“Местачковы” брэнд

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Краіна мястэчкаў Анатоля Каплана”. Чым яна цікавая? Каб адказаць на пытанне, трэба згадаць, што нашы мястэчкі ў мінулым мелі непаўторны прывабны каларыт. Тут мірна суіснавалі саслоўі, нацыянальнасці і канфесіі, развіваліся рамёствы і гандаль, самыя розныя мовы і культуры. Тут быў адметны і вякамі ўсталяваны побыт. Сёе-тое засталося і па сёння. Словам, мястэчка — гэта мікрамадэль Беларусі, наш гістарычны брэнд.

/i/content/pi/cult/647/14373/2.jpgЭкспазіцыя стваралася пры падтрымцы Рагачоўскага музея Народнай Славы. Аснову яе складаюць творы Анатоля Каплана. Бліскучы майстра літаграфіі, аўтар знакамітых ілюстрацый да кніг Шолам-Алейхема, Антона Чэхава, Мікалая Гогаля нарадзіўся 10 студзеня 1903 года ў Рагачове. Усё яго жыццё прайшло ў Пецярбургу, але ўспаміны дзяцінства не маглі не паўплываць на творчасць. Сярод мастацкіх работ, прадстаўленых у экспазіцыі — цыкл афортаў, прысвечаных роднаму Рагачову.

Тэму беларускага мястэчка пачатку ХХ стагоддзя, да якой звяртаўся Анатоль Каплан, у беларускай літаратуры раскрывалі многія пісьменнікі. У тым ліку, Змітрок Бядуля і Кузьма Чорны. Гэта таксама адлюстравана ў экспазіцыі.

“Краіна мястэчкаў Анатоля Каплана” дае магчымасць зазірнуць у свет пяшчоты і замілавання, цеплыні і супакаення. Свет мястэчка знік, але варта пабачыць работы Анатоля Каплана, разгарнуць кнігі Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага і іншых пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя, як адразу адчуеш, што гэты свет дыхае, плача і смяецца, мітусіцца ў тлуме кірмашоў і марыць аб шчасці для ўсіх.

Лідзія ШАГОЙКА, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры