Настаўнік жыцця і заўсёдны Дзед Мароз

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Студыя Барыса Бяляева: гісторыя падзвіжніцтва
Многія яго вучні значна пераўзышлі настаўніка паводле сваёй вядомасці. Сярод іх — легенда рыжскага нефармальнага мастацтва Сямён Шэгельман, знаны ізраільскі творца Іосіф Капелян, мэтры беларускай графікі Георгій Паплаўскі, Людвіг Асецкі і Леанід Марчанка. І гэта далёка не поўны спіс тых, хто ў значнай меры абавязаны сваім асобасным і творчым станаўленнем сціпламу настаўніку мастацкай студыі пры Доме піянераў — дарэчы, доўгі час адзінай ва ўсім Бабруйску. За чвэрць стагоддзя выхаванцамі Барыса Бяляева пабывалі тысячы дзяцей, і ў гэтай студыі яны вучыліся не толькі маляваць, але найперш разумець і любіць мастацтва ды прыўносіць творчы пачатак ва ўсё, што ім даводзілася рабіць у жыцці.

/i/content/pi/cult/647/14380/4.jpgБабруйскае брацтва

Барыс Бяляеў нарадзіўся ў Бранску ў 1910 годзе. Па заканчэнні школы паступіў у Ленінградскую акадэмію мастацтваў, але з-за цяжкай формы віруснага гепатыту адукацыю завяршыць не здолеў. Лёс быў да яго міласцівы: медсястра Лідзія змагла выхадзіць юнака. Потым яна стане ягонай жонкай і анёлам-ахоўнікам.

У 1945 годзе сям’я апынулася ў Бабруйску, які яшчэ толькі адыходзіў ад ваенных ліхалеццяў. Барыс Фёдаравіч стаў кіраўніком студыі пры Доме піянераў — і ўжо вельмі хутка здолеў дасягнуць павагі сярод вучняў. Часіны тады былі складаныя, і крымінагенная абстаноўка ў Бабруйску пакідала жадаць шматкроць лепшага.

— Ён не толькі даваў урокі жывапісу, але і выхоўваў нас, — узгадвае мастак Іосіф Капелян. — Упэўнены, што каб не гэтыя заняткі, хуліганаў у горадзе было б значна болей.

Мяркуючы па старых фота, на занятках у студыі заўсёды было поўна дзятвы, часам для ўсіх нават не хапала месцаў. Прыкладна дзве траціны навучэнцаў — хлопчыкі. Многія дабіраліся з самых аддаленых раёнаў горада, часцяком пехатою, і таму прыйсці ў студыю і біць там лынды было не прынята. Большасць студыйцаў працавалі натхнёна, і на занятках панавала асаблівая рабочая атмасфера.

У сваіх аповедах пра настаўніка яго выхаванцы найперш згадваюць менавіта яе. Напэўна, акурат гэтым тлумачыцца фенаменальная папулярнасць педагога. Барыс Фёдаравіч умеў знаходзіць з дзецьмі агульную мову. Са студыйцамі заўсёды быў добразычлівым і мяккім, ніколі не дазваляў сабе павышаць на іх голас. Але гэта зусім не перашкаджала яму падтрымліваць парадак і рабочы настрой на занятках. З настаўнікам лёгка можна было пагаварыць пра нешта асабістае, з ім хацелася абмеркаваць свае хлапчуковыя праблемы, яму безумоўна давяралі.

Паводле ўспамінаў мастака Аляксандра Салдаценкі, які наведваў студыю цягам дзевяці гадоў, Бяляеў цікавіўся поспехамі дзяцей у школе, і ўсе рэгулярна паказвалі яму свае дзённікі. З тымі, у каго адзнакі пакідалі жадаць лепшага, праводзіліся выхаваўчыя гутаркі.

У студыі былі выпрацаваны шматлікія цудоўныя традыцыі, якія падтрымлівалі асаблівыя адносіны паміж вучнямі. Напрыклад, той, хто прыходзіў на занятак першым, рыхтаваў рабочыя месцы для ўсіх: расстаўляў мальберты, даставаў незавершаныя малюнкі… А ўзімку студыйцы пакідалі самыя цёплыя месцы ў класе для тых сваіх таварышаў, якія дабіраліся здалёк і, адпаведна, мерзлі болей за іншых. Клапаціцца адзін пра аднаго стала звычкай на ўсё жыццё.

— Калі я паступіла ў мастацкую вучэльню ў Мінску, да мяне адразу падышлі землякі з другога і трэцяга курсаў ды прапанавалі сваю дапамогу, — распавядае мастачка і педагог Таццяна Карчажкіна. — І гэтая падтрымка добра далася ў знакі. А калі і мы сталі старэйшымі, дык самі ўсяляк дапамагалі першакурснікам з “Бабруйскай школы”. Некаторыя студыйцы паступілі ў Пензенскую вучэльню, і там таксама ўтварылася сваё “Бабруйскае брацтва”.

Педагогіка паводле Бяляева

У студыю Бяляева прымалі ўсіх — незалежна ад таго, як дзеці малявалі і ці бралі яны ўдзел у конкурсах. Ён ніколі нікога не пераконваў стаць мастаком, не ставіў за мэту для сябе і сваіх выхаванцаў дасягненне поспехаў. Але любоў да малявання прышчапляў абавязкова, вучыў настойлівасці, цярплівасці, заклікаў шчыраваць над кожным малюнкам. Маўляў, не кожнаму наканавана зрабіцца мастаком, але… “жыццё чалавека, які малюе, куды цікавейшае, чым у звычайных людзей”.

Сярод успамінаў пра Бяляева няма сведчанняў таго, што ён сам працаваў як жывапісец альбо графік: сцены ў ягоным доме ўпрыгожвалі толькі дзіцячыя малюнкі. Затое развіццё творчых адносінаў да кожнай справы — адна з асаблівасцяў яго педагагічнага метада. Ён прывучаў распрацоўваць і ўвасабляць свежыя ідэі ва ўсіх праявах жыцця: абсталяванні свайго пакоя, выбару фасону сукенкі альбо каптурка, урэшце, апрацоўванні градак… Барыс Фёдаравіч быў перакананы, што кожнае рашэнне можа быць цікавым, арыгінальным ды прыносіць задавальненне.

— Гэта ўнікальны чалавек, — узгадвае Таццяна Карчажкіна. — Апрача малявання, ён захапляўся тэатрам, граў у аматарскіх спектаклях. Пры Доме піянераў існаваў драматычны гурток, для якога Бяляеў пісаў сцэнарыі, маляваў дэкарацыі, удзельнічаў у пастаноўках. Свае спектаклі гурткоўцы паказвалі ў розных школах. У яго можна было павучыцца, як сябе трымаць на сцэне. Акрамя ўсяго, гэта быў і заўсёдны Дзед Мароз у Доме піянераў!

Запомніліся студыйцам і вандроўкі на Пціч, сплывы на лодках па рацэ, выправы на месцы баёў “бабруйскага катла”, якія ладзіў іх настаўнік. Зразумела ж, яны заўсёды бралі з сабою ўсё неабходнае для работы на пленэры…

Парадак у пашарпаных шафах

/i/content/pi/cult/647/14380/5.jpgПраграма прадугледжвала тры гады навучання ў студыі, аднак пры жаданні можна было заставацца і на даўжэйшы тэрмін. Вялікая ўвага надавалася кампазіцыі і жывапісу. На занятках па малюнку былі пабудова, перспектыва, кампаноўка на аркушы паперы, штрыхоўка аб’ёмных прадметаў. У студыі перш за ўсё малявалі нацюрморты. Аднак здаралася і маляванне чалавечай фігуры з натуры: напрыклад, дзяўчынкі ў трыко з танцавальнага гуртка.

— У Бяляева было шмат кніг па мастацтве, — адзначаў народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі. — Прычым кніг унікальных для таго часу, а для Бабруйска і пагатоў. Ён іх урэшце раздарыў любімым вучням. Была ў яго і калекцыя малюнкаў Шышкіна, якія Барыс Фёдаравіч прыносіў на заняткі.

Бяляевы жылі сціпла, і набыццё выданняў па мастацтве не было іх прыхамасцю — кнігі дапамагалі ў рабоце. Як чалавек захоплены, Барыс Фёдаравіч несупынна працягваў сваю адукацыю ў плане малюнка, жывапісу, кампазіцыі. Неад’емнай часткай яго заняткаў сталі гутаркі пра мастацтва, абмеркаванне асаблівасцей тых або іншых канкрэтных карцін.

— У тыя гады, калі я там вучыўся, мы мелі ўсяго два двухгадзінныя заняткі на тыдзень, — згадвае Іосіф Капелян. — Гэтага было замала, і таму асноўная работа праходзіла дома, штодзённа, а ў студыі мы дапрацоўвалі свае малюнкі.

Мэбля і ўсё абсталяванне ў студыі былі старымі, у пашарпаных шафах за шклом выстаўляліся работы выпускнікоў — хлопцы маглі бачыць, да чаго належыць імкнуцца. Для лепшых работ саміх вучняў прызначаліся сцены. І паўсюль — каробкі і тэчкі з творамі. Але пры гэтым не было адчування захламленасці: усё знаходзілася на сваіх месцах, ва ўсім захоўваўся строгі парадак.

— Справа ад уваходу на сцяне вісеў вялікі аркуш кардону, а на ім пазначана, хто з выпускнікоў студыі куды паступіў, — успамінае Таццяна Карчажкіна. — Было неверагодна прыемна бачыць насупраць свайго прозвішча надпіс: Мінская мастацкая вучэльня.

Зразумела ж, студыйцы марылі таксама праз нейкі час апынуцца ў тых спісах. І шансы ў іх былі. Мяркуючы па ацалелых да сённяшняга часу навучальных работах, Бяляеў даваў сваім вучням сур’ёзны ўзровень падрыхтоўкі, выкарыстоўваючы ў педагагічнай дзейнасці разнастайныя прафесійныя прыёмы. Зрэшты, пра якасць навучання сведчыць хаця б такі факт: у 1952 годзе Сямён Шэгельман здолеў паступіць у прэстыжную Акадэмію мастацтваў у Рызе, не маючы пры гэтым сярэдняй мастацкай адукацыі!

* * *

Студыйцы ведалі пра надзвычайна цёплыя адносіны паміж Барысам Фёдаравічам і жонкай Лідзіяй Аляксандраўнай, якія яны захоўвалі цягам усяго жыцця. Сваіх дзяцей у іх не было, але гэта ніяк не адбілася на іх узаемных пачуццях. Яна клапацілася пра яго, ратуючы ад прыступаў цяжкай хваробы, якая пастаянна нагадвала пра сябе. Ён шчыра лічыў яе сваім анёлам-ахоўнікам, бязмерна кахаў і быў удзячны за ўсё. Аб іх адданасці і любові вучні Бяляева кажуць як пра нешта дзівоснае.

Свой апошні год жыцця Бяляеў асабліва цяжка хварэў, надоўга трапляў у бальніцы і працаваць ужо не мог. Студыйцы не пакідалі яго, штодня наведвалі, чым маглі падтрымлівалі. Паводле ўспамінаў мастака Сяргея Хіжняка, Бяляеў памятаў кожнага са сваіх вучняў, цікавіўся ўсім, што адбывалася ў іх жыцці, заўсёды быў гатовы даць параду. Нават у самыя цяжкія часіны ён выпраменьваў аптымізм і жыццялюбства.

Вось ужо 47 гадоў, як гэтага педагога з намі няма, але ягоны ўплыў на мастацкае жыццё Бабруйска дасюль вельмі адчувальны: эстафету падхапілі вучні, якія па атрыманні адукацыі і самі сталі настаўнікамі. Пасля смерці Барыса Фёдаравіча яго выхаванцы падтрымлівалі — у тым ліку, і матэрыяльна — яго ўдаву. Імя Бяляева працягвала іх аб’ядноўваць.

— Гэта было папраўдзе райскае месца! — Таццяна Карчажкіна з настальгіяй згадвае студыю ў Доме піянераў. — Барыс Фёдаравіч аддаваў дзецям сваё цяпло, а мы адказвалі яму ўзаемнасцю.

У маладосці Барыс Бяляеў пабываў на мяжы жыцця і смерці — і, магчыма, менавіта гэта навучыла яго цаніць кожны пражыты дзень ды пабуджала без супыну чыніць дабро. Ён быў шчаслівым чалавекам, і сваім шчасцем шчодра дзяліўся з усімі. А дзеці, з уласцівай ім чуласцю і шчырасцю, заўсёды адчувалі гэта лепей за дарослых ды цягнуліся да яго бы краскі да сонца, насычаючыся ягонай дабрынёю і прагай жыцця. Магчыма, менавіта ў гэтым — галоўная загадка феномена Барыса Фёдаравіча Бяляева.

Генадзь БЛАГУЦІН, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея