“Вянок” — па-беларуску, “Венац” — па-сербску

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Днямі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя зборніка “Вянок” у перакладзе на сербскую мову.

/i/content/pi/cult/649/14401/4.jpgМаксім Багдановіч верыў, што беларуская літаратура стане неад’емнай часткай сусветнай, — і не памыліўся. Яго вершы перакладзены на многія мовы свету, а цалкам “Вянок” ёсць на ўкраінскай, рускай, літоўскай мовах. Цяпер — і на сербскай. Выканала пераклад маладая пісьменніца з Сербіі Даяна Лазаравіч. Працавала год. Найбольш яе ўразіла надзвычайная эмацыйнасць твораў Багдановіча. “Максім пражыў усяго дваццаць пяць гадоў, а мне было дваццаць тры, калі я перакладала яго вершы. Увесь час я імкнулася зразумець, што адчуваў паэт, калі ствараў такія шэдэўры”, — распавяла перакладчыца.

Цікавасць Даяны Лазаравіч да беларускай літаратуры і да творчасці Максіма Багдановіча абу-
дзіў Іван Чарота, вядомы даследчык сербскай літаратуры, доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца, славіст, крытык, перакладчык, прафесар, лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў.

Як паведаміў гасцям імпрэзы Іван Аляксеевіч, адпаведная задума ўзнікла ў яго даўно. Пра гэта не магла ведаць маладая студэнтка, якая даслала яму некалькі ўласных перакладаў з Максіма Багдановіча для ацэнкі ўзроўню яе майстэрства. Прафесар станоўча ацаніў працу і рэкамендаваў працягваць займацца перакладамі кнігі паэзіі нашага геніяльнага творцы.

Выхад кнігі стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Уладзіміра Чушава, былога Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Сербіі. Сродкі выдаткаваў прадпрымальнік, які пажадаў застацца incognito.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ, 
малодшы навуковы супрацоўнік
Літаратурнага музея Максіма 
Багдановіча