Віктэмалогія: крыміналу — stop-сігнал, або Міліцыя на дыскатэчным рэйдзе

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Пазіцыя органаў аховы правапарадку да баўлення вольнага часу на дыскатэках змянілася ў лепшы бок. “Сёння, пачынаючы ад міністэрстваў і заканчваючы раённымі ўладамі, усе ўпэўніліся ў тым, што дыскатэкі павінны быць, і малыя формы альтэрнатыўнага адпачынку трэба захоўваць”, — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам “К” намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, палкоўнік Андрэй САЛАДОЎНІКАЎ.

— Андрэй Генадзьевіч, якім чынам арганізавана сістэма кантролю за грамадскім парадкам на дыскатэках з боку МУС?

— Ваша пытанне абсалютна справядлівае, бо ў нашым падпарадкаванні — менавіта кантроль. Згодна з Палажэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 582 ад 14.05.2007 года, забеспячэнне аховы правапарадку на дыскатэках— у першую чаргу абавязак арганізатараў, заснавальнікаў мерапрыемства. На жаль, у нас няма такой магчымасці, ды, мяркую, у ёй і няма часам патрэбы, каб на кожнай дыскатэцы прысутнічаў міліцыянер. Згадваецца такі прыклад: аднойчы ў Гомелі сумесна з прыватнымі прадпрымальнікамі — уладальнікамі дыскатэкі мы прадумалі і наладзілі сістэму абсалютнага кантролю за грамадскім парадкам на мерапрыемстве. Была распрацавана інструкцыя, як праходзіць, не піць, не курыць г. д. І што вы думаеце: у выніку гэтая дыскатэка праіснавала не болей за два месяцы! Моладзь перастала туды хадзіць, і прадпрыемства закрылася па эканамічных прычынах. Усё гэта пацвярджае: міліцыянер у дыскатэчнай зале — гэта не заўжды панацэя ад злачынстваў.

Разам з тым, мы цудоўна ўсведамляем: падобныя забаўляльныя мерапрыемствы праз адсутнасць належнай культуры ў асобных прадстаўнікоў маладога пакалення патрабуюць адпаведнай увагі органаў аховы правапарадку, асабліва ў сельскай мясцовасці. І мы праводзім адпаведную работу па кантролі за правядзеннем дыскатэк.

Перш за ўсё, мы арыентуем нашых супрацоўнікаў, начальнікаў аддзелаў аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзелаў на тое, каб яны дасканала валодалі сітуацыяй — што, дзе і калі,— планавалі сваю працу з улікам таго, у які час можа спатрэбіцца іх прысутнасць на дыскатэцы. Самая напружаная сітуацыя пад час правядзення дыскатэк і ў сельскай мясцовасці, і ў горадзе — па суботах.

Звычайна ў гэты дзень запланаваны выезды спецыяльных рухомых груп — якія курсіруюць паміж рознымі дыскатэкамі і сочаць за парадкам. Акрамя таго, калі гэта гарадская мясцовасць, мы, карыстаючыся так званай сістэмай адзінай дыслакацыі, набліжаем да месца правядзення такіх вечароў нарады патрульна-паставой службы міліцыі. Іх маршруты пастаянна перапрацоўваюцца — гэта не штосьці статычнае. Таму, калі службе становіцца вядома, што недзе адкрылася новая дыскатэка ці ўскладняецца абстаноўка ў раёне нейкай дыскатэкі, яны мусяць наблізіцца да вызначанага месца. Як правіла, пэўныя канфлікты адбываюцца не ў памяшканні дыскатэчнай залы, а дзесьці ў найбліжэйшым асяродку — у двары, на вуліцы, у цёмных кутах, таму і патруляванне прыносіць значны плён.

Мы арыентуем службы, каб яны рабілі гэта кожны тыдзень. Там, дзе дыскатэка выпадае на пятніцу, небходна “зачапіць” пятніцу— зрабіць выезд.

