Князі выбіралі лепшае

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

У мінулым годзе падчас археалагічных работ, якія праводзіліся на месцы палаца князёў Святаполк-Мірскіх у Міры, знайшлі некалькі кавалкаў фаянсавай талеркі. Для навукоўцаў гэтага было дастаткова, каб з упэўненасцю сказаць, што апошнія гаспадары замка карысталіся посудам англійскай мануфактуры, набытым у Адэсе. Уся гэтая інфармацыя тоілася ў падглазурным штампе і надпісе на донцы.

/i/content/pi/cult/647/14379/3.jpgШтамп змяшчае назву вытворцы — гэта T.C. Brown-Westhead, Moore &Co, якая вырабляла высакаякасны парцалянавы і фаянсавы посуд з 1862 па 1904 гады. Прысутнічаюць і выявы: ільва з аднарогам, што трымаюць шчыт. Гэта знак каралеўскай гарантыі, які маглі ставіць толькі тыя, хто на працягу як мінімум пяці гадоў пастаўляў вырабы да каралеўскага двара Вялікабрытаніі. Такі знак кампанія пачала дадаваць да свайго таўра з 1890 года. Надпіс кобальтам пад ім сведчыць, што фаянсавую талерку вырабілі па заказе гандлёвага дома B. Kayander&Co ў Адэсе.

Цікава, што ў зборы музея “Замкавы комплекс “Мір” ужо ёсць восем талерак, вырабленых гэтай кампаніяй. Але прадаваліся яны ў 2-й палове XIX стагоддзя ў знакамітай краме Эміля Буржуа ў Парыжы. Аб гэтым сведчыць штамп сіняга колеру на донцы вырабаў.

Вядомая на ўсю Францыю крама Эміля Буржуа на вуліцы Друо, 21 у Парыжы (Le Grand Depot Emile Bourgeois au 21 rue Drouot), а яго філіял — у Марсэлі (33, rue Saint-Fereol), была адчынена ў 1862 годзе і гандлявала выключна элітнай парцалянай і фаянсам, выбіраючы лепшыя вырабы ад лепшых вытворцаў. Менавіта тут з’явіўся першы каталог, па якім можна было замовіць сталовыя сервізы ці іншую рэч, унікальную ў сваім родзе. Хутчэй за ўсё, згаданыя талеркі з’яўляліся часткай сервіза знатнага роду. На такую думку наводзіць размешчаная на люстэрку выраба манаграма LAM, увянчаная княжацкай каронай.

Сёлета на тэрыторыі музея “Замкавы комплекс “Мір” з 15 ліпеня па 5 жніўня будзе праводзіцца міжнародны валанцёрскі археалагічны лагер. Хто ведае, колькі яшчэ выявіцца цікавых знаходак?

ВОЛЬГА КАЛАСОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”