З Мальерам па абмене

№ 22 (840) 31.05.2008 - 06.06.2008 г

Не паспеў адгрымець справаздачны канцэрт Брэсцкай вобласці, а літаральна днямі ў Мінск на гастролі прыедзе Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі. З 3 па 9 чэрвеня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага брэстаўчане прапануюць сталічным тэатралам свае найновыя спектаклі.

 /i/content/pi/cult/163/1441/Z-Malyeram.jpg
Гастрольная афіша брэсцкага тэатра традыцыйна насычана самымі рознымі назвамі. І адкрывае яе апошняя прэм’ера тэатра — спектакль “Злачынства і пакаранне” паводле Ф.Дастаеўскага. Сярод іншых назваў — не менш класічныя “Рамэа і Джульета” У.Шэкспіра, “Дон Жуан” Ж.-Б.Мальера, “Вечар” А.Дударава, а таксама “Крошка” Ж.Летраза, “Рэтра” А.Галіна і “Беспарадак класа lux, альбо Скокі з нябожчыкам” Р.Куні.

Горкаўцы ж, у сваю чаргу, з 4 па 15 чэрвеня завітаюць з абменнымі гастролямі ў Брэст, дзе пакажуць “Утаймаванне свавольніцы” У.Шэкспіра, “Уяўнага хворага” Ж.-Б.Мальера, “Легенду аб бедным д’ябле” У.Караткевіча, “Ідэальнага мужа” А.Уайльда, “Злоўленага сеткай” Р.Куні і “Васу” М.Горкага.