеліравала персанажаў.

На восем расійскіх прыпадалі два беларускія спектаклі: камедыя “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” Тэатра-студыі кінаакцёра і мюзікл-комікс расійскага кампазітара і прадзюсара Кіма Брэйтбурга “Казанова”, ажыццёўлены студэнтамі БДУКіМ. Эх, мінулі тыя часы, калі гаспадары — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — здзіўлялі тым жа “Макбэтам” пад адкрытым небам у музеі-сядзібе Рэпіна.

/i/content/pi/cult/649/14413/19.jpgАд Кірчука да Чукоўскага

Іншыя суадносіны былі ў “Лялечным квартале”, дзе беларускае мастацтва было прадстаўлена больш разгорнута. Гэта заўсёдны хіт “Брэменскія музыкі” гаспадароў — Беларускага тэатра “Лялька”. Іх нядаўняя прэм’ера інтэрактыўнай казкі “Вясёлы Дарафей” з крыкамі-скокамі ўсёй залы, таксама ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Віктара Клімчука. Тонкая, стыльная, жывая казка-камедыя “Царэўна-жабка” з Гродна ў версіі Алега Жугжды. Нарэшце, музычна-фальклорны монаспектакль “Дарожка мая” Івана Кірчука, вырашаны ў лепшых традыцыях яго гурта “Троіца”.

Замежныя спектаклі таксама былі рознымі паводле стылістыкі. “Паехалі!” Маскоўскага тэатра лялек — яшчэ адзін інтэрактыў, што вылучаўся гумарам і нечаканымі паваротамі то да адной, то да другой рускай народнай казкі. “Дзяўчынка і Марская чарапаха” тэатра “Альбатрос” (Швецыя) быў цікавы светлавым рашэннем, пастаяннымі “марскімі” пераўвасабленнямі двух артыстаў і, галоўнае, пастаноўкай актуальнай экалагічнай тэмы. “Слон” паводле Аляксандра Купрына Белгародскага тэатра лялек — зваротам да цырку, хаця ў віцебскім “Горадзе клоўна Піка”, які ўпрыгожваў леташні лялечны праект, тых дзівосаў куды болей. Украінскі “Белы параход” паводле Чынгіза Айтматава Маладзёжнага анімацыйнага тэатра “Ёсць” быў засяроджаны на стылістыцы старадаўніх драўляных скульптур, звязаных з эпохай язычніцтва. “Бармалей” з Роўна (таксама Украіна) прывабіў спробай інтэрпрэтаваць усім вядомага “Доктара Айбаліта” як супрацьстаўленне… настаўнікаў і непаслухмяных вучняў. Там было шмат вельмі актуальных “прыколаў” у прачытанні і візуалізацыі ўсім вядомых радкоў Карнея Чукоўскага (дарэчы, ва ўкраінскім перакладзе), але расчараваў фінал. Выкладчыкі, якіх увасабляла тройца “жывых” артыстаў, збіралі ў сметніцу кінутыя дзецьмі-лялькамі скамечаныя паперчыны: маўляў, інавацыйны ўрок геаграфіі з “ажыўшымі” рэаліямі, уключаючы казачнага Бармалея, завершаны. Педагогам застаецца хіба выцерці пот з ілбоў, пакуючы смецце. Куды ж падзеліся хуліганістыя Танечка з Ванечкам? Зніклі. Не з’явіліся нават на паклон. І гэта — шчаслівы фінал? “Перавыхаванне” дзятвы?..

З-за дрэннага надвор’я некаторыя вулічныя спектаклі былі перанесены пад дах віцебскага тэатра “Лялька” — у фае і гардэроб. Але крыклівы, з пастаяннымі забойствамі і безліччу трупаў “Пятрушка” вышэй згаданых масквічоў быў відавочна не для дзяцей — пры ўсім яго вяртанні былых кірмашовых традыцый. Валгаградская “Казка, проста казка” тэатра “Калабок” магла б прывабіць нават не сюжэтам (Дзед з Бабай увесь час лаюцца, Сабака — дом сцеражэ, а Ліса хоча скрасці Курачку), а роставымі лялькамі. Увогуле, з фэсту “На сямі вятрах”, моцна скарочанага і ператасаванага з-за холаду і дажджу, у памяці найперш засталіся “Вандроўныя лялькі спадара Пэжо”. І не толькі таму, што згаданы тэатр упрыгожыў гала-канцэрт закрыцця, аздобіўшы выступленне віцебскага гурта “Tіртое” сваёй “падтанцоўкай-разыначкай”, а больш дакладна, каларытным шпацырам, ды што там казаць — стварэннем настроя, самой атмасферы. Гэты расійскі калектыў двойчы паказаў такі сур’ёзны вулічны спектакль, як “Апошні бастыён”, без адзінага слова данёсшы да гледачоў надзвычай актуальныя тэмы агрэсіі, варожасці, мяжы між “сваімі” і “чужымі”. І вымусіў кожнага, хто хаця б спыніўся, зірнуўшы на вулічных артыстаў, асэнсаваць усё гэта і сэрцам і розумам.

