Глядзі-слухай ды чытай?

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Спектаклі, кінастужкі, ажыццёўленыя паводле не прызначаных да пастаноўкі літаратурных твораў, павышаюць увагу да апошніх. Але гэты прыём найперш мае сэнс у дачыненні да класікі. А як распавесці пра кнігу, што толькі выйшла? Напісанне інсцэніроўкі, далейшы пастановачны працэс займаюць пэўны час — і кніга “ў чаканні” пакрыецца пылам на паліцах крам. Драмтэатр знайшоў форму чытак новых п’ес, музычны — форму канцэртнага выканання, апошнім часам у нас падзабытую. А што рабіць з прозай?

Яшчэ ўвесну былі падведзены вынікі праекта “Movabox”, скіраванага на папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры і змяненне нашых уяўленняў пра яе. Ускладзеныя на праект надзеі спраўдзіліся: цікавасць да нашых пісьменнікаў-паэтаў і іх творчасці ўзрасла, паболела колькасць знаёмых для грамадства імёнаў, больш інтэлігентным, а не адно вясковым, стаў ва ўяўленні апытаных вобраз галоўнага героя сучаснай беларускай літаратуры. Знікла трывалае перакананне, што тэматыка цяперашніх твораў адно ваенная (хаця гэта тэма і засталася, на думку рэспандэнтаў, асноўнай). А дадатковым здабыткам акцыі, што доўжылася паўгода, сталі новыя формы прыцягнення ўвагі да кнігі і самога працэсу знаёмства з літаратурнымі тэкстамі.

Апошнім часам шырокае распаўсюджанне набылі аўдыякнігі, прынцып якіх можна акрэсліць напаўзабытай фразай: “Мама, пачытай!” З той хіба розніцай, што ў ролі “маці” выступае плэер. Артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, рыхтуючы прэс-канферэнцыю аднаго з этапаў праекта і міні-прэзентацыю чарговай кнігі-ўдзельніцы, вынайшлі цікавую форму яе рэкламы.

Купалаўцы прапанавалі штосьці блізкае згаданай “тэатралізацыі”, але без залішніх выдаткаў на сцэнаграфію. І адначасова вельмі блізкае найноўшым тэатральным тэндэнцыям.

Падстава была вельмі “свойскай”: прэзентавалася кніга “Радзіва Прудок”, напісаная ў жанры дзённіка былым… дворнікам тэатра Андрусём Горватам — журналістам па адукацыі. Замест простага чытання фрагментаў (дарэчы, вельмі “смачных”, выкладзеных добрым стылем, з трапным гумарам ды іранічнымі заўвагамі — найперш на свой адрас) маладыя артысты на чале з Раманам Падалякам у якасці галоўнага завадатара і рэжысёра павялі журналістаў і запрошаных гасцей на міні-экскурсію па тэатры. Правялі на балкон, дзе ў поўнай цемры можна было слухаць голас “з ніадкуль”, потым назіраць за кавалачкам сцэны з квазі-тэатральным дзеяннем. Павадзілі па калідорах, прывёўшы да імправізаванага “аддзела кадраў”, калі верыць вывешанай шыльдачцы. Туды не пусцілі, вымусіўшы “падслухваць” пад дзвярыма. Потым гэтак жа не пусцілі на вуліцу, вымусіўшы назіраць за працоўнай дзейнасцю героя праз вакно. Нарэшце, пацягнулі ў закуліссе, паказаўшы “працоўны кабінет” былога дворніка — з ракавінай і “інвентаром”. Вядома, усё гэта суправаджалася чытаннем фрагментаў з кнігі. Атрымалася штосьці накшталт жанру спектакля-“бадзялкі”, які добра распрацаваны ў замежжы, а ў нас робіць пакуль першыя крокі. Адначасова пазнаёмілі прысутных з тэатрам з розных і вельмі нечаканых ракурсаў, цікавых нават заўсёднікам не толькі глядацкай часткі, але і закулісся.

Дарэчы, чаму б не працягнуць пачатую працу і не зрабіць на яе аснове эксперыментальны спектакль? А да таго ж прэзентаваць падобным чынам іншыя новыя творы беларускіх пісьменнікаў — балазе, цікавай беларускамоўнай літаратуры з’яўляецца багата. Дый творчы патэнцыял акцёраў-купалаўцаў значна перасягае сённяшнія рэжысёрскія фантазіі, увасобленыя што на вялікай сцэне, што ў камернай зале гэтага тэатра. А прэтэндэнт пераносу ўнутрытэатральных “хуліганстваў” на афішу ўжо быў: асобным спектаклем “Art to you” паспелі стаць лепшыя фрагменты “капуснікаў”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"