Што хаваецца за тваім касцюмам?

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Невясёлыя калькуляцыі падарожжаў аднаго фестывальшчыка
Няроўныя магчымасці беларускіх і замежных кінематаграфістаў на еўрапейскім кінарынку, неабходнасць фарміравання новай сістэмы падтрымкі айчыннага кіно і яго рупліўцаў, праблемы беларускай кінаіндустрыі і актуальных кінаінстытуцый — гэта тэмы, якія даўно хвалююць беларускую кінасупольнасць. Невыпадкова матэрыял пра пітчынг айчынных дакументалістаў на Вільнюскім міжнародным кінафестывалі, апублікаваны ў №18 “К”, выклікаў адчувальную рэакцыю ў сеціве. Аўтарка самага цікавага водгуку — каардынатарка фестывалю Cinema Perpetuum Mobile Лера ГРЫН — у “працяг тэмы” падзялілася ўласным досведам удзелу ў еўрапейскіх кінафорумах на пазіцыях незалежнага прадстаўніка кінаіндустрыі ад Беларусі.

/i/content/pi/cult/649/14411/13.jpgПа прачытанні рэха-матэрыяла пра чарговы крок у прабіванні “акна ў Еўропу” нашых маладых дакументалістаў на Vilnius Meeting Point у мяне з’явілася пачуццё дэжа вю адносна падобных праблем, але з пункту гледжання фестывальшчыка. У артыкуле можна знайсці тры асноўныя: фінансаванне кінавытворчасці, капрадукцыя, пакрыццё выдаткаў. І, падаецца, я магу павялічыць гэты спіс.

Я адзін з каардынатараў фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile ISFF у Мінску, тры гады ўдзельнічаю ў складанні яго праграм. Каманда жартам надала мне званне міжнароднага кінадыпламата, але фактычна гэта і ёсць мой асноўны кірунак — праца з фестывалямі-партнёрамі (паказы іх праграм у Беларусі), наладжванне кантактаў з новымі для нас форумамі, прапановы нашых праграм іншым фестывалям, падзеям, арганізацыям — і, вядома, у першую чаргу, прасоўванне беларускага кіно (як праграмамі, так і асобнымі стужкамі). Апошнія два гады на Cinema Perpetuum Mobile таксама ладжу і сваю тэматычную праграму Visual Music.

Чаму важна быць уключаным у фестывальную індустрыю ды ездзіць да іншых? Для наладжвання кантактаў з іншымі фестывальшчыкамі. Для патэнцыйнага абмену праграмамі — Best of, тэматычнымі, рэтраспектыўнымі, нацыянальнымі. Гэта прасоўванне не толькі свайго фестывалю, а і нацыянальнай кінематаграфіі.

Прагляд праграм на кінафорумах — важны момант кінаадукацыі, які дазваляе павышаць свой прафесійны ўзровень — што неабходна для кожнай сферы.

Па еўрапейскіх мерках, мой досвед наведвання кінафестываляў не такі вялікі. Але для работніка кінаіндустрыі ён неацэнны. Таму што дае магчымасць убачыць, як працуе кінаіндустрыя ў іншых краінах.

Што я раблю на фэстах? Распавядаю пра CPM, імкнуся наладзіць дзелавыя стасункі, заахвочваю фестывальшчыкаў пазнаёміцца з беларускім кіно, дамаўляюся аб праграмах, сустрэчах з нашымі кінематаграфістамі. Звычайна дзелавыя крокі не абыходзяцца без важнага ўступу — расповеду пра нашу краіну, яе кінематаграфію і фестывальную карту. Вядома, я цікаўлюся тым, як ладзіцца замежны кінафорум, дзе працую, якую падтрымку ён мае, як дзейнічае яго каманда.

За апошнія паўгады мне ўдалося пабываць на пяці розных кінафорумах. Атрыманы досвед даў магчымасць ацаніць пазіцыі кароткага метра ў іншых краінах — і, на жаль, выявіў стаўленне да нашай кінематаграфіі як да цалкам невядомай з’явы ў Еўропе. А зараз — падрабязней пра кожны.

Grenzland Filmtage Selb у Зельбе (Германія). Мае фінансавую падтрымку мясцовых уладаў і камерцыйных структур. Арыентуецца на ўсходнееўрапейскія краіны. Прадстаўлены як поўны метр, так і кароткі. Каманда робіць фестываль ужо 40 гадоў у якасці валанцёраў у вольны ад асноўнай працы час. Фінансаванне ідзе на прызы пераможцам, пакрыццё выдаткаў на прыезд гасцей і звычайны набор рэчаў, неабходных для правядзення кожнага фестывалю.

Мы супрацоўнічаем ужо тры гады, і летась яны запрашалі каго-небудзь з каманды CPM прадставіць партнёрскую праграму. Збіраліся ехаць я і яшчэ адна дзяўчына. Але паездка сарвалася з-за праблем з візамі. Апошняя, падкрэслю, — адна з галоўных. Мы загадзя і дбайна падрыхтавалі пакет дакументаў, аднак у консульстве папрасілі яшчэ і арыгіналы з агульнанямецкага рэестра грамадскіх арганізацый — што, пагадзіцеся, цяжка было прадугледзець. Фестываль тыдзень мужна шукаў патрэбныя дакументы, даслаў іх, але ў выніку мы не паспелі аформіць візы ў час і на форум не патрапілі.

Тут адразу вымаўлёваецца праблема ізаляванасці нашай краіны з-за складанасці атрымання віз. Бо не ў кожнага арганізатара хопіць цярпення і часу збіраць дакументы для маладых фестывальчышкаў і кінематаграфістаў з Беларусі.

Аднак сёлета ў мяне ўжо была мультывіза, і на фестываль я патрапіла. Мне як партнёру форума былі аплочана дарога і прадастаўлена жыллё. Дзякуючы нашай папярэдняй працы, фэст захацеў уключыць у свой міжнародны конкурс фільм Кірыла Сынкова. Прадстаўнікі нямецкага форума ўбачылі яго на адмысловай нацыянальнай праграме, якую мы падрыхтавалі для іншага фестывалю — і запрасілі да сябе. Вось, калі ласка, прыклад, як гэта ўсё працуе.

Animocje ў Быдгашчы (Польшча). Міжнародны форум, дзе можна пазнаёміцца з усёй анімацыйнай індустрыяй Польшчы. Праводзіцца ён 7 год. Базуецца пры гарадскім цэнтры культуры і робіцца яго супрацоўнікамі ў непрацоўны час. Фінансава падтрымліваецца гарадской адміністрацыяй. Пляцоўка ў фестываля стабільная. Ён уключае міжнародны анімацыйны конкурс і адмысловую праграму анімацыі пэўнай краіны (сёлета была Японія). Калі ёсць цікавасць да польскай анімацыі і, уласна, краіны — варта з’ездзіць.

Патрапіла я туды таму, што сябра-фестывальшчык папрасіў для мяне гасцявую акрэдытацыю. Цудоўным чынам мне прадаставілі на форуме жыллё, увогуле прынялі на роўных, хоць анімацыя не асноўны мой кірунак. Новыя кантакты наладжаны, будучыня пакажа, як усё складзецца.

/i/content/pi/cult/649/14411/14.jpgOberhausen 63 у Аберхаўзене (Германія). Гэты візіт — проста неверагоднае асабістае дасягненне. Фестываль — адзін са старэйшых (63 гады!) і найвядомейшых форумаў кароткага метра ў Еўропе. Сёлета 40 гадоў, як яны паказваюць праграмы для дзяцей і моладзі. 20 гадоў, як іх судзіць дзіцячае журы (па 5 чалавек для праграм для розных узростаў). Набор кароткага метра цалкам адрозніваецца ад іншых фестываляў. Усе субтытры на англійскай, што выдатна. Мінус для нас — статус форума. Трэба быць вартым па кожным з напрамкаў, каб прыехаць туды і размаўляць на роўных.

Што ў меню? Конкурсы міжнародны, нямецкі, федэратыўнай зямлі (NRW), музычных відэа і згаданыя вышэй дзіцячыя і маладзёжныя праграмы. Плюс архівы, дыстрыб’ютарскія паказы, адмысловыя рэтраспекцыі.

Фестываль неверагодна круты, як партнёру зачапіцца там вельмі складана. Таму я вырашыла выступіць у якасці валанцёра. На мой запыт мне адказалі літаральна на наступны дзень. Як валанцёр я атрымлівала за працу камандны бэйдж, харчаванне і пражыванне ў офісе. Магчыма, тое гучыць даволі дзіка, але такая практыка там даволі распаўсюджаная. Аберхаўзен — невялікі горад, людзі часта ездяць туды на працу з суседніх мястэчак. Начлег у офісе — звычайная справа для асістэнтаў фестываля, часам і для саміх арганізатараў. Мне давялося аплаціць толькі дарогу. Удзень я працавала па чатыры гадзіны на выставе, а астатні час магла выкарыстоўваць як заўгодна.

Чаму такі варыянт у маім выпадку быў цудоўны? Каб я пайшла звычайным шляхам, акрэдытацыя каштавала б 45 — 60 еўра. Нават прадстаўнікам фестываляў-партнёраў даюць яе там толькі на два дні. Далей — зноў плаці, калі не паспеў зрабіць свае справы. Плюс шукай, дзе жыць і харчавацца. З іншага боку, гэтыя два дні звычайна выпадаюць на выходныя, і ў Аберхаўзэн з’яджаецца ўся кінаіндустрыя Германіі, таму такая акрэдытацыйна-грашовая палітыка спрыяе планам “паспець усё”.

У маім выпадку я мела больш часу для таго, каб правесці разведку і зладзіць сустрэчы. Увогуле, праца ў камандзе — а яна паставілася да мяне па-сяброўску і без перадузятасцяў — дае дадатковыя шанцы на пабудову сувязяў. Але ў спісе акрэдытаваных гасцей на 20 старонак дробным кеглем я — адзіны прадстаўнік з Беларусі. Сумна, што наша індустрыя за бортам, і невядома колькі яшчэ так “за свае” патрэбна ездзіць, каб зрушыць справу з мёртвай кропкі. А ёсць праграмы, у якіх беларускія працы цалкам маглі б удзельнічаць.

Вынік: адбыліся сустрэчы, намацаліся кантакты, буду змагацца за наступны крок. Асабістая мэта — прывезці туды хаця б аднаго беларускага рэжысёра з фільмам.

LPM Live Performers Meeting у Амстэрдаме (Нідэрланды). Гэты фестываль звязаны не з кіно, а з віджэінгам, мэпінгам і перформансам. Мне было цікава паглядзець на яго структуру і індустрыю цалкам. Італьянская каманда атрымала еўрапейскае фінансаванне на тры гады, каб ладзіць фестываль у Амстэрдаме. І гэта акалічнасць — форум у іншай краіне — адбілася на арганізацыі. Хібаў было дастаткова.

Улічваючы тое, што пакуль мой статус у дачыненні LPM быў не зусім зразумелым, я папрасілася на фэст валанцёрам. Тут мне прапанавалі толькі аднаразовае харчаванне. Жыць давялося ў сяброў у сквоце. Дарэчы, вельмі чалавечнае жытло.

На фестывалі ўразілася тым, што камандзе з Мексікі дзяржава вылучала грошы на дарогу на фестываль — каля тысячы долараў на чалавека. Проста таму, што яны прадстаўляюць сваю краіну і культуру на міжнароднай падзеі. Мне заставалася толькі пазайздросіць. Пра тое, што ад Беларусі я была адзіны чалавек на LPM, пісаць ужо, напэўна, сумна.

Вынікі: новыя кантакты, працяг знаёмства з іншай сферай. Фестываль дапамог ацаніць уласную праграму, рух у задуманым кірунку ёсць.

Vilnius ISFF (Літва). Змагла дамовіцца аб візіце фактычна выпадкова, хоць яшчэ за год планавала іх праграмы на CPM 2017. Паколькі ў гэты раз прыезд быў патрэбны больш мне, чым ім — адглядзець апошнія літоўскія фільмы, пасля чаго скласці праграму, фестываль прадаставіў мне толькі акрэдытацыю. У пакрыцці іншых выдаткаў — адмовіў. Са свайго боку я прапанавала ім беларускія матэрыялы для патэнцыйных праграм, але пакуль асаблівай цікавасці не заўважыла. Вільнюс блізка, пакрыць дарогу і пражыванне было цалкам па сілах. Але хацелася б большай аддачы.

Вынік: праграма літоўскага кіно для СРМ складзеная.

Як бачыце, варта быць зацятым і апантаным, каб траціць свае грошы на падобныя падарожжы і атрымоўваць пэўнае задавальненне ад пераадолення перашкод, якіх магло б і не быць. Мой шлях немагчымы без сяброў, бацькоў, што дапамаглі мне купіць квіткі назад, без доўгага пошуку ў інтэрнэце недарагіх білетаў, арэнды ровара ў Амстэрдаме — гэта ў разы танней за штодзённыя паездкі на іншым транспарце. Дзве раскошныя пакупкі за час маіх вандровак — новыя кеды (10 еўра), таму што старыя папросту знасіліся, і паход у Амстэрдаме ў Музей сучаснага мастацтва (15 еўра). За маім “рамантычным” турам — шмат працы, абмежаванняў і часам бессэнсоўных тлумачэнняў. Калі камусьці падаецца, што “касцюм” беларускага фестывальшчыка — гэта справа мары, то вось яна — праўда жыцця.

І ці надоўга хопіць энтузіязму ў прасоўванні белкіно — пытанне тут нават экзістэнцыйнае. Бо ў пастаяннай барацьбе за візы, за час, які варта знайсці, выпрасіць у асноўнага працадаўцы, за грошы, якія трэба адкласці на паездку, твая справа ператвараецца ў дзіўную раскошу, якая, высвятляецца, патрэбна толькі табе.

Лера ГРЫН,
каардынатарка міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, аўтарка праекта Kinoport.