На ім абрываецца след...

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Магчыма, апошні музейшчык, што бачыў Крыж Ефрасінні
Крыж Ефрасінні на працягу сваёй гісторыі наўпрост ці ўскосна адбіўся на лесё мноства людзей. Сярод іх вернікі і атэісты, святары і дзяржаўныя дзеячы, адмыслоўцы розных сфер культуры і мастацтва, літаратары, навукоўцы, музейшчыкі. Іх зацягнула ў сваё поле Гісторыя — як магніт прыцягвае метал. Адзін з такіх людзей — Уладзімір Венюкоў.

/i/content/pi/cult/645/14332/26 kultura 15+.jpg

Напярэдадні вайны фонды Магілёўскага дзяржаўнага музея былі размеркаваныя па трох кропках: непасрэдна ў памяшканні музея, у былым саборы і закрытай царкве, а найбольш каштоўныя рэчы — і сярод іх Крыж Ефрасінні Полацкай — у пакоі-сейфе Магілёўскага абкама ВКП(б). Будынак, у якім атабарыўся абкам, быў пабудаваны напачатку мінулага стагоддзя. Да рэвалюцыі ў ім месціўся банк, з 1919 па 1932 гады — Магілёўскі дзяржаўны гістарычны музей. Аднак спецыяльнае сховішча (пакой-сейф) заставалася там да трагічных дзён 1941 года, нягледзячы на тое, што сам будынак змяніў функцыю. Проста больш найдзейнага сховішча ў горадзе не было. Музей згарэў у першыя дні вайны, сабор і царква былі разрабаваныя акупантамі. А вось лёс каштоўнасцей, што былі ў будынку абкама, дагэтуль невядомы.

Разам з Крыжам Ефрасінні зніклі залаты і срэбраны ключы горада Магілёва, срэбраныя пячаткі, дадзеныя гораду разам з Магдэбургскім правам, упрыгожанні, знойдзеныя падчас раскопак у Пампеях, булава караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ, мітра Георгія Каніскага, кубкі з выявамі цара Аляксея Міхайлавіча і Пятра І, посуд з каштоўных металаў, манеты, прадметы царкоўнага і касцельнага начыння, да двух дзясяткаў евангелляў (і сярод іх — Слуцкае, пісанае ад рукі князем Алелькам), бранзалеты, пярсцёнкі…

Спіс страчаных каштоўнасцей прыведзены ў тлумачальнай запісцы адносна падзей 1941 года за подпісам Івана Мігуліна, які быў дырэктарам Магілёўскага музея ў тыя трагічныя дні. Па яго версіі, каштоўнасці не былі своечасова вывезены з Магілёва, і іх захапілі немцы. Цікава, што складзена тлумачэнне толькі ў 1947 годзе. Прычым ні ў гады вайны, ні пасля яе ніхто не прад’явіў дырэктару абвінавачвання ў злачыннай нядбайнасці, у выніку якой дзяржава панесла немалыя страты. І гэта ў той час, калі пад растрэльны атрыкул, паводле тагачаснай завядзёнкі, траплялі ўчынкі значна меншага маштабу. Ды і немцам за Крыж і іншыя каштоўнасці Магілёўскага музея рахунак чамусьці не выставілі…

Гісторыя, зачыненая ў сейфе

У сваім тлумачэнні Іван Мігулін пазначае, што “вопіс можа дапоўніць або ўдакладніць былы дырэктар Магілёўскага музея тав. Венюкоў”. Мабыць, спасылаецца не выпадкова: невядома ці мелі пасля 1932 года музейшчыкі доступ у пакой-сейф. Такім чынам, у аповедзе пра Крыж узнікае новая асоба — Уладзімір Леанідавіч Венюкоў, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага гістарычнага музея ў 1924 — 1932 гадах.

Менавіта ён у 1929 годзе атрымаў ад фельд’егера АДПУ Крыж Ефрасінні Полацкай і Слуцкае Евангелле. У згаданай вышэй тлумачальнай запісцы гаворыцца: “Пры Магілёўскім дзяржаўным гістарычным музеі захоўвалася частка дзяржаўнага фонду культурна-гістарычных каштоўнасцей. Рэчы фонду не экспанаваліся і захоўваліся разам з інвентарным вопісам у сейфе будынка Магілёўскага абкама КП(б)Б”.

На добры лад мусіць паўстаць пытанне: чаму каштоўнасці, якія зрабілі б гонар якому заўгодна музею, ляжалі ў сейфе? Але па тым часе гэтыя ўстановы выконвалі найперш прапагандысцкую функцыю, мелі на мэце давесці перавагу сацыялізму перад іншымі сацыяльнымі фармацыямі. А значыць, шэдэўры мастацтва эпохі феадалізму проста не ўладкоўваліся ў кантэкст казарменнага камунізму міжваеннага перыяду. У пакоі-сейфе яны мусілі быць надзейна схаваныя ад грамады. Да таго ж, для бальшавікоў мастацтва мінулых стагоддзяў было матэрыяльным рэсурсам, ліквідным таварам, прадаўшы які, можна прыдбаць грошы на індустрыялізацыю краіны. Трапіўшы ў згаданае сховішча, каштоўнасці былі пахаваныя і для навукі, і для гісторыі. Цалкам верагодна, што Уладзімір Венюкоў быў апошнім музейшчыкам, які трымаў у руках Крыж Ефрасінні і Слуцкае Евангелле.

