— Указ у дзейнай цяпер рэдакцыі ўтрымлівае так шмат юрыдычных недакладнасцяў, што любы абазнаны ў заканадаўстве грамадзянін мог лёгка ігнараваць усялякія выплаты без шкодных для сябе наступстваў. Прычым цалкам на законнай аснове! Ведаю выпадкі, калі прадпрымальнікі падчас юрыдычнай перапіскі лёгка заганялі ў тупік адпаведныя дзяржаўныя органы — і, зразумела ж, нічога не плацілі. Там настолькі непразрыстыя механізмы… Прыкладам, калі ўласнік здае свае плошчы ў арэнду — хто тады мусіць плаціць? Ён сам, арандатар — альбо абодва? Калі ўкладаюцца грошы ў рэстаўрацыю — ці ўлічваецца гэта?
Прапанаваныя змены каментаваць мне складана — у мяне цяпер насычаны экспедыцыйны перыяд, і апошнія паўтара месяцы я жыву, што называецца, у лесе. Але магу выкласці некалькі прынцыповых для мяне момантаў. Агулам я цалкам за тое, каб у тых выпадках, калі прадпрымальніцкая дзейнасць прыносіць помніку непасрэдную шкоду, уступалі ў дзеянне пэўныя механізмы кампенсацыі. Але неабходна распрацаваць такое палажэнне, дзе будуць дэталёва прадугледжаны ўсе істотныя фактары — іначай гэтая непразрыстасць нарматыўнай базы створыць поле для злоўжывання з абодвух бакоў.
Што я маю на ўвазе? Найперш, цяперашнюю функцыю помніка спадчыны. Адна справа, калі гэта завод, дзе ўсё гудзіць і трасецца, а з трубы ідзе чорны дым. Зусім іншая — калі офіс. У дадзеным выпадку шкода аб’екту наносіцца ўвогуле вельмі ўмоўная. Да таго ж, пра якія выплаты можна гаварыць, калі ўласнік за свае сродкі праводзіць мерапрыемствы па захаванні культурнай каштоўнасці, укладаецца ў яе рэстаўрацыю? Адпаведна, усё гэта трэба прадугледзець.