Перспектывы музея “на выселках”

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

Ці можа з’явіцца ва Уруччы наш аналаг Паклоннай гары?
15 ліпеня — чарговая гадавіна Грунвальдскай перамогі, якая спыніла тэўтонскі націск на славянскі ўсход і стала адной з перадумоў Залатога веку беларускай (ліцвінскай) дзяржаўнасці. Гэта добрая нагода паразважаць пра ролю ваенна-палітычнага чынніка ў нашай гісторыі, пра тое, як жыццё на еўрапейскім скразняку, на скрыжаванні ваенных дарог паўплывала на фарміраванне беларускага соцыуму і беларускай ментальнасці.

/i/content/pi/cult/647/14365/4.jpgДабрацца пакуль складана

Хоць і лічыцца, што вайна супярэчыць самой натуры, сутнасці чалавека (так, у прыватнасці, сцвярджаў, зыходзячы з свайго вайсковага досведу, Леў Мікалаевіч Талстой), але, што ні кажы, гісторыя цывілізацыі — гэта найперш гісторыя войнаў, збройнага супрацьстаяння; гісторыя агрэсіі і супраціву. Нездарма ва ўсіх народаў (нават у тых, хто спавядае міралюбства, бо не мае патрэбных для экспансіі рэсурсаў) салдат — паважаны чалавек, і ў цэнтры кожнай сталіцы абавязкова знойдзецца месца для мемарыяла ў гонар ваенных перамог, сапраўдных ці міфічных.

Збройны чыннік у нашай барацьбе за месца пад сонцам часта быў вырашальным — Няміга, Грунвальд, Орша, Першая і Другая сусветныя войны. У Беларусі шмат музеяў ваеннай тэматыкі, дзе сабраны каштоўныя дакументы і ўнікальныя артэфакты. Аднак дазволю сабе меркаванне, што іх экспазіцыі не даюць адказу на пытанне, якое абавязкова мусіць задаць дапытлівы глядач: а ці ёсць уласна беларуская ваенная (а значыць, і палітычная) гісторыя, або Беларусь у розныя часы і пад рознымі гістарычнымі імёнамі выступала пераважна (ці нават выключна) як інтэграваная частка вялікіх геапалітычных утварэнняў?

У Мінску ёсць Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, які, на маю думку, мог бы запоўніць згаданую ідэалагічную лакуну і пераканаўча сцвердзіць суверэннасць беларускай гісторыі — пры наяўнасці канцэптуальна выверанай і правільна пабудаванай экспазіцыі. Але пакуль, нягледзячы на гучны тытул, рэальны статус музея — перыферыйны, а яго магчымасці ўплыву на грамадскую думку — вельмі сціплыя. Што тут казаць, калі далёка не кожны мінчанін нават ведае, як туды дабрацца!

Музей, размешчаны ў колішнім ваенным гарадку ў глыбі Уручча (вуліца Герояў 120 дывізіі), ствараўся ў 1978 годзе як ведамасная ўстанова Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. Сёння ён падпарадкаваны Міністэрству абароны суверэннай дзяржавы, але многае ў ягонай структуры і канцэптуальнай пабудове з таго часу засталося нязменным. Я б сказаў, што ён не столькі беларускі, колькі менавіта постсавецкі. Гэта не загана. Асабіста я з павагай стаўлюся да савецкай гісторыі. Але музей з такім гучным тытулам, усё ж, мусіць быць іншым.

/i/content/pi/cult/647/14365/5.jpg“Перазагрузка” ў новым статусе

Гэтае меркаванне падзяляе і дырэктар Музея ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Азаронак, з якім карэспандэнт “К” меў гутарку. Размова тычылася перспектывы развіцця згаданага музея, ператварэння яго з культурнай установы, вядомай хіба шчыльнаму колу спецыялістаў, у навуковы і асветніцкі цэнтр, які мог бы каардынаваць працу па патрыятычным выхаванні ў маштабе ўсёй краіны.

На думку спадара Азаронка, для паспяховага выканання гэтай функцыі трэба падвысіць статус музея з ведамаснага да нацыянальнага. Новы статус дазволіць па-новаму падысці і да фарміравання фондаў, і да пабудовы экспазіцыі, і да культурна-асветніцкай працы, якую могуць і мусяць ладзіць музейшчыкі.

