Музейны бліц: топ-ліст таямніц

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Імя народнага паэта Беларусi Янкі Купалы ўшанавана ва ўсім свеце. Але ўсё роўна аматараў купалаўскай спадчыны сцежкі рана ці позна прывядуць у Купалаўскі дом — Літаратурны музей Янкі Купалы. Галоўны захавальнік фондаў Надзея Саевіч ды супрацоўнікі аддзела навукова-фондавай работы Валянціна Ціханавецкая, Марына Плаўская і Інга Цераховіч дапамаглі “К” скласці ўмоўны топ-ліст самых цікавых і незвычайных экспанатаў музея.

/i/content/pi/cult/645/14333/26 kultur 4.jpg

1. Рукапісны зборнік “Шляхам жыцця”

Адным з найбольш каштоўных здабыткаў музея з’яўляецца рукапіс зборніка “Шляхам жыцця”, які ў 1945 годзе знайшлі ў фондах былога Беларускага музея ў Вільні. Туды ён патрапіў ад Клаўдзія Душ-Душэўскага, якому яго падарыў сам Янка Купала. Цікава, што пры афармленні кнігі аўтар выступіў яшчэ і ў якасці карэктара і дызайнера. Па рукапісе бачна, наколькі адказна і ўважліва Купала ставіўся да стварэння і выдання сваіх кніг. Кожнаму вершу, кожнай ілюстрацыі ён вызначаў належнае месца, дбаючы, каб чытач адчуў галоўную думку.

Першае выданне кнігі пабачыла свет у 1913 годзе ў Пецярбургу. Яно мела прысвячэнне (якое ў перавыданнях 1923 і 1935 гадоў было знята) вядомаму мецэнату, доктару Елісееўскай бальніцы Аляксандру Ярэмічу, які неаднойчы ахвяраваў ўласныя сродкі на падтрымку таленавітых паэтаў і пісьменнікаў. Доктару на выбар прапанавалі два зборнікі — названы намі рукапіс і кнігу Сяргея Ясеніна “Радаўніца”. Прачытаўшы абедзве, Ярэміч аддаў перавагу вершам маладога таленавітага беларускага паэта.

Сёння ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы знаходзіцца самая вялікая калекцыя рукапісаў паэта — 559 адзінак. Сам Янка Купала надаваў вялікае значэнне свайму архіву, старанна зберагаў яго, некаторыя творы аддаваў на захоўванне сябрам, а на пачатку 1920-х гадоў перадаў частку сваіх рукапісаў у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі.

У гады Айчыннай вайны дача ў Ляўках з бібліятэкай і архівам згарэла, фонды Дзяржаўнай бібліятэкі БССР былі вывезены ў Германію… Збіралі Купалаву спадчыну па драбніцах: шмат матэрыялаў рознага часу паступіла ад дзеячаў культуры, з якімі быў звязаны паэт, нешта вярнулася з Нямеччыны і пасля было перададзена ў наш музей. Аўтарскія карэктуры зборніка “Шляхам жыцця” патрапілі да нас найперш дзякуючы шчасліваму збегу абставін.

2. Сведкі апошніх крокаў

/i/content/pi/cult/645/14333/26 kultura 4.jpg

Уваходныя і міжпакаёвыя дзверы ў нумар 414 гатэля “Масква”, насценныя свяцільнікі, вентыляцыйныя краты, аконная рама, рэшткі дубовага паркету, дзвярныя ручкі, рэшткі лесвічнага пралёта, прыступкі — гэта тыя прадметы, што абкружалі Янку Купалу ў апошнія імгненні жыцця. У 2004 годзе сталіца ўсходняй краіны-суседкі вырашыла пазбавіцца ад легендарнага гатэлю. Нашым супрацоўнікам пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і пры садзейнічанні мэрыі Масквы ўдалося перавезці ў Мінск арыгінальныя рэчы, якія сталі нямымі сведкамі таямнічай гібелі першага народнага паэта Беларусі.

У эвакуацыі паэт жыў у пасёлку Пячышчы, што недалёка ад Казані, на другім беразе Волгі. Адтуль яго ў чэрвені 1942 года выклікалі ўрадавай тэлеграмай у Маскву, быццам бы для падрыхтоўкі афіцыйных мерапрыемстваў з нагоды ўласнага 60-годдзя. Аднак не дажыў Янка Купала да юбілею. Згодна з афіцыйным паведамленнем, “28 чэрвеня ў 22 гадзіны 30 хвілін у гатэлі “Масква” ўпаў у лесвічную клетку і разбіўся насмерць паэт... Луцэвіч Іван Дамінікавіч... літаратурны псеўданім Янка Купала”. Тады смерць паэта была прызнана няшчасным выпадкам, таму следства ніхто не праводзіў.

Яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў Міжнародны фонд імя Янкі Купалы і дырэкцыя нашага музея падавалі запыт у ФСБ Расіі аб перадачы ў Беларусь дакументаў, датычных загадкавых падзей. У адказ атрымалі толькі копію спецпаведамлення на імя Лаўрэнція Берыі пра смерць Янкі Купалы. Больш ніякіх дакументаў выяўлена не было, што само па сабе выклікае пытанні. У 2017 годзе мінае тэрмін сакрэтнасці справы па факце гібелі славутага Песняра. Магчыма, неўзабаве на гэтую таямніцу 75-гадовай даўніны праліецца святло.

3. Праект помніка для Араў-парка

Янка Купала ніколі не быў у Амерыцы, не прысвячаў ёй твораў, аднак у 1970-я гады непадалёк ад Манхэтана з’явілася яго бронзавая выява. У Араў-Парку ў штаце Нью-Ёрк быў адкрыты мемарыял “Чатыром бессмяротным паэтам”: ад эмігрантаў з розных славянскіх краін былі ўсталяваны бюсты Янку Купалу, Аляксандру Пушкіну і Тарасу Шаўчэнку. Чацвёрты помнік — амерыканскаму творцу Уолту Уітмэну. І сёння, як і 24 гады таму, Араў-парк застаецца месцам, дзе людзі аддаюць даніну пашаны паэтам, якія праславілі свае краіны на ўвесь свет. У дзень нараджэння Янкі Купалы тут абавязкова з’яўляюцца жывыя кветкі.

Праект помніка для Араў-парка ў нашыя фонды перадаў аўтар скульптуры — Анатоль Анікейчык. Мы ж з калегамі марым пра тое, каб помнік беларускім песнярам Янку Купалу і Якубу Коласу аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх з’явіўся ў Варшаве.

4. Партрэт

/i/content/pi/cult/645/14333/26 ultura 5.jpg

Сёлета калекцыя музея ўзбагацілася каштоўным экспанатам. Сяргей Кандыбовіч, кіраўнік Грамадскай арганізацыі “Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Расіі” падараваў музею падборку з 12 гравюр вядомага рускага мастака Івана Паўлава. У тым тузіне сярод іншых знаходзіўся графічны партрэт Янкі Купалы, зроблены яшчэ пры яго жыцці — у 1931 годзе. Дагэтуль невядомы партрэт Янкі Купалы спадар Кандыбовіч набыў летась у Аўкцыённым доме ў Маскве.

У фондах захоўваецца яшчэ адна рарытэтная рэч, што звязвае Купалу і Шаўчэнку — графічны партрэт нашага земляка, выкананы ўнучатым пляменнікам кабзара Фоціем Красіцкім. Вядомы ўкраінскі мастак пісаў яго з натуры 10 мая 1939 года. У некалькіх штрыхах Красіцкі перадаў стомленасць і засмучанасць, якія прыгняталі паэта ў апошнія гады жыцця. Шыкоўна ў сваёй працы ўхапіў купалаўскі характар і член пастаяннага камітэта Асацыяцыі культурных абменаў Кітая і рэдкалегіі часопіса “Мастацтва Кітая” Ао Тэ. Партрэт створаны ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы з выкарыстаннем шоўку, рысавай паперы і пэндзля з воўчай поўсці.

5. Брашура special for New York

У 1939 годзе ў Маскве Янка Купала падрыхтаваў публіцыстычны артыкул Cultural Progress Among the Non-Russian Nationalities of the USSR (“Культурны прагрэс сярод нярускіх народаў СССР”). Даследчыкі мяркуюць, што брашура распрацоўвалася спецыяльна для Сусветнай выставы ў Нью-Ёрку (якую наведала каля 44 мільёнаў чалавек) і распаўсюджвалася толькі ў ЗША і на англійскай мове.

У 2016 годзе гэта вельмі рэдкае выданне ўсплыло на адным з інтэрнэт-аўкцыёнаў. Імя аўтара прыцягнула ўвагу беларускай дыяспары, якая пражывае ў Злучаных Штатах. Алена Бяспалава і Віктар Лагун набылі брашуру і перадалі нашаму музею.

6. Дом пад таполяй

/i/content/pi/cult/645/14333/kultura 5.jpg

Ёсць здымак з домам паэта па сталічнай вуліцы Кастрычніцкай, у якім знакаміты гаспадар сустракаў гасцей з 1927 па 1941 гады. Нездарма яго называлі “салонам Купалы” — тут збіраліся многія айчынныя і замежныя пісьменнікі. Яны чыталі свае творы, абмяркоўвалі надзённыя пытанні, спрачаліся, марылі пра будучыню. Жудасна, але менавіта гэтыя творчыя вячоркі леглі ў падмурак абвінавачванняў Купалы падчас рэпрэсій… Песняра прымушалі раз за разам распавядаць, хто збіраўся ў яго доме, пра што ішла гаворка. Да гонару народнага паэта Беларусі, ён — як сведчаць апошнія даследаванні ў гэтым кірунку — не агаварыў ніводнага чалавека, не паставіў ніводнага подпісу пад абвінавачваннямі.

Іван Дамінікавіч вельмі любіў свой сад і любіў вырошчваць прыгожыя кветкі. Не дзіва, што яго сад быў надзвычай квяцісты: бэз, чаромха, белыя і чырвоныя ружы… Ваенная навала не пашкадавала гэты куточак: у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны знакаміты дом пад таполяй згарэў. Сучасны будынак літаратурнага музея, прысвечаны слыннаму творцы, быў узведзены амаль на тым самым месцы. Можа, таму яго і называюць сёння Купалавым домам.

Зрэшты, гэта не адзіны Купалавы адрас, звязаны з музейнай справай (хоць і іншага прызначэння). Калісьці паэт жыў на вуліцы Захар’еўскай, 135 (цяпер праспект Незалежнасці) па суседстве з сябрам — Змітраком Бядулем. Дом адметны тым, што ў 1898 годзе там ладзіўся І з’езд РСДРП. У 1923 годзе яго ператварылі ў музей з адпаведнай назвай, які існуе ў Мінску і сёння.

7. Партсігар

Раслінны малюнак па срэбры ў атачэнні імянной гравіроўкі: “Jance Kupale. Od Prawdy Wilenskiej. Wilno. 17.05.1941г.” Як вынікае з надпісу, рарытэтны партсігар пясняр атрымаў ад “Праўды Віленскай” падчас наведвання новай літоўскай сталіцы. Паэт быў вельмі шчыльна звязаны з Вільняй, дзе ён калісьці сапраўды адчуў сябе беларусам, працуючы ў рэдакцыі знакамітай “Нашай Нівы”. Менавіта Вільня звяла яго з будучай жонкай — Уладзіславай Станкевіч, з якой Купала павянчаўся ў 1916 годзе.

8. Кіёк

/i/content/pi/cult/645/14333/26 kultura 5.jpg

Менавіта Уладзіслава Луцэвіч стала заснавальніцай і першым дырэктарам літаратурнага музея. Яна захавала нямала ўласных рэчаў, якімі Янка Купала карыстаўся ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, драўляны кіёк з надпісам: “Ялта. 1929 год. Там, где море вечно плещет. Ласточкино гнездо.” Яго падарылі сябры — беларускія пісьменнікі, разам з якімі Купала адпачываў на ўзмор’і. Пра гэта сведчыць датаваная тым самым годам фатаграфія. Па ўспамінах родных, Янка Купала заўсёды хадзіў з кійком, які ласкава называў “Мой конь”. Гэта было зручна, элегантна, стыльна. Пясняр умеў з густам апранацца і падбіраць да стыльнага строю аксесуары.

9. Паліто

Адным з такіх прыкметных прадметаў гардэробу стала зімовае паліто з футравым каўняром, якое таксама захавалася дзякуючы Уладзіславе Францаўне. На ім і зараз заўважна метка: “О.И.Гольдин. Минск. губ”. Купалу не трэба было ехаць за абноўкай кудысьці далёка, бо вядомы кравец Гольдзін пэўны час даводзіўся яму суседам. Майстэрня размяшчалася ў чацвёртым доме па вуліцы Хрышчэнскай (цяпер на гэтым месцы Кастрычніцкая плошча), што перасякалася з вуліцай Паліцэйскай — сёння Янкі Купалы.

10. Чамадан

/i/content/pi/cult/645/14333/26 kultur 5.jpg

У 1935 годзе Янка Купала з групай пісьменнікаў у трэці раз выпраўляецца ў камандзіроўку ў Чэхаславакію. З той паездкі, акрамя паэтычных уражанняў і ўспамінаў пра цікавыя сустрэчы, ён прывёз дадому яшчэ адну піжонскую рэч: чамадан з чорнага дэрмаціну, акантаваны жоўтай скурай. Пляменніца паэта Ядвіга Раманоўская перадала музею чамадан славутага дзядзькі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"