Адрадзіць малую радзіму

№ 28 (1311) 15.07.2017 - 21.07.2017 г

“Беларускі народ высока цэніць мір і дабрабыт на роднай зямлі…” — гэтыя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, што прагучалі падчас Купальскага свята ў Александрыі, сталі дакладным эпіграфам для маштабнага двухдзённага мерапрыемства і займелі далейшы лагічны працяг у выснове Кіраўніка дзяржавы: неабходна адраджаць малую радзіму, каб суладна працаваць, сустракаць добрых сяброў і радавацца жыццю.

/i/content/pi/cult/647/14361/4.jpgФестываль “Александрыя збірае сяброў” стаў, па словах намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Васіля Жарко, нацыянальным культурным сімвалам. Брэндавасць мерапрыемства пацвярджае і статыстыка. За два дні на дняпроўскім беразе пабывалі больш за 110 тысяч чалавек. На свяце працавалі больш за паўсотню аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання.

Цяпер — больш падрабязна пра падзеі свята 8 — 9 ліпеня. Другі фестываль у Александрыі можа стаць унёскам Беларусі ва ўмацаванне сяброўства паміж народамі, адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Александрыя стала месцам сяброўскіх сустрэч і пляцоўкай для эфектыўнай народнай дыпламатыі. Свята аб’яднала майстроў і аматараў народнага мастацтва з Беларусі, Украіны і Расіі.

Усіх уразіла цыркавое шоу. Не менш значным стаў і абласны сямейны сельскагаспадарчы конкурс “Уладар сяла”. Купальскае свята на беразе Дняпра было, як ніколі раней, шматструктурным і ёмістым. Да прыкладу, моладзь прэзентавала свае таленты на пляцоўцы “Беларусь — крыніца натхнення”. Пляцоўка “Друкарскі двор” распавядала пра даўнюю гісторыю і слаўныя традыцыі беларускага кнігадрукавання…

Папараць-кветка красуе не толькі ў наваколлі Александрыі. Важна захаваць гэтае хараство для нашчадкаў. Толькі тады і яны сустрэнуць купальскай ноччу сваё шчасце.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"