/i/content/pi/cult/645/14332/26 kultura 15.jpg

Камуніст з дваран

Уладзмір Леанідавіч Венюкоў нарадзіўся ў 1903 годзе. Звестак па сабе пакінуў няшмат. Ён родам з Расіі, са шматдзетнай дваранскай сям’і. Пасля Кастрычніка ягоны бацька па лёдзе Фінскай затокі сышоў за мяжу, каб не мець з бальшавікамі нічога агульнага. А сам Уладзімір стаў камсамольцам і камуністам, збройна і як агітатар змагаўся за ўсталяванне новага ладу. У 1918 годзе пайшоў дабраахвотнікам у Чырвоную армію.

У часе войн і рэвалюцый кар’еры робяцца хутка. У тым жа 1918-м Луполаўскай партарганізацыяй Магілёўшчыны ён прызначаны камісарам пошты і тэлеграфа. Наступная пасада — камісар пошты і тэлеграфа Магілёва. Потым Уладзімір Венюкоў быў упаўнаважаным камісара Заходняга фронту па аднаўленні савецкай улады ў вызваленых раёнах, удзельнічаў у баях на польскім фронце.

/i/content/pi/cult/645/14332/Inesa S.jpg

Пасля дэмабілізацыі з канца 1920 па 1924 год быў на камсамольскай рабоце ў Магілёве, займаўся прапагандай электрыфікацыі, браў чынны ўдзел ў стварэнні музея. З 1925-га цалкам перайшоў на музейную работу. З 1932 па 1941 год Венюкоў арганізаваў і ўзначаліў Цэнтральны дом тэхнікі БССР — структуру, якая прапагандавала тэхнічныя веды і дапамагала вынаходнікам і рацыяналізатарам. Бараніў краіну ў Айчынную вайну, а потым шчыраваў на ніве культуры. Уладзімір Леанідавіч быў блізка знаёмы з кіраўніком Цэнтральнага штабу партызанскага руху Панцеляймонам Панамарэнкам. Пад ягоным кіраўніцтвам працаваў у гэтым штабе. Потым менавіта Панамарэнка паклікаў яго ў Мінск “падымаць Беларусь”. З 1948 па 1953 год кіраваў аддзелам музеяў Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры Савеце Міністраў БССР, а з 1954 года і да сыходу на пенсію працаваў у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аўтару гэтых радкоў давялося пагартаць некаторыя дакументы, датычныя працы Уладзіміра Венюкова ў музейнай сферы. Гэта загад Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў пры СМ БССР “Аб працы беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны” ад 30 ліпеня 1949 года, Прапановы згаданага Камітэта па паляпшэнні музейнай справы ў Рэспубліцы (17 — 18 снежня 1952 года), заява Венюкова старшыні Камітэту з нагоды пасяджэння Музейнага Савета ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 3 снежня 1951 года. Дакументы тыя маюць безумоўную гістарычную каштоўнасць, бо ў іх аб’ектыўна адлюстраваны стан музейнай справы ў Беларусі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. І, на жаль, некаторыя “родавыя плямы”, характэрныя для таго перыяду, даюцца ў знакі і дагэтуль. Гэта недастатковае для рэалізацыі буйнамаштабных праектаў фінансаванне, праблема папаўнення фондаў, праблема кадраў, праблема прыцягнення ў музей гледача.

Прычым, тагачасныя ідэалагічныя каноны было цяжка сумясціць з навуковай працай гісторыкаў і музейшчыкаў, якая для эфектыўнасці па вызначэнні мусіць быць дэпалітызаванай. Стыль дырэктыў рэжа слых і муліць вока жорсткасцю фармулёвак. Адчуваецца, што людзі прыйшлі з фронту, дзе навучыліся не шкадаваць ні сябе, ні падначаленых, дзе нават самыя абсурдныя загады не падлягаюць абмеркаванню, а толькі абавязковаму выкананню.

Мог трапіць у ГУЛАГ…

Да гонару Уладзіміра Венюкова трэба адзначыць, што і ў гэтых не надта спрыяльных умовах ён імкнуўся рабіць сваю справу максімальна якасна. Больш за тое, ён глядзеў у будучыню. І ў той час, калі музейная праца зводзілася да абслугоўвання ідэалогіі і прапаганды камунізму (адпаведна, экспазіцыі ахоплівалі толькі савецкую гісторыю), ставіў пытанне аб вяртанні Беларусі яе гістарычных каштоўнасцяў з музеяў Львова і Вільні (менавіта Вільні, а не Вільнюса — так у дакуменце) — слуцкіх паясоў і ўрэчскага шкла. Вядомы Венюкоў і як вынаходнік тэхналогій, што і сёння актуальныя ў музейнай справе пры кансервацыі экспанатаў.

Нам давялося пагаварыць з нявесткаю Уладзіміра Леанідавіча Інэсай Ігнацьеўнай. Яна не заспела яго жывым, але ад ягоных калег і сваякоў чула, што той ставіўся да працы выключна сумленна. Дазваляў сабе крытыкаваць кіраўніцтва за тое, што музейшчыкі марнуюць час на прапагандысцкія акцыі, якія мусяць праходзіць па зусім іншым ведамстве, замест таго каб па свежых слядах займацца зборам ваенных артэфактаў і ўспамінаў пра вайну.

Паводле яе слоў, ён, калі і не ведаў дакладна, дык здагадваўся, дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні. Але, падобна на тое, апошні з музейшчыкаў, які трымаў яго ў руках, знёс сваю таямніцу ў магілу. І гэта нядзіўна: ён да канца жыцця памятаў, што ў 1937 годзе мог трапіць у ГУЛАГ за сваё дваранскае паходжанне — нават нягледзячы на заслугі перад савецкай уладай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"