Сацрэалізм у спалучэнні з Таркоўскім

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

У залах Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску праходзіць персанальная выстава жывапісу “Рэха памяці” заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Уродніча, прысвечаная Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзю з дня нараджэння мастака. У экспазіцыі прадстаўлена каля шасцідзесяці прац рознай тэматычнай і жанравай накіраванасці, якія створаны ў 1970 — 2010-я гады.

/i/content/pi/cult/649/14405/9.jpgЗа плячамі Уладзіміра Васільевіча ляжыць амаль палова стагоддзя напружанай працы, якая злучана з творчай і педагагічнай дзейнасцю.

Ён увайшоў у творчае жыццё рэспублікі на пачатку 1970-х гадоў як цалкам сфарміраваны майстар. Будучы вучнем такіх выдатных прадстаўнікоў беларускага жывапісу сацрэалізму, як Акім Шаўчэнка, Іван Ахрэмчык, Натан Воранаў, Аляксандр Казлоўскі, Уродніч і па цяперашні час застаецца верным прынцыпам рэалістычнага мастацтва.

Уладзімір Васільевіч у размове з аўтарам артыкула адзначаў, што ў час існавання СССР ён быў у поўным сэнсе слова савецкім мастаком. “Я працаваў у напрамку сацрэалізму, — прызнаваўся ён, — і я не лічу, што мы былі загнаны ў нейкія вузкія рамкі ідэалагічнага дыктату і таму падобнае. Я, як і мае калегі, адчувалі сябе свабоднымі, але гэта свабода была заснавана на асаблівай грамадскай пазіцыі”. Жыццё працоўнага народа, святы і будні беларускай вёскі выяўлены на палотнах мастака проста і чалавечна. “Мастацтва, на мой погляд, гэта паэтычнае слова пра рэчаіснасць, і яно не можа быць учарашнім днём, нават калі яно сказана шмат гадоў назад”. Жывапіс Уладзіміра Васільевіча — гэта вытанчаная беларуская паэзія ў выявах і фарбах. Не выпадкова ў яго працах цалкам адсутнічаюць адцягненыя фанстасмагорыі і постмадэрнісцкія прыёмы.

Вайсковыя і пасляваенныя гады, якія правёў будучы мастак на хутары Лучкі ў вёсцы Арлы Столінскага раёна, былі пераасэнсаваны ўжо сталым чалавекам. Успаміны знайшлі сваё адлюстраванне ў самых кранальных палотнах мастака. Упадабанымі фігурамі становяцца рэтра-аўтапартрэт і рэтра-партрэт сваіх родзічаў. Успамінамі дзяцінства напоўнены палотны “Росы юнацтва” (1976 — 2017), “Кліч вясны” (1999), “Насустрач мары” (2005). Пры ўважлівым “пагружэнні” ў карціну глядач адчувае светлую настальгію, якая валодала аўтарам. Не выпадкова Уладзімір Васільевіч глядзіць і пераглядае кінастужкі Андрэя Таркоўскага. “Калі я гляджу яго фільмы, — казаў майстар, — перада мной узнікаюць ідэі мастацкіх твораў”. Варта адзначыць, што і ў творчасці Таркоўскага дзіцячыя, юнацкія ўспаміны і перажыванні займалі важнае месца.

У сям’ю будучага мастака, як і ў жыццё многіх тысяч беларусаў, Вялікая Айчынная вайна ўварвалася вялікай стратай. Яго дзевятнаццацігадовы бацька пайшоў у партызаны і загінуў у 1943 годзе. Даніну памяці ўяўляюць з сябе палотны “Пераможны салют у Давыд-Гарадку” (2005), “Дарога да Вялікай Мядзведзіцы” (2005), “Перакрыжаванне” (2014). У 1979 годзе У.В. Уродніч піша працу “Шлях у дзяцінства”. У гэтым палатне злучаны розныя часавыя пласты. Аўтар намаляваў сябе ў дзяцінстве з вядром вады ў руках і побач — ужо сталым чалавекам, які засяроджана глядзіць на родную вёску. Мастак таксама ўводзіць ірэальны эпізод Вялікай Айчыннай вайны ў выглядзе сцэны ў аблоках. Нягледзячы на складаны кампазіцыйны прыём “мантажу” выявы, гледачу цалкам зразумелы біяграфічны і спавядальны змест дадзенага твора. Напісанае праз 21 год палатно “Дарога да Вялікай Мядзведзіцы” — гэта паэма ў фарбах аб загінулых салдатах Вялікай Айчыннай вайны. Хлопчык у лодцы — правобраз самога аўтара, які глядзіць у неба, дзе намаляваны душы салдат.

Да выдатных старонак беларускага мастацтва варта, на наш погляд, аднесці вясковыя і рачныя краявіды Уродніча. Такія працы, як “Летні разліў у Гарыні” (1995), “Палёт нармальны” (2004), “Цішыня над Прыпяццю” (1986), “Маладзік” (1999), адрозніваюцца манументальнай кампазіцыяй, вытанчанай і крыху прыглушанай колеравай гамай, а галоўнае — мастак даносіць да гледача пачуццё любові да роднай зямлі і яе людзей. Родная зямля і суайчыннікі — асноўная тэма ўсёй творчасці мастака, у тым ліку і ў наш час.

Уладзімір Уродніч арганічна спалучае ў сабе і традыцыю, і наватарства. Героіка-патрыятычная тэматыка, да якой звярнуўся мастак у апошнія гады, побыт і штодзёнае жыццё простых людзей — гэта традыцыйныя тэмы савецкага мастацтва. Разам з тым, мастак знаходзіць новыя кампазіцыйныя прыёмы і творчыя падыходы, якія найболей дакладна перадаюць яго думкі і пачуцці. Выстава пераканаўча паказвае, што Уладзімір Васільевіч Уродніч — майстар з вялікім вопытам і творчым патэнцыялам.

Выстава будзе працаваць да 6 жніўня ўключна.

Кірыл МЕЛЬНІК,
старшы навуковы супрацоўнік галерэі Міхаіла Савіцкага,
кандыдат мастацтвазнаўства, мастак