“Каб ён здаваўся жывым чалавекам”

№ 30 (1313) 29.07.2017 - 03.08.2017 г

Скульптар Генік Лойка названы пераможцам конкурсу на стварэнне помніка Францыску Скарыне ў Кішынёве. “К” даведалася ў аўтара, якім беларускага першадрукара хацелася б паказаць жыхарам малдаўскай сталіцы.

/i/content/pi/cult/649/14399/1.jpgМіністэрства культуры абвясціла конкурс у маі, вынікі падвялі на гэтым тыдні — сярод дзевяці прадстаўленых прац журы абрала эскіз, распрацаваны скульптарам Генікам Лойкам. Архітэктар праекта — Віталь Арабей.

— Францыск Скарына — мая тэма яшчэ з юнацтва, плённа працую над ёй ужо даўно. Я скончыў інстытут у 1986 годзе, лічыцца, што Скарына нарадзіўся ў 1486-м — можа, гэта магія лічбаў, — жартуе скульптар. — Яшчэ зімой вырашыў, што год, прысвечаны Скарыне, нельга ніяк не адзначыць — зрабіў медаль да 500-годдзя выхаду яго першай кнігі. Хто ж тады мог падумаць пра конкурс, тым больш для Кішынёва? Але калі даведаўся, зразумеў, што яго быццам для мяне абвясцілі.

Па словах Геніка Лойкі, вобраз беларускага першадрукара ўзяты ім са знакамітай гравюры-аўтапартрэта Францыска Скарыны.

— Але мне захацелася нарэшце рэзка развярнуць яго твар, каб ён быў жывым чалавекам, не выглядаў так статычна, як звычайна. Бачу і пэўнае падабенства паміж намі — Скарына таксама насіў даўгія валасы, — дадае скульптар. — Праўда, архітэктар вырашыў павярнуць пастамент вуглом да дарогі, ад чаго рэзкасць крыху губляецца, хаця ўсё адно выглядае цікава. Месца, дзе будзе ўсталяваны помнік, бачыў толькі на фотаздымках, таму нялёгка было ацаніць прастору. Спачатку меркавалася, што ён будзе большага памеру, цяпер трэба яго зменшыць, каб не ўпіраўся ў дрэвы, што растуць там побач. Пакуль яшчэ шукаем і дапрацоўваем варыянты рэалізацыі задумы.

Увосень скульптуру плануюць змясціць насупраць Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова — у скверы на перакрыжаванні вуліц Аляксея Мацвеевіча і Мітрапаліта Гаўрыіла Бэнулеску-Бадоні ў Кішынёве. Гэта адно са знакавых мерапрыемстваў, што праводзяцца сёлета да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі.

Фота Андрыяны ШУТКОВАЙ

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"