Што да сельскіх населеных пунктаў, Міністэрства праводзіць такую палітыку: кожны ўчастковы мусіць быць побач з месцам правядзення дыскатэкі. Калі міліцыянер вопытны, яму дастаткова адзін раз зайсці ў дыскатэчную залу, і яго з’яўленне адыграе сваю ролю. Мы арыентуем нашы службы, каб яны, акрамя выканання іншых абавязкаў, унікалі ў пытанні дыскатэчнага парадку. Інспектар па справах непаўналетніх (іх звычайна адзін ці два на раён) усе дыскатэкі наведаць фізічна не здольны, але ў складзе аператыўна-пошукавай групы ён мусіць быць.

— Часам чуеш ад арганізатараў дыскатэк, што, зыходзячы з нарматыўнай базы, служба міліцыі можа зазірнуць на дыскатэку і забяспечыць парадак, але можа і не рабіць гэтага: бо не абавязана, адпаведна закону. І такія выпадкі, скардзяцца яны, здараліся...

— Мы правялі днямі вучэбна-метадычны збор з начальнікамі аддзелаў аховы правапарадку і прафілактыкі ўсіх райаддзелаў, і на сустрэчы я агучыў гэтае пытанне. Так, у нас няма пэўных нарматыўных актаў пра тое, што міліцыя абавязана ў дачыненні дыскатэк рабіць.

Але мы пастаянна праводзім селектарныя нарады, практыкуем іншыя формы кіравання, і ў вуснай форме неаднаразова агаворваецца, што супрацоўнічаць у гэтай справе неабходна.

Чалавечы фактар у кожнай сферы магчымы, але ў тым выпадку, калі такія факты ёсць, я параіў бы арганізатарам, заснавальнікам дыскатэк звяртацца ў аддзел культуры райвыканкама. А супрацоўнікам аддзела культуры ў такіх выпадках напісаць ліст на імя начальніка райаддзела міліцыі, дзе тактоўна абмаляваць сітуацыю і нагадаць: мы робім агульную справу. Дзесьці трэба быць і больш гнуткім, і не саромецца праяўляць ініцыятыву.

Раней у самых розных інстанцыях панавала такая думка: зачыніць гэтыя дыскатэкі, адну з самых набалелых праблем, — галаўны боль сыйдзе. Але зараз акцэнты змясціліся. Сёння ўсё разумеюць — пачынаючы ад Міністэрства і заканчваючы раённымі ўладамі, — што формы альтэрнатыўнага адпачынку трэба захоўваць. Прырода не трывае пустаты, і моладзь усё роўна будзе недзе збірацца, гуртавацца. Цяпер мы можам сказаць, што ў тых вёсках, дзе дыскатэкі былі зачынены, кантраляваць маладых людзей стала значна складаней. Гэта мая асабістая думка і ў гэтым я цвёрда ўпэўнены: чым больш дыскатэк, чым больш альтэрнатыўных відаў баўлення вольнага часу, тым лепш. Моладзь ёсць моладзь, і гэта трэба разумець.

Са свайго боку, я хачу звярнуцца да арганізатараў дыскатэк з просьбай належным чынам абсталяваць месца правядзення дыскатэк. Асабліва гэта датычыцца асвятлення. Многія будынкі, дзе праводзяцца дыскатэкі, абсталяваны сігналізацыяй, у каго была магчымасць — усталявалі нават камеры відэаназірання, — усё гэта заахвочваецца і з’яўляецца патрэбным.

Аднак з сістэмай асвятлення будынкаў засталася праблема. А ёсць, дарэчы, цэлая навука — віктэмалогія, і калі навокал будынка цемра “хоць вочы выкалі”, усё гэта не спрыяе памяншэнню крымінагеннай абстаноўкі. У гэтай агульнай справе ўсе фактары маюць сэнс—і праца работнікаў культуры і міліцыі, і такая, здавалася б, неістотная дэталь, як святло ў парку.

 

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