Конкурс “Славянскага базару…”: гульня па правілах і без

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” заўсёды быў у цэнтры “Славянскага базару…” Як толькі станавілася вядома імя ўладальніка “Гран-пры”, Міжнародны фестываль мастацтваў, па сутнасці, завяршаўся, нягледзячы на шматлікія далейшыя мерапрыемствы. Сёлета ж інтрыга захоўвалася акурат да гала-канцэрта закрыцця: двое лідараў атрымалі аднолькавыя балы, наступны за імі — усяго на адзін менш. Паводле Палажэння аб конкурсе, ні Гран-пры, ні першая прэмія падзелены быць не могуць. Як тут быць?..

Колькі каштуе адзін бал?

Журы, паводле слоў яго старшыні, знакамітай балгарскай спявачкі і прадзюсара Ярданкі Хрыставай, спрачалася да трох гадзін ночы. Першай прэміяй (15 тысяч долараў) уганаравалі Улада Сытніка з Украіны (151 бал са 160-ці магчымых). Другой (10 тысяч) і спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна “за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства” — нашага Ягора Шаранкова з той жа колькасцю балаў. Трэцяй (5 тысяч) — Нявену Бажовіч з Сербіі (150 балаў). Расіянка Лілія Вельтман, аказаўшыся чацвёртай (147 балаў), ра-
зам з нашым Ягорам была адзначана, паводле традыцыі, спецпрызам Парламенцкага Саюза Беларусі і Расіі, якімі ўзнагароджваюцца канкурсанты гэтых краін незалежна ад набраных балаў. А яшчэ атрымала спецыяльную ўзнагароду “Песня — шлях да садружнасці” і дзве тысячы долараў ад Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мир”. Праўда, само ўшанаванне ў час заключнага гала-канцэрта прайшло так скамечана, што недасведчаныя і не здагадаліся, што Гран-пры не прысуджалася.

Магчыма, цяперашняя сітуацыя з “арыфметыкай узроўню вышэйшай матэматыкі” стане падставай для далейшага карэктавання конкурсных умоў і развіцця яшчэ большага пачуцця адказнасці ў членаў журы. Бо крытэрыі ацэнкі ў іх, мяркуючы па балах, былі рознымі. Ад “сярэднестатыстычных” рэзка адрозніваліся адзнакі, выстаўленыя прадстаўнікамі Італіі і ЗША, што заўважыла і старшыня журы на прэс-канферэнцыі (маўляў, у іх “не славянскія душы”). Самымі ж узважанымі, адпаведнымі не геаграфіі ўдзельнікаў, а непасрэдна мастацкаму ўзроўню выступленняў, былі, на мой погляд, ацэнкі народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай.

Ды справа не ў лічбах, а ў тым, куды рушыць гэты конкурс. Кожнае творчае спаборніцтва мае свае асаблівасці. Якім бы непрадказальным ні называлі тое ж “Еўрабачанне”, але і там заўважна тэндэнцыя: перамагае той, хто здзіўляе. Прычым адначасова і гледачоў з розных краін, і прафесійнае журы, што з’явілася ў апошнія гады. А што ж “Славянскі базар…”?

Назіраю за фестывалем усе гады яго існавання, таму ведаю, як доўга беларускія канкурсанты не маглі ўзняцца на п’едэстал. На гэтым конкурсе лідзіравалі выканаўцы з моцнымі галасамі, якія добра валодалі джазавымі прыёмамі, у рэпертуары неабходны былі складаныя па драматургіі песні-балады, нумары з мюзіклаў, дзе можна прадэманстраваць увесь свой багаты спеўны арсенал і артыстычныя здольнасці. Потым быў час, калі пераможцамі нечакана аказваліся спевакі “з іншых сфер”: то з опернымі галасамі ды старадаўнімі рамансамі, то, наадварот, з шансонам ды прынцыпам “быць бліжэй да народа”, а значыць, спяваць “чым прасцей, тым лепей”. Сёлетнія вынікі ўвогуле могуць пакінуць тых, хто абірае і рыхтуе канкурсантаў, у стане непаразумення. Бо з аднолькавай колькасцю балаў аказаліся яркая індывідуальнасць і звычайная традыцыйнасць, нават без аніякіх джазавых украпванняў, з няроўнасцю голасу ў розных рэгістрах. І перамагла тыповая акадэмічная манера, у якой раней выконвалася савецкая патрыётыка. Дык на што арыентавацца далей?

Далёка не самы высокі конкурсны ўзровень, што назіраўся гэтым разам, — наступства мінулых гадоў, калі складзеная раней арыентоўка была збітая. Што ні кажыце, а творчыя конкурсы, як ніякія іншыя падзеі, вымушаюць узгадваць “эфект матылька”, калі любая дробязь (той жа адзін бал, які на фоне 150 так і хочацца спісаць на “пагрэшнасць выпадковасці”) можа прывесці да глабальных зменаў.

Жарсці па Шаранкову

/i/content/pi/cult/648/14382/4.jpg

На маё пытанне пра Ягора Шаранкова на прэс-канферэнцыі з Ярданкай Хрыставай старшыня журы пачала рассыпацца ў кампліментах: “Ягор стаўся сапраўдным адкрыццём фестывалю. Адзін з самых маладых удзельнікаў — 19 гадоў — ён ужо цяпер цалкам склаўся як артыст. У яго вельмі прыгожы, багаты абертонамі голас, ёсць “сваё аблічча”. Для мяне гэта — Гран-пры. Я жадаю яму заставацца самім сабой. І таго куражу, які дапаможа рухацца далей”.

Тут у размову рэзка ўмяшаўся маскоўскі музычны крытык і журналіст Сяргей Саседаў, добра вядомы па судзействе ва ўкраінскім тэлешоу “Х-Фактар”. Прычапіўся да знешняга віду Шаранкова: маўляў, хударлявыя ножкі — шырачэзныя кароткія штаны. І вынес прысуд: “Нельга браць такія вядомыя песні, як “… Сhampions” Фрэдзі Меркуры: “не по Сеньке шапка”. Ён яшчэ малады артыст — трэба ведаць сваё месца”.

Сама па сабе дыскусія — сведчанне таго, што наш канкурсант папраўдзе “зачапіў”, не застаўся незаўважаным: калі ёсць з-за чаго спрачацца — ужо перамога! Горш, калі пра выступленне сказаць няма чаго ды хочацца засмучана змаўчаць (а так, прызнацца, здаралася з прадстаўнікамі нашай краіны на некаторых ранейшых конкурсах). Таму выкажу свае ўласныя ўражанні.

Прывід магчымага Гран-пры ў Ягора Шаранкова стаў відавочным яшчэ ў паўфінале: адметны тэмбр, велічэзны дыяпазон голасу, магутная ўнутраная энергетыка і тое адчуванне імправізацыйнасці, калі складаецца ўражанне, быццам усё гэта сачыняецца “тут і цяпер”. Народная песня беларуска-ўкраінскага памежжа “Ой, дубе мой, дубе” ўпершыню з’явілася на эстрадзе ў 1976-м, апрацаваная Валерыем Дайнэкам і праспяваная ім у складзе ВІА “Червона рута”, дзе ён тады працаваў.

У 1984-м яна трапіла ў рэпертуар “Песняроў” — таксама а сарреlla, у вакальным шматгалоссі без інструментальнага суправаджэння, з пранікнёным сола таго ж Валерыя Дайнэкі. На больш як 30 гадоў аказалася забытай, а цяпер атрымала цудоўную аранжыроўку Андрэя Кацікава і Уладзіслава Пашкевіча — прынцыпова новую, але без залішніх “наварочанасцяў”. Калі колішнія варыянты былі больш блізкімі да фальклору з яго варыятыўнасцю (дарэчы, іх маглі б сёння з поспехам спяваць харавыя калектывы), дык цяперашні — да эстрады. У ім падкрэсліваўся кантраст інструменталу і вакалу — наваколля і героя, што адразу выводзіла голас на першы план. Узніклі нанова адбудаваная драматургія з магутнай драматычнай кульмінацыяй, штрыхавое багацце вакальнай партыі, шыкоўныя джазавыя фіярытуры ў момант эмацыйнага выбуху і пасля. У Ягора Шаранкова паўстаў не толькі сумны вобраз кінутай каханай (створаны дызайнерамі строй няўлоўна адсылаў да тонкай душы П’еро, “апранутай” у клаўнаду), а ўсё бяздонне, увесь космас чалавечай душы. Атрымаўся мініспектакль — з дзявочымі праклёнамі і чорнай магіяй, заклікам да тагасветных сіл.

У першы конкурсны дзень Ягор не паўтарыў песню паўфіналу, як зрабіў той жа ўкраінец Улад Сытнік, а выканаў чарговую прэм’еру — яшчэ больш філасофскую баладу “Крыжы” Ігара Мельнікава на верш Янкі Купалы, дзе за тры хвіліны перад намі прайшло ўсё чалавечае жыццё. Дый згаданыя “…Чэмпіёны”, праспяваныя з добрым пранонсам у другі конкурсны дзень, дзе патрабаваўся сусветны хіт, набылі незабыўную пячатку шаранкоўскай самабытнасці, аўтарскага “я”. Прычым — без аніякага самалюбавання ці агрэсіі, уласцівых некаторым салістам у любых песнях, незалежна ад зместу.

Калі на іншых конкурсах, здаралася, узнагароды былі гатовы ўцячы з Беларусі, дык журы сваімі ацэнкамі стрымлівала той парыў. Калі ж, нарэшце, узнікла рэальная падстава для вышэйшай прыступкі п’едэсталу, перамагло сяброўства.

Голас, сэнс, рэпертуар

Конкурс дае зрэз найбольш актуальнай праблематыкі ў развіцці музычнага выканальніцтва. Дык што высвеціла цяперашняе спаборніцтва?

Пытанне першае — голас. На жаль, у канцэртнай практыцы ўсё часцей даводзіцца сустракаць спевакоў добра вывучаных, падрыхтаваных, але… з абсалютна “ніякаватымі” галасамі. Ці, яшчэ горш, з непрыемнымі тэмбрамі: рэзкімі, з адчуваннем залішняга “металу”, пясчанага “рыпення”, напружанага “шоргату”. На тым жа конкурсе ад высокіх нот часам кідала ў дрыжыкі, ад нізкіх — пачынала сціскацца горла. Нярэдка праслізгваў лёгкі фальш, часта — з-за нізкай пазіцыі спеваў.

Голас насамрэч куды больш важны, чым знешнасць спевака. Бо адсутнасць правільных рысаў твару і параметраў 90 — 60 — 90 можна з поспехам замяніць абаяльнасцю. Ці вынайсці такое рэжысёрскае рашэнне, якое апраўдае любую фігуру і “фактуру”. Гук, як і пах, не схаваеш: яны ўздзейнічаюць на фізіялагічным узроўні. Асабліва гэта тычыцца чалавечага голасу: слухаючы спевы ці размову, мы міжволі напружваем галасавыя звязкі, быццам паўтараючы пачутае. А калі ў суразмоўцы штосьці “не так”, дык і захварэць нядоўга! Звярніце ўвагу: апошнім часам змянілася разу-
менне музычнай віртуознасці. Колішняе яе тлумачэнне як “хутка і гучна” — паступова сыходзіць. Асабліва пры цяперашнім развіцці камп’ютарных тэхналогій, педагагічных методык. Затое ўсё больш пачынае цаніцца якасць гучання: адметны тэмбр, прыгажосць гуку.

Пытанне другое — эмацыйны пасыл, данясенне зместу песень і таямніц душы. Надта ж многа было ў спевах агрэсіі, ваяўнічасці — і найперш у дзяўчат. Можа, канкурсанты такім чынам хавалі сваё хваляванне? Але калі слухачу хочацца сціснуцца ды схавацца пад крэсла, дык ці ж гэта добра?

Пытанне трэцяе — рэпертуар. Самым правальным у гэтым сэнсе аказаўся менавіта паўфінал, дзе трэба было прадставіць песню краіны ўдзельніка на роднай мове. Нават віцебскае тэлебачанне ў рэпартажы адзначыла, што канцэрт атрымаўся сумнаватым: маўляў, з-за таго, што на 19 павольных песень прыпадалі толькі дзве рухавыя. На мой погляд, прычына не ў тэмпе. Проста большасць песень, як і галасоў, былі таксама “ніякаватымі”. Яны і стваралі адчуванне, быццам цягнецца адная і тая ж бясконцая “пэсня”. Драматургія, мелодыка, гармонія, аранжыроўка — усё тыповае, быццам няма не толькі мастацкай індывідуальнасці, але і нацыянальных асаблівасцяў.

Развіццё песеннага жанру перажывае пераходны этап — ад панавання працяглай мелодыі, прыдатнай для дэманстрацыі спеўных здольнасцей, да сціслых папевак-заклічак, прыдатных для хуткага запамінання публікай. Але гэта зусім не значыць, што конкурсныя песні апрыёры вырачаны на “несучаснасць” і “аднадзённасць”. Як адну і тую ж ідэю можна выкласці ў дысертацыі і папулярным выданні, толькі па-рознаму, так і добрая песня можа быць данесена рознымі спосабамі.

На такім фоне вылучаліся выступленні канкурсантаў з Лацінскай Амерыкі. Данатэла Пелая Радрыгес з Мексікі запомнілася яркімі нацыянальнымі строямі, артыстычнасцю, уласцівай для аперэты танцавальнасцю. Асаэль Куэста з Калумбіі — лірычным контр-тэнарам. Чаму не прайшоў у фінал уладальнік падобнага рэдкага тэмбру Даніэль Швец з Малдовы, засталося незразумелым.

Конкурсу такога рангу ўсё ж неабходна абмеркаванне вынікаў. Можна зразумець арганізатараў, якія, каб пазбегнуць залішне эмацыйных дыскусій мінулых гадоў, апошнім часам адмаўляюцца ад выніковай публічнай сустрэчы з усімі членамі журы. Сёлета журналістам яшчэ і ўваход у закуліссе амфітэатра забаранялі. Але ў мастацтве куды больш важная не колькасць балаў, выстаўляць якую надзвычай складана (невыпадкова на некаторых замежных конкурсах практыкуецца больш гнуткая 100-бальная шкала), а сама ацэнка, выказаная мэтрамі на адрас творчай моладзі. Бо шчырыя заўвагі выхоўваюць і журналістаў і публіку, прывіваюць ім добры густ і прафесійны погляд.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"