Пэўныя падставы для заяўкі на новы статус ужо ёсць. І існуе музей дастаткова даўно, і пастаянную экспазіцыю мае, і прадстаўлены ў ёй прадметы катэгорый “0” і “1”. Першая ўключае каштоўнасці сусветнага значэння, другая — нацыянальнага. Нулявой катэгорыі адпавядае штурмавы сцяг 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі, які быў замацаваны на адной з калон Рэйхстага. Перамога над фашызмам — падзея сусветна-гістарычнага значэння, і гэтая акалічнасць дае падставы лічыць яе святыні каштоўнасцю найвышэйшай катэгорыі. Да катэгорыі “1” адносяцца ўнікальныя ўзоры самаробнай партызанскай зброі. Музей мае рэчы, якія належалі асобам ужо легендарным — маршалам Жукаву, Баграмяну, Васілеўскаму, Будзёнаму. А таксама — надзвычай рэдкія экспанаты, датычныя дзвюх сусветных войнаў…

А вось чаго музею дакладна не стае, дык гэта піяру. Але, па словах дырэктара, работа ў гэтым напрамку вядзецца. Будуць і навуковыя канферэнцыі на базе музея, і асветніцкія ды рэкламныя выданні. Балазе, у актыве ўжо ёсць паспяховы праект “Мы перамаглі!” Ён экспанаваўся ў Маскве на колішняй ВДНГ СССР (цяпер гэта Усерасійскі выставачны цэнтр), у павільёне нумар 19, што належыць нашай краіне і нядаўна адкрыўся пасля рэканструкцыі. Людзей была процьма, усё атрымалася вельмі кранальна, душэўна… Затым выстава вандравала па дамах інвалідаў, дзе нямала ветэранаў Вялікай Айчыннай, па абласных музеях. Была яна і ў леташняй культурнай сталіцы краіны Маладзечне.

/i/content/pi/cult/647/14365/6.jpgПачэсны пасад між… музеямі

Менавіта Грунвальдская бітва бачыцца дырэктару музея адным з цвікоў будучай экспазіцыі — разам, напрыклад, з грунтоўна распрацаваным інфармацыйным блокам, прысвечаным абароне Брэсцкай крэпасці. Пакуль што ў нас няма музеяў высокага ўзроўню, дзе б адлюстроўваліся абедзве гэтыя падзеі. Хаця няма сумневу, што абедзве яны адыгралі важкае значэнне ў гісторыі нашага народа.

Сяргею Азаронку не падабаюцца развагі пра тое, што Музей ваеннай гісторыі ў пэўным сэнсе дубліруе іншыя музеі — у прыватнасці, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яно і зразумела, бо калі гэты тэзіс развіць далей, можа паўстаць пытанне пра мэтазгоднасць існавання ўстановы, якую ён узначальвае. Аднак спадар Азаронак даводзіць, што яна мае канцэптуальную адметнасць і ў сваім родзе ўнікальная. Прыкладам, Музей гісторыі ВАВ засяроджаны на адной, хоць і лёсавызначальнай для нашага народу, тэме.

Як заўважае Сяргей Азаронак, у яго экспазіцыі не адлюстраваны вайна ў Афганістане ды іншыя ваенныя канфлікты, удзел у якіх у складзе Савецкай Арміі бралі і нашы суайчыннікі. А ўспаміны і сведчанні ўдзельнікаў тых падзей — надзвычай каштоўны гістарычны матэрыял, які неабходна тэрмінова збіраць і аналізаваць. Пагатоў, ветэраны войнаў у Карэі і В’етнаме — людзі, мякка кажучы, ужо не маладыя. Адпаведна, трэба паспець… Да ўсяго, на думку дырэктара, у цэнтры ўвагі ваеннага музея павінна быць і нядаўняя гісторыя мірнага часу.

— Лічу неабходным адлюстраванне ў нашай экспазіцыі працэсу пабудовы арміі суверэннай Беларусі, — кажа Сяргей Азаронак. — Уявіце, 230 тысяч вайскоўцаў Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі і недзе 20 тысяч вайскоўцаў Супрацьпаветраннай абароны цэнтральнага падпарадкавання былі трансфармаваныя ў кампактныя і мабільныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. І гэта адбылося без стварэння сацыяльнага напружання, бо дзяржава паклапацілася, каб тыя афіцэры, што былі пераведзены ў запас, атрымалі патрэбныя краіне грамадзянскія спецыяльнасці і працаўладкаваліся. А таксама варта будзе распавесці пра подзвігі нашых вайскоўцаў у мірны час, пра вучэнні, міжнародныя кантакты, пра наш унёсак у падтрыманне міру і стабільнасці ў рэгіёне і за яго межамі. Наша армія ўжо адным фактам свайго існавання служыць гарантам спакою на межах Беларусі.

Зразумела, што і Нацыянальнаму гістарычнаму Музей ваеннай гісторыі таксама не канкурэнт, але памагаты. Бо займаецца грунтоўнай распрацоўкай тэм, якія ў экспазіцыі першага па аб’ектыўных прычынах могуць быць пазначаны толькі пункцірам.

Ваенны піяр і лекі ад страху

Сяргей Азаронак перакананы, што самай важнай мэтавай аўдыторыяй яго музея мусіць стаць моладзь. Прыйшоўшы туды на экскурсію, прадстаўнікі новага пакалення павінны адчуць гонар за сваіх продкаў, на свае вочы пабачыць дакументы або артэфакты, датычныя сваёй сям’і, адчуць непасрэднае дачыненне да вялікай гісторыі і лёсу радзімы.

— Перакананы, што наш музей можа зрабіць вялікі ўнёсак у патрыятычнае выхаванне моладзі, — кажа Сяргей Азаронак. — Каб у прызыўнікоў не было страху перад арміяй, трэба грунтоўна заняцца музейнай педагогікай і эфектыўным піярам Узброеных Сіл. Скажам, прыходзіць хлопец у музей, цікавіцца канкрэтнай танкавай брыгадай ці сіламі спецыяльных аперацый. Націскае на экран — і на табе інфармацыю пра службу ў канкрэтным падраздзяленні, вайсковы побыт, перспектывы ўладкавання ў жыцці пасля службы з улікам армейскага досведу і атрыманай у войску спецыяльнасці. Цікавішся, якая тэхніка на ўзбраенні — калі ласка! Якія бываюць парашуты — таксама глядзі. Эвалюцыя стралковай зброі ад АК-47 да сённяшніх узораў — усё на экране. Нават калі хочаш стрэліць з пісталета ці гарматы, дык і гэта можна зладзіць (зразумела, віртуальна) з дапамогай сучаснага інтэрактыўнага абсталявання.

/i/content/pi/cult/647/14365/7.jpgЦэнтр на ўскраіне

Зразумела, для ўвасаблення такіх планаў музею патрэбныя дадатковыя плошчы. Сёння ён займае толькі частку колішняга Дома афіцэраў ва Уруччы, пад адным дахам з тэлестудыяй і мноствам дробных арандатараў, якія прапаноўваюць бытавыя паслугі або нечым гандлююць. Агульнае ўражанне ў наведвальніка складаецца даволі несамавітае.

Без сумневу, і навакольную тэрыторыю з мемарыяльным комплексам вайсковай часткі, якая тут калісьці знаходзілася, трэба таксама давесці да ладу. У выніку, у не надта прэзентабельных сёння мінскіх ускраінах можа ўтварыцца адзіны гісторыка-культурны комплекс з моцным патэнцыялам развіцця.

На маю думку, калі гэта здзейсніцца, калі будуць капітальныя ўкладанні ў інфраструктуру музея і, галоўнае, будзе распрацавана канцэпцыя экспазіцыі, якая б адпавядала стрыжнявым чыннікам беларускай нацыянальнай ідэі, дык Музей ваеннай гісторыі мог бы стаць для Мінска свайго кшталту аналагам маскоўскай Паклоннай гары — зразумела, з улікам нашых рэалій і дзеля нашых нацыянальных мэтаў.

Мяркую, што планы ператварэння музея, які цяпер месціцца ў некалькіх не надта прыстасаваных для экспазіцыі пакоях зусім не музейнага будынка, мусяць быць увязаны з планамі комплекснага развіцця Уручча. Колішні ваенны гарадок з часам павінен стаць паўнавартасным гарадскім раёнам, а музей — ягоным культурным цэнтрам. Зрэшты, чаму б перыферыйнаму раёну не мець каштоўнасць нацыянальнага маштабу?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"