Палац па цане абеду

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

14 ліпеня маёнтак у Жамыслаўлі зноў пайшоў з малатка. Як нячаста бывае ў такіх выпадках, аўкцыён адбыўся з першага разу, і прычынай таму, напэўна, стала смешная стартавая цана. Адзін з найлепшых узораў сядзібнага мастацтва Беларусі, які ўключае шыкоўны некалі палац, поўны экзотаў парк, гаспадарчыя пабудовы, абышоўся пакупніку як абед у рэстаране — усяго ў 138 рублёў! Зрэшты, акурат гэта — цалкам нармальна. Пытанне ў іншым: ці здолее новы ўласнік адрадзіць сядзібу альбо, прынамсі, прыняць пасільныя меры па яе захаванні? Ці зробіць ён для гэтага хаця б штосьці? А калі не, дык што яму за гэта будзе?

/i/content/pi/cult/648/14386/10.jpgУ аддзеле ІРКіСМ Івейскага раёна, на балансе якога ў апошнія гады знаходзіцца комплекс, імя пакупніка мне пакуль не назвалі — каб не сурочыць. Таямніцу абяцаюць раскрыць адразу пасля падпісання ўсіх адпаведных дакументаў. Такая перасцярога, у прынцыпе, вытлумачальная: апошнія дзесяць гадоў гісторыі родавага котлішча Умястоўскіх былі пакручастымі, як ход думкі ў галаве шызафрэніка.

Спачатку яго за капейкі купіў беларускі прадпрымальнік, але рашэннем Камітэта дзяржкантролю здзелку скасавалі (тады яшчэ многім было няўцям, што палацы можна аддаваць амаль задарма — абы ў выніку яны аднаўляліся). Потым здарыўся пажар, потым гродзенскія ўлады вырашылі ўзяцца за сядзібу самастойна, не аддаючы інвестарам такі ласы кавалак. Потым людзі ў аблвыканкаме змяніліся. Потым інвестар такі знайшоўся, прычым ажно з Іарданіі. Потым ён “саскочыў”, і ўсё пайшло па другім коле. Здаецца, я нічога не прапусціў.

Зрэшты, самае сумнае і павучальнае ў гэтай гісторыі нават не бязладнае нагрувашчванне падзей, а тое, што фактычна ўсе дзесяць гадоў з сядзібай нічога добрага не адбывалася — і, адпаведна, яна паціху развальвалася. Няма ўжо ні арыгінальнага паркету, ні балюстрады, ні кафлянай печы, ні, урэшце, значнай часткі даху… Захаваць статус кво або хаця б мінімалізаваць страты было б цалкам магчыма, каб уласнікі (хто б ні выступаў у іх ролі на тым ці іншым этапе) рабілі для гэтага элементарныя захады. Урэшце, каб там проста быў вартаўнік.

І вельмі не хацелася б, каб такі самы лёс напаткаў і тыя сядзібы, якія спусцелі ўжо ў нашы дні. Напрыклад, шыкоўны класіцыстычны ансамбль у Снове, адкуль не так даўно выехаў ведамасны шпіталь, альбо надзвычай цікавы сядзібны дом у Расонах, пра які гаворыцца на стар. 10.

У адрозненне ад аўтараў матэрыялу, я б не стаў папракаць прадстаўнікоў мясцовай улады ў тым, што яны не здатныя пераўтварыць аварыйны будынак у прэзентабельны тураб’ект. Думаецца, гэта ім аб’ектыўна не пад сілу. Збянтэжыла трохі іншае: у артыкуле нічога не гаворыцца пра далёкасяжныя планы адносна лёсу помніка (продаж у прыватныя рукі? прыстасаванне пад тыя ці іншыя патрэбы раёна? нешта сярэдняе?), а таксама пра комплекс неадкладных і штодзённых мер па яго захаванні.

Як кажуць адмыслоўцы, нават рэгулярнае праветрыванне пустога будынка павялічвае ягоны век — не кажучы ўжо пра спраўную ліўнёўку або своечасовую ліквідацыю прабоінаў у даху. Пажары, якія пашкодзілі або нават знішчылі не адзін дзясятак такіх помнікаў спадчыны — таксама не выпадковасць. Зазвычай яны здараюцца ў тых будынках, якія не маюць аховы, і таму туды лёгка могуць пранікнуць “непажаданыя элементы”.

Як паказвае досвед, шырокая практыка перадачы праблемных аб’ектаў спадчыны ў прыватныя рукі сама па сабе іх праблемы не вырашае: у большасці выпадкаў, змена статусу ніяк не паўплывала на сам помнік. Нават вокны дошкамі не пазабівалі… І безадказнасць новых уласнікаў будзе трываць да той пары, пакуль у дачыненні да іх не будзе распрацаваны належны механізм санкцый. І, вядома ж, пакуль не з’явіцца пастаянны кантроль з боку дзяржаўных органаў улады.

Так, менавіта безадказнасць, іншымі словамі ў большасці выпадкаў іх стаўленне не патлумачыш. Мне вось малюецца такі сцэнарый: прачнуўся нехта пасля бурлівай ночы, на рэшту грошай купіў шампанскага і пару палацаў, а потым “вярнуўся да жыцця” і пра ўсё забыў… Трэба, каб кожны зразумеў: нельга так проста ўзяць і купіць палац, а потым нічога з ім не рабіць.

Зрэшты, не выпадае сумнявацца, што і самі дзяржаўныя органы павінны паказаць тут добры прыклад — у дачыненні да тых праблемных аб’ектаў, якія знаходзяцца на іх балансе. У адваротным выпадку, патрабаваць чагосьці ад прыватніка будзе вельмі складана.