Гэта ўжо восьмы фэст юных талентаў, прычым штогод колькасць краін-удзельніц узрастае. Сёлета звыш тысячы сваіх выканаўцаў і творчых калектываў паказваюць Беларусь, Расія, Украіна, Малдова, Польшча ды іншыя дзяржавы, агульны лік якіх сёлета складае 13.
Заснавальнікамі фестывалю выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам і яго ўпраўленне культуры, Клімавіцкі райвыканкам.
30 мая ў Гарадскім парку распачнецца “Баль Яго Вялікасці Таленту”, у якім прымуць удзел найлепшыя з дзіцячых творчых сіл вобласці пры ўдзеле зорак беларускай эстрады.
Не толькі музыцы і спевам аддадуць пляцоўкі “Залатой Пчолкі”: на фестывалі пройдуць конкурсы малюнкаў “У свеце тысяча цудаў” (творы выконваюцца на мальберце) і “Свет, у якім я жыву” (выявы на асфальце).
Рознабаковыя таленты ўдзельнікаў прадэманструюць конкурсы на лепшы салодкі выраб, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
Пераможцы ў пяці намінацыях конкурсу (а гэта спаборніцтвы ў народных і эстрадных спевах, творчая барацьба паміж вакальнымі ансамблямі, у харэаграфічным майстэрстве, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве, па дзвюх узроставых групах — 9 — 12 і 13 — 16 гадоў) атрымаюць дыпломы аргкамітэта і памятныя сувеніры. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца пад час гала-канцэрта “Няхай заўжды будзе фестываль!” у Міжнародны дзень абароны дзяцей.
Наш кар.