Ваўчок як вечны рухавік

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Тупік на вуліцы Вірменскай у Львове даўно стаў сапраўдным эпіцэнтрам мастацкага жыцця ўлюбёнага многімі горада. Там месціцца легендарная галерэя “Дзыга” (у перакладзе гэта “ваўчок”) і аднайменнае мастацкае аб’яднанне. Сваё ўнікальнае аблічча яно знайшло самастойна, метадам спробаў і памылак. І цалкам відавочна, што ў Беларусі львоўскі вопыт можа быць карысны.

/i/content/pi/cult/646/14354/5.jpgНа маё пытанне, калі маладым мастакам стала зразумела, што прыспеў час ствараць сваю інстытуцыю, генеральны дырэктар мастацкай суполкі “Дзыга” Маркіян Iвашчышын адказвае: “Адразу. Гэта быў 1993 год. Выйсці з андэграўнду аказалася лёгка, паколькі была шалёная энергія ды ўпэўненасць у сваіх сілах”.

— Але як вам удалося застацца пры жыцці праз столькі гадоў?

— Усё за кошт той самай энергіi. А калі адчуваем, што яе ўзровень падае, адразу пачынаем нейкую новую авантуру.

Сёння “Дзыга” выдае часопіс прозы “Чацвер”, вядзе Галіцкі дыскусійны клуб “Мiтуса”, фотаклуб “Ч/б 5х5”, літаратурную кавярню “Кабінет”, джаз-клуб “Львоў”, этнаклуб “Набуткiв”. Плюс штогадовы Тыдзень актуальнага мастацтва і ў яго рамках “МедыяДепо”, Дні перформансу ў Львове, міжнародны этна-джазавы фестываль “Флюгеры Львова”, яшчэ адзін джазавы фестываль Jazz Bez, праект “памнажэння культур Люблiна і Львова L2, міжнародны фестываль мастацтваў Fort.Missia і праект “Украiнський зриз”. Плюс уласна галерэя “Дзыга”. Неверагодна, але ўсё гэта робіць невялічкая купка энтузіястаў.

Па словах спадара Маркіяна, з сучасным мастацтвам “заўсёды складана, яно павінна адваёўваць сваю тэрыторыю”.

Гэтым, у асноўным, і займаецца Тыдзень актуальнага мастацтва — адзін з самых буйных ва Украіне незалежных фестываляў, для якога кожны год заяўляецца новая тэма. У 2013 гэта было даследаванне ментальнасці вайны, і выбар аказаўся прарочым…

На Днях перформансу выступалі аўтары з самых розных краін, у тым ліку і Беларусі: Дзмітрый Майбарада, Канстанцін Мужаў, Юрась Барысевіч, Дзяніс Раманоўскі… Дарэчы, сярод выставачных праектаў “Дзыгi” была і “Структура” Міхала Анемпадыстава (2010).

— Чаму такі акцэнт робіце на перформанс?

— Гэта найбольш адкрыты, надзённы, арыентаваны на грамадства жанр, непасрэдная рэакцыя мастака на тое, што адбываецца навокал.

— Ці здатнае сучаснае мастацтва апісаць сучаснае грамадства? Бо яно ж і само не заўсёды разумее, што з ім адбываецца.

— Мастацтва дзеля мастацтва, — гэта, вядома, добра, але недастаткова. Напрыклад, мастакі Ореn group, чый праект “Сінонім да слова “чакаць” быў паказаны на Венецыянскай біенале ў 2015 годзе, займаюцца медыяаналізам патэнцыялу федэралізацыі, бо праблема ёсць не толькі на Усходзе краіны, але і, напрыклад, у Закарпацці. Таксама ў нас быў праект з уцекачамі з Крыма: ім было цяжка, яны адчувалі прэсінг і з боку рускай супольнасці, і з боку ўкраінскай, якой яны таксама падаваліся чужымі. Але акурат мастакі паказалі, што суіснаванне магчыма. Можа, не паўнавартасная інтэграцыя, да якой грамадства пакуль не гатовае, але і не страх або агрэсія.

— Вы робіце шмат праектаў проста ў горадзе, зусім не для малой купкі аматараў мастацтва.

— Людзі, якія жывуць у спальных раёнах, нашы выставы не заўсёды разумеюць, але, на шчасце, знікла агрэсія. Калі нешта незразумела, для гэтага існуе дыялог. Разумець — таксама праца для сэрца і розуму. А мастакі шчырыя і адкрытыя да супрацоўніцтва.

— Напэўна, і сам Львоў шмат дае вам — я маю на ўвазе гарадскую культуру, атмасферу, архітэктурную спадчыну… Увогуле, львавяне — яны асаблівыя?

/i/content/pi/cult/646/14354/6.jpg

— Гэта так, але цяпер у гарадской культуры паўстала нечаканая праблема: турызм. Сам па сабе ён добры, але… многае губляецца. Узнікае “пустая архітэктура”, калі бачныя толькі прыгожыя фасады, а жыхары выцясняюцца з цэнтру на ўскраіны. Думаецца, урэшце турыстам такі горад таксама будзе нецікавы. Гараджане пачынаюць разумець, што зарабляць на турыстах — гэта занадта простыя грошы, рана ці позна яны скончацца.

А Львоў мае ў сабе пэўнае месіянства: у нас невыпадкова, пэўна, нарадзіліся Станіслаў Лем і Леапольд фон Захер-Мазох, 30 гадоў тут жыў сын Амадэя Моцарта — піяніст, кампазітар і дырыжор Франц Ксаверы Моцарт. Творчыя людзі хочуць перадаваць львоўскую культуру маладым. Мы таксама стараемся працаваць не толькі для турыстаў, а найперш для сваіх. Прыкладам, “Флюгеры Львова” — фестываль, які па складзе музыкаў міжнародны, але… нібы для ўнутранага карыстання. Сёлета яму 15 гадоў споўнілася. Праходзіць ён на пачатку мая: для нас адчыняюць унутраны двор Ратушы, гучыць джаз. А ў нядзелю раніцай праходзіць асаблівы канцэрт “Абуджэнне з...” — гэта традыцыя, якую львавяне прынялі блізка да сэрца і… прачынаюцца трохі раней, каб яго наведаць.

— Але ж у вас ёсць і праекты па рэпрэзентацыі ўкраінскага мастацтва за мяжой.

— “Украінскі зрэз” мы робім адзін раз на тры гады і абавязкова за межамі краіны, каб паглядзець збоку, што такое ўкраінскае мастацтва. Паказаць і паглядзець самім: гэта проста супольнасць аўтараў або цывілізацыйная з’ява? Я заўсёды кажу, што мы павінны не толькі браць у іншых, але і аддаваць свету. Адно перавесці сусветныя працэсы на сваю глебу — гэта занадта проста. Хацелася б разгерметызацыі — каб нашых мастакоў шанавалі не толькі дома, але і за мяжой.

Зыходзячы з гэтай стратэгіі, мы праводзім трыенале ў культурных сталіцах Еўропы: Любліне (2015), Уроцлаве (2016), цяпер гэта будзе Матэра ў Італіі. Дарэчы, ёсць пэўная надзея і Львову атрымаць тытул культурнай сталіцы Еўропы ў 2024 годзе. Для Украіны важны не толькі вынік галасавання, але і сам працэс спаборніцтва, які ўключае ацэнкі нашых праектаў міжнароднымі экспертамі. Львоў ужо з 2009 года лічыцца культурнай сталіцай краіны.

— Як львоўская культура пазіцыянуе сябе ўнутры Украіны?

— Праблема правінцыі і цэнтра ёсць заўсёды, і ў пытаннях фінансавання Кіеў застаецца на першым месцы. Раней нават больш,
чым цяпер. У апошнія гады наш горад вельмі шмат робіць у сферы культуры, і гэтыя падзеі маюць рэзананс у краіне.

— Атрымоўваецца ў вас манетызаваць сваю дзейнасць ці вы назапашваеце толькі сімвалічны капітал?

— Мы паспрабавалі неяк манетызаваць, але… пэўна, у нас іншая ментальнасць, і мы пад гэта не заточаны.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст