Таямніцы Міцкевіча “па мячы”

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Частка IV. Напачатку было слова. І слова было “дэфенестрацыя”.
У зявяршальнай частцы артыкула, які прысвечаны невядомай да гэтага часу галіне радаводу паэта Адама Міцкевіча, пойдзе гаворка пра продкаў ягонай бабулі з боку маці Тадоры Пянкальскай, якія паходзілі з роду Грацыянаў “Краінскіх”. У Вялікім княстве ён з’явіўся яшчэ ў першай траціне XVII стагоддзя, і абумоўлена гэта драматычнымі падзеямі зусім у іншай частцы Еўропы…

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 14, 19, 24.)

/i/content/pi/cult/646/14355/3.jpgЭміграцыя або смерць

23 мая 1618 года ў Празе адбылася падзея, якая стала спускавым гачком для адной з самых працяглых войнаў у еўрапейскай прасторы. З вокнаў ратушы на гару вулічнага смецця былі выкінутыя каралеўскія чыноўнікі. Як адзначыў відавочца падзей Павел Скала са Згоржэ, цалкам згодна са “старажытным звычаем і прыкладам, які меў месца ў каралеўстве Чэшскім і горадзе Пражскім”.

Прычынай абурэння гараджан і шляхціцаў стаў рашучы і недальнабачны наступ караля Маціяша на правы пратэстантаў. Падмуркі “старажытнаму звычаю” дэфенестрацыі ў Чэхіі пакладзены яшчэ ў 1419 годзе — з чаго, уласна, і пачаліся гусіцкія войны. Зрэшты, выкіданне кагосьці з вакна (а менавіта гэта і азначае мудрагелістае слова) было сусветнай нормай дыпламатычных адносінаў — як свайго кшталту “апошні аргумент”. Беларуская гісторыя такіх прыкладаў не ведае: свой знакаміты намер “павыкідаць палякаў праз вокны” будучы Вялікі гетман ВКЛ кальвініст Януш Радзівіл на практыцы не здзейсніў.

З дэфенестрацыі 1618 года пачынаецца адлік Трыццацігадовай вайны паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі краінамі, якая спустошыла ўсю Цэнтральную Еўропу. Не занурваючыся ў глыбіні тых падзей, адзначым толькі адзін эпізод, вельмі важны для нашай гісторыі. 8 лістапада 1620 года на Белай гары блізу Прагі адбылася бітва паміж чэшскімі паўстанцамі і імператарскімі войскамі, якая завяршылася катастрафічнай паразай першых. Тысячы чэхаў назаўсёды засталіся на той гары, а маральнае ўздзеянне на іх саратнікаў было настолькі моцным, што працягваць супраціў ніхто ўжо не меў ахвоты.

21 чэрвеня 1621 года гарматным стрэлам жыхары Прагі былі запрошаны на крывавае чатырохгадзіннае відовішча. 27 галоў сцяў пражскі кат Ян Мыдлар, дванаццаць з якіх — у мэтах застрашвання — дзесяць гадоў віселі на адной з вежаў горада. Пераможцы ўчынілі ў краіне тэрор. Тры чвэрці маёнткаў змянілі гаспадароў, адны роды імкліва ўзвысіліся, іншыя вымушаны былі ўцякаць. У краіну нахлынулі натоўпы нямецкіх каланістаў-каталікоў, з-за чаго пачалося анямечванне чэшскай шляхты, а мова стала занепадаць.

Сярод тых, хто паспеў пакінуць Чэхію, быў і кальвінісцкі пастар Валянцін Грацыян. Будучы “прапрапрадзед” Адама Міцкевіча.

Грацыян становіцца Краінскім

У 1643 годзе яго сын Ян Грацыян змяніў прозвішча на Краінскі. Абраць такі “псеўданім”, мяркую, яго падштурхнуў усеагульна прызнаны сярод кальвіністаў Рэчы Паспалітай абодвух народаў аўтарытэт вядомага палеміста Крыштапа Краінскага (1556 — 1618), які меў сына Яна.

