Летапісец міжволі

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Беларускія фота кайзераўскага афіцэра
На стогадовай даўніны здымках — местачковыя ландшафты, пазнавальныя помнікі архітэктуры, побытавыя замалёўкі, твары дзятвы… Фота эмацыйна нейтральныя, аўтар яўна імкнуўся фіксаваць, а не ствараць рэчаіснасць. Але відавочна, што па той бок камеры было цікаўнае і назіральнае вока, якое ўмее бачыць хараство. І хіба асобныя дэталі нагадваюць пра той час, калі з’явіліся гэтыя кадры — у самы разгар першай жахлівай вайны ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/647/14378/1.jpgНямецкі фатограф (і прадстаўнік акупацыйных войскаў) Фрыц Краўскопф зрабіў каля 400 “беларускіх” здымкаў, тры сотні з якіх — у мястэчку Лынтупы ды яго ваколіцах: Кабыльніку, Шэметаве, Камаях...

Менавіта апошняя акалічнасць праз сто гадоў прыцягнула да пажаўцелых фота ўвагу вядомага архітэктара-рэстаўратара Вадзіма Глінніка ды яго жонкі, гісторыка мастацтва Ядвігі Лукашык.

— Я выконваў навукова-даследчыя работы для аднаўлення палацава-паркавага комплексу ў Лынтупах і, вядома, вывучаў усе іканаграфічныя крыніцы, — распавядае спадар Вадзім. — Аднаго разу перагарнуў стары здымак з выявай палаца Бішэўскіх і звярнуў увагу на прозвішча, змешчанае на зваротным баку. Яно сустракалася і на многіх іншых фота, але… тады нам пра Фрыца Краўскопфа амаль нічога не было вядома. Мы зацікавіліся гэтай постаццю і сталі па каліўцы збіраць пра яе інфармацыю.

Цягам года ўдалося выкупіць на розных аўкцыёнах каля сотні работ Краўскопфа, ды зрабіць на іх аснове выставу. А таксама і збольшага аднавіць жыццяпіс самога аўтара.

Ён нарадзіўся ў 1882 годзе, амаль усё жыццё пражыў у Кёнігсбергу. Ужо ў маладым веку стаў прафесійным фатографам ды меў сваю майстэрню з філіялам у курортным Кранцы. Што называецца, паспеў набіць руку. Але пачалася вайна, і яго мабілізавалі.

Франц Краўскопф патрапіў у мястэчка Лынтупы разам з кайзераўскім войскам, афіцэрам якога ён чатыры гады з’яўляўся. Яго непасрэдная пасада дасюль невядомая, але, мяркуючы па ўсім, непасрэдна трымаць зброю ў руках яму не даводзілася. І таму фатограф успрыняў вайну зусім не так, як Рэмарк або Гарэцкі: не як сукупнасць жахаў, а як свайго кшталту “творчую камандзіроўку”. А заадно, магчыма, і як невялічкі бізнес, бо здымкі добра куплялі нямецкія вайскоўцы, каб адправіць іх у якасці паштовак сваякам у “фатэрлянд”.

У 1915 годзе Лынтупы апынуліся ў бліжнім тыле нямецкай арміі. Баявыя дзеянні мястэчка ды яго ваколіцы не закранулі, і жыццё там ішло сваім ходам. Прыкладам, на адным з фота Краўскопфа — ажыўленая і даволі прыязная размова местачковых яўрэяў з нямецкімі афіцэрамі. На іншым — рускія ваеннапалонныя, якія, мяркуючы па іх выразах твараў, не надта засмучаныя сваім лёсам. Без сумневу, цягам наступнай сусветнай вайны такія здымкі ніяк не маглі з’явіцца.

/i/content/pi/cult/647/14378/2.jpg

— Краўскопф быў адкрытым свету чалавекам, — кажа Вадзім Гліннік. — І, патрапіўшы ў іншую цывілізацыю, ён са шчырай цікаўнасцю фіксаваў убачанае, падпісваў ды нумараваў кожнае фота.

Нямецкае камандаванне не толькі не перашкаджала, але, пэўна, нават спрыяла гэткаму хобі, і афіцэру дазвалялася вольна перамяшчацца ўздоўж лініі фронту. А ўжо бліжэй да канца вайны, у 1918 годзе, ён патрапіў у Полацк, дзе зрабіў цэлы шэраг пана-
рамных здымкаў.

— Для рэстаўратара і гісторыка архітэктуры гэтыя фота з’яўляюцца надзвычай каштоўнымі дакументамі, бо ў наступную вайну горад быў моцна зруйнаваны, — кажа Вадзім Гліннік. — Ды і іншыя выявы нашых паселішчаў такімі, якімі яны былі сто гадоў таму, — гэта вельмі важная крыніца інфармацыі.

Па сканчэнні вайны справы Краўскопфа пайшлі ўгару: ён стаў самым камерцыйна паспяховым фатографам Усходняй Прусіі. Здымкі за яго подпісам друкаваліся тысячамі, а асабістаму парку “Мерседэсаў” зайздросціла ўсё балтыйскае ўзбярэжжа. Але… на душы, мусіць, было неспакойна — асабліва пасля прыходу да ўлады Гітлера.

— Пра яго палітычную пазіцыю мы нічога не ведаем, аднак як фатограф ён у 1930-я вельмі моцна змяніўся, — кажа Вадзім Гліннік. — Характэрная дэталь: людзі на ягоных здымках адгэтуль амаль не з’яўляліся. Толькі безжыццёвыя дзюны, мядзведзі, ласі… І ніякіх партрэтаў, скажам, афіцэраў вермахта, якія напаўнялі ў той час вуліцы гарадоў.

Свае апошнія фота Краўскопф рабіў увесну 1945-га падчас аблогі Кёнігсберга — ён наадрэз адмовіўся пакідаць родны горад. Ужо ў каторы раз яму міжволі давялося стаць сведкам гістарычнай падзеі, і ён не знайшоў нічога лепшага, як старанна дакументаваць убачанае — ажно пакуль не загінуў падчас аднаго з артабстрэлаў.

Мяркуецца, што “беларускія” творы Краўскопфа будуць стала экспанавацца ў Лынтупскім культурным цэнтры “Культыватар”, стварэннем якога актыўна займаюцца Вадзім Гліннік і Ядвіга Лукашык. Балазе, на адным з іх акурат відаць тую старасвецкую камянічку, дзе размесціцца гэты ўнікальны для Беларусі праект.