У чаканні на новы фармат

Тым не менш, пры ўсёй унушальнай колькасці спектакляў і задзейнічаных для іх пляцовак, тэатральны складнік буйнога Міжнароднага фестывалю мастацтваў у Віцебску застаецца пакуль не такім моцным, як хацелася б. Гэта добра разумеюць і самі арганізатары. Так, дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Аляксандр Сідарэнка на наша пытанне наконт тэатраль-
ных перспектыў фестывалю адказаў наступнае:

— Мы невыпадкова працягваем гэтыя праекты. Яны набылі вялізную папулярнасць у гледачоў — гэта ўсім відавочна. Але, падлічваючы грошы і шукаючы тое, што будзе карыстацца попытам, мы часам гонімся за вядомымі пастаноўкамі ды імёнамі. І, на жаль, у большасці выпадкаў сыходзім у бок антрэпрыз. А хочацца ж атрымаць прэм’еры, паўнавартасныя спектаклі. 14 ліпеня на “Славянскім базары…” мы сустракаліся з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам і абмяркоўвалі гэта пытанне. Вядзем перамовы з Пастаянным Камітэтам і ўжо атрымалі яго адабрэнне, каб тыя ж “Тэатральныя сустрэчы” былі ўзяты пад апеку Саюзнай дзяржавы. Для пачатку гэта маглі б быць своеасаблівыя “ўкрапванні” ў праграму — да нас прывозілі б прэм’еру той ці іншай паўнавартаснай трупы. Мы ўжо працуем над каштарысам такога праекта — высвятляем, колькі гэта можа каштаваць, бо ўсё пачынаецца з бюджэту. Спадзяюся, з часам тэатральная праграма “Славянскага базару…” будзе абноўлена і перафарматавана.

Што ж, гучыць прывабна. Ды толькі справа не адно ў фінансаванні, але і ў адборы таго, што можа быць паказана на фестывалі мастацтваў у наступныя гады. Чаму б не адштурхнуцца, да прыкладу, ад расійскай “Залатой маскі”? Ужо само тое, што спектакль адзначаны гэтай прэстыжнай прэміяй, стане дадатковай рэкламай для гледачоў. І адначасова — залогам таго, што наш фестываль атрымае папраўдзе цікавую творчую працу, вылучаную расійскімі спецыялістамі. Калі ж прасіць проста прэм’еру, нават вядомага тэатра, дык ніхто не застрахаваны ад таго, што тая можа аказацца чарговай шараговай пастаноўкай. Дарэчы, падобныя варыянты мы неаднаразова назіралі ў Мінску ў час гастрольных паказаў многіх расійскіх тэатраў.

Трэба спадзявацца і на тое, што далейшыя “Тэатральныя сустрэчы” не абмяжуюцца ўдзелам адно Саюзнай дзяржавы і, адпаведна, прыездам расійскіх тэатраў. Можна знайсці цудоўныя спектаклі і ў іншых краінах! Пачынаючы з той жа Украіны, дзе апошнім часам назіраецца сапраўдны тэатральны бум і з’явілася цэлая чарада цікавых маладых рэжысёраў, схільных да смелых эксперыментаў.

На здымках: Дзіна Корзун у музычным монаспектаклі "Зорны хлопчык".

Украінскі "Белы параход" засяроджаны на стылістыцы старадаўніх драўляных скульптур.

Легендарны вулічны тэатр маскі "Вандроўныя лялькі спадара Пэжо" ўпершыню выступіў у Беларусі. / Фота Рамана Стрыгі

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"