Са шрыфтамі ад Скарыны

№ 27 (1310) 08.07.2017 - 14.07.2017 г

Не так даўно ў філіяле Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь — рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — пачала працу выстава, на якой прадстаўлена кніжная факсімільная спадчына Францыска Скарыны.

Як паведамілі “К” у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, на выстаўцы прадстаўлена факсімільнае выданне ў 20 тамах “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, падрыхтаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з ТДА “Калекшн”. Як вядома, па выніках 56-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2016” гэты кніжны збор атрымаў Гран-пры “Трыумф”.

Аснову выдання складаюць электронныя копіі кніг першадрукара, якія захаваліся да нашых дзён і знаходзяцца ў бібліятэках і музеях розных краін. У кнігах захаваны структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе паметкі ў тэкстах, набытыя на працягу 500-гадовай гісторыі.

У экспазіцыі выставы прадстаўлены такія факсімільныя выданні як “Быццё”, “Зыход”, “Лічбы”, “Кніга Іава”, “Псалтыр”, а таксама старонкі Бібліі, надрукаваныя на ўнікальнай паперы на станку, які быў адноўлены гісторыкам Уладзімірам Ліхадзедавым па гравюрах ХVI стагоддзя.

На выставе таксама дэманструецца карта свету венецыянскага картографа Джавані Андрэа Вавасорэ — сапраўдная перліна картаграфічнага мастацтва. Яна зроблена ў авальнай праекцыі на паперы, узноўленай па старадаўняй тэхналогіі на аснове льну і бавоўны, а адноўлена паводле арыгінала рарытэта з калекцыі Універсітэта Браўна (г. Провідэнс, штат Род-Айленд, ЗША). Акрамя таго, на выставе можна пабачыць унікальныя работы беларускага каліграфа Усевалада Свентахоўскага з серый “Шрыфты Скарыны” і “Тэраталагiчная азбука”.

Экспазіцыя ў філіяле Прэзідэнцкай бібліятэкі ў рэзідэнцыі Прэзідэнта, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, адкрывае цыкл выстаў, прысвечаных кніжнаму мастацтву Беларусі. Азнаёміцца з ёй можна да 4 верасня.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"