У Нясвіж дзеля ваўкоў…

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Вясною гэтага года ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Французскай Рэспубліцы Павел Латушка стаў па сумяшчальніцтве і першым Паслом Беларусі ў Княстве Манака. Падчас афіцыйнай цырымоніі ўручэння даверчых лістоў айчынны дыпламат перадаў князю Манака Альберу ІІ фотаздымак яго папярэдніка Луі ІІ, зроблены больш за 80 гадоў таму. Фон для нас добра знаёмы — гэта ўваход у Нясвіжскі палац! Адпаведна, шчыльныя повязі паміж нашымі дзяржавамі ўсталяваліся далёка не ўчора.

/i/content/pi/cult/645/14330/26 kultura 14.jpg

Віленская газета Slowo ў адным з лютаўскіх нумароў 1935 года паведаміла пра кур’ёзны выпадак, які адбыўся на чыгуначным вакзале Варшавы. Навуковая грамадскасць польскай сталіцы чакала прыезду французскага фізіка, нобелеўскага лаўрэата Луі дэ Бройля, які павінен быў выступіць з лекцыяй ва ўніверсітэце. У французскім пасольстве даручылі сустракаць госця дарадцу дэ Брэсі.

Ён прыехаў на вакзал акурат да прыбыцця парыжскага цягніка. Дыпламата трохі збянтэжыла, што на пероне, акрамя яго, не было нікога з прадстаўнікоў грамадскасці і навуковых колаў, хаця візіт госця такога рангу, якім быў дэ Бройль, выклікаў вялікі рэзананс. Але сумненні развеяліся, калі з вагона першага класа выйшаў прадстаўнічы мужчына, за якім камердынер нёс багаж. Сваёй паставай і знешнім выглядам незнаёмец нагадваў француза высакароднага паходжання. Ніколькі не вагаючыся, што перад ім славуты фізік, дэ Брэсі паспяшаўся да госця і прывітаў яго ад імя пасольства.

— Гэта вельмі прыемна, што пасольства накіравала вас, каб мяне сустрэць, але я прыехаў інкогніта і хацеў бы захаваць гэты статус, — адказаў той.

— Як інкогніта? Уся польская прэса паведаміла пра Ваш прыезд, мы ўжо замовілі нумар у гатэлі, — абурыўся дэ Брэсі.

— Навошта мне нумар, калі я не затрымаюся ў Варшаве і на пару гадзін!

— Але ж заўтра ў Вас лекцыя ва ўніверсітэце!

— Ніякай лекцыі! Я павінен неадкладна ехаць далей!

— Тады дзеля чаго вы прыехалі?

— Дзеля ваўкоў!

Урэшце высветлілася, што дарадца пасольства размаўляў не з вучоным, а з князем Манака Луі ІІ, які прыехаў на паляванне па асабістым запрашэнні іншага князя — Альбрэхта Антонія Радзівіла. А фізік Луі дэ Бройль прыбыў у Варшаву наступным цягніком, праз пару гадзін.

Абставіны і месца знаёмства князёў пакуль застаюцца для нас таямніцай. Але вядома, што прадстаўнікі роду Радзівілаў былі звязаны з Княствам Манака, прынамсі з другой паловы ХІХ стагоддзя. Канстанцін Радзівіл (1850 — 1920) яшчэ ў маладосці з’ехаў са свайго маёнтка Паланэчка (сёння — Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у Францыю, дзе ажаніўся з Луізай Антуанэтай Бланк (1854 — 1911), бацька якой заснаваў казіно ў Монтэ-Карла. Іх сын Леан Радзівіл (1880 — 1927) удзельнічаў у Першай сусветнай вайне як афіцэр французскай арміі, быў адзначаны многімі ўзнагародамі, а пасля стаў прэзідэнтам кампаніі La Societe des bains de mer у Монтэ-Карла, якая займалася гатэльным, рэстаранным, забаўляльным і гульнёвым бізнесам. Акрамя таго, Радзівілы, як і многія іншыя прадстаўнікі еўрапейскай арыстакратыі, неаднаразова бывалі ў Манака на адпачынку.

На момант візіту ў Нясвіж Луі ІІ ішоў 65-ты год. За плячыма была вучоба ў ваеннай акадэміі Сан-Сусі, служба ў Замежным легіёне ў Алжыры, удзел у Першай сусветнай вайне. З 1922 года Луі займаў трон Княства Манака. Па яго ініцыятыве ў краіне, плошча якой складае трохі больш за два квадратныя кіламетры, быў створаны футбольны клуб і праведзены першыя аўтагонкі, а таксама — заснавана балетная трупа ў оперы Монтэ-Карла.