Ян Краінскі Грацыян (1625 — 1685) у гісторыі кальвінізму ВКЛ пакінуў значны след. Быў і пастырам, і гісторыкам царквы. Адукацыю атрымаў у Галандыі, пазней выкладаў у Заблудаве (Гарадзенскі павет). З Багуславам Радзівілам лёс звёў яго ў 1658 годзе, з таго часу ён становіцца асабістым сакратаром і надворным казнадзеям князя. Нагадаем, што гэта быў страшны час для Беларусі. Ужо дзесяць гадоў хвалі ўварванняў з поўдня, з усходу, з поўначы нішчылі край. Беларускі гісторык Андрэй Катлярчук так апісвае наступствы тых войнаў: “Краіна страціла 48,4 % свайго насельніцтва. Ва ўсходняй частцы Беларусі гэта лічба дасягнула 72 %. Тысячы людзей былі гвалтоўна вывезеныя ў Расію. Толькі ў Маскве ў другой палове XVII стагоддзя каля 15 % насельніцтва былі беларусамі”.

Пасол у Англіі

/i/content/pi/cult/646/14355/1.jpgУ 1660 годзе Ян Краінскі, маючы пры сабе “рэкамендацыйны ліст” ад Багуслава Радзівіла да караля Карла ІІ, выправіўся ў Англію шукаць фінансавай дапамогі для вялікалітоўскіх кальвіністаў. Захавалася надрукаваная ў Лондане брашура “Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовай”, у якой аўтар падрабязна апісвае жудасны стан рэчаў у ВКЛ. У Лондане пасол Радзівіла выступіў супраць Самуэля Хілінскага, кальвініста з Жамойці, які пажадаў сабраныя на патрэбы царквы ВКЛ грошы пусціць на друк Бібліі на літоўскай мове і на сваю “стыпендыю”. Камісія, якая разгледзела пераклад Хілінскага, наклала на гэты варыянт сваё вета. Канфлікт перашкодзіў місіі Краінскага: ён не змог сабраць належнай сумы ды яшчэ быў неабгрунтавана абвінавачаны ў тым, што пускаў атрыманыя ахвяраванні на свае патрэбы.

Па вяртанні ў ВКЛ служыў пастырам у Орлі пад Гродна. Напрыканцы жыцця цяжка захварэў. Пахавалі яго ў 1685 годзе на сродкі Людвікі Караліны, дачкі Багуслава Радзівіла, бо сям’я Краінскага дайшла да крайняй ступені ўбогасці.

Унучка і дачка пастыраў

17 студзеня 1694 года сын Яна, капыльскі пастар Ян Крыштап Краінскі, пабраўся шлюбам з Кацярынай, дачкой Яна Баржымоўскага, таксама кальвінскага пастара. Адбылося гэта ў знакамітым кальвінскім зборы ў Койданаве, ад якога засталася толькі каменная крушня. Храм-замак, дзе служыла дынастыя Капіевічаў, дзе шлюбаваўся сам Галляш Капіевіч, найбуйнейшы выдавец славянскіх кніг у Заходняй Еўропе, перакладчык і аўтар сучаснай версіі кірылічнага алфавіта, быў цалкам знішчаны савецкай уладай і, на вялікі жаль, самімі жыхарамі Дзяржынска. Прапрабабуля Тадэвуша Рэйтана таксама паходзіла з роду Баржымоўскіх!

Праз шасць гадоў у Яна і Кацярыны Краінскіх нарадзілася дачка Сузана-Кацярына. 14 лютага 1700 года яе ахрысціў у капыльскім зборы пастар Крыштап Трамбіцкі. Сярод плоймы шаноўных гасцей на цырымоніі прысутнічаў і лоўчы віленскі Тобіас Пянкальскі — зводны і старэйшы брат будучага лоўчага віленскага Яна Пянкальскага, якому праз трыццаць пяць гадоў наканавана стаць мужам Сузаны і прадзедам Адама Міцкевіча.

Акрамя Сузаны, Ян Краінскі меў яшчэ чатыры дачкі — Багумілу-Марыяну, Гальшку за Даніэлем Рэчынскім, Тэафілу за Гізбертам. Імя чацвёртай, жонкі нейкага спадара Непакайчыцкага, пакуль невядома. А вось інфармацыю пра сыноў Яна гісторыя не захавала. Таму, па ўсёй верагоднасці, гэтая галіна роду згасла.

Слуцкія канфедэраты і паход на Варшаву

/i/content/pi/cult/646/14355/2.jpg

20 сакавіка 1767 года ў Слуцку была створана канфедэрацыя шляхты Вялікага Княства Літоўскага кальвінскага і праваслаўнага веравызнання. Нядзіўна, што ў ліку падпісантаў Акта канфедэрацыі былі і шматлікія сваякі Тадоры Пянкальскай — Цадроўскія, Эсткі, Баржымоўскія і, зразумела, Пянкальскія. У Акце, сярод іншых скаргаў дысідэнтаў (як тады называлі прадстаўнікоў некаталіцкіх канфесій) былі і такія: “Усе куткі шырокіх Літоўскіх правінцый поўняцца жахлівымі прыкладамі гвалту на святых месцах, ганьбавання і забойства святароў — слуг Божых…”, “Будучы даведзенымі да такога гаротнага стану, мы неаднаразова і розным чынам прадстаўлялі крыўды нашы святлейшым польскім каралям і дзяржаўным уладам Рэчы Паспалітай, дашукваліся вяртання незаконна аднятых у нас заслужаных крывёю продкаў нашых правоў: але замест справядлівага ўдзелу мы павінны былі адчуваць непрыемнасці ў такой ступені, што ў краі нашым той папраўдзе мог назвацца нешчаслівым, хто нарадзіўся дысідэнтам…”, “…і цень волі для нас знік, калі нас зраўнялі з самым нізкім станам у Рэчы Паспалітай…”

Выяўляючы сваю поўную лаяльнасць да радзімы і да караля, адсутнасць варожасці да братэрскай каталіцкай шляхты, нягледзячы на нялюдскі ўціск, дысідэнты марылі аб адным: аб вяртанні ім права “людзьмі звацца”. Але паколькі ўнутры краіны не было ім заступніка, спадзяваліся яны пры гэтым на замежную дапамогу. І далёка не першы раз на сваю карысць разыграла шулерскую карту “дысідэнцкага пытання” Расійская імперыя, даслаўшы войскі для падтрымкі канфедэратаў. Іх сумесны паход на Варшаву завяршыўся у лютым 1768 года. Сойм ураўняў у правах дысідэнтаў і каталікоў.

Далей былі Барская канфедэрацыя, створаная ў адказ на ўмяшальніцтва Расійскай імперыі, потым чатыры гады вайны і ўрэшце — падзелы Рэчы Паспалітай…

Прыйшоў час падсумаваць веды пра гэты страчаны фрагмент гісторыі радаводу Адама Міцкевіча. Не памыляліся ні нашчадкі, ні даследчыкі мінуўшчыны, калі сцвярджалі, што бабуляй паэта, жонкай Якуба Міцкевіча, была Тадора з Пянкальскіх. Гэта пацвярджаецца шматлікімі судовымі дакументамі Наваградскага ваяводства. Яе бацькамі, як удалося ўстанавіць аўтару, былі лоўчы віленскі Ян Пянкальскі і Сузана з Краінскіх.

Род Пянкальскіх у ВКЛ з’явіўся ў самым пачатку XVII стагоддзя і даволі хутка заняў значнае месца сярод кліентуры Радзівілаў біржанскай галіны. Бацькамі Яна былі Стафан і Ганна з Цадроўскіх, дзядамі — Ян і Марыяна з Брастоўскіх Пянкальскія.

Што да радаводу Сузаны з Краінскіх, жонкі Яна Пянкальскага, то ў адрозненне ад продкаў Яна, якія былі свецкімі асобамі — ураднікамі і вайскоўцамі — яе продкі па прамой лініі, у асноўным, з’яўляліся святарамі. Прычым, заснавальнік вялікалітоўскай галіны Краінскіх быў чэшскім эмігрантам Грацыянам, сын якога, з дакладна невядомай прычыны, узяў чужое прозвішча. Гэтая галіна таксама займала вельмі набліжанае да Радзівілаў становішча. Але ў выніку перамогі ў ВКЛ Контррэфармацыі і пераследу з боку каталіцкай шляхты, роды Пянкальскіх і Краінскіх паступова прыйшлі ў заняпад.

І яшчэ адзін цікавы факт

Акрамя такіх вядомых ужо нам пісьменнікаў, як Ян Цадроўскі, Ян Пянкальскі і Ян Краінскі, сярод сваякоў Адама Міцкевіча быў і Фларыян Бохвіц (1799 — 1856), які паходзіў са старога кальвінскага роду. Наваградскі адвакат, асветнік, філосаф-мараліст, аўтар знакавай у свой час кнігі “Думкі пра выхаванне чалавека” (Вільня, 1847) пабраўся шлюбам з Паўлінай з Маеўскіх, стрыечнай пляменніцай маці Адама Міцкевіча. Зрэшты, гэтая постаць вымагае асобнага аповеду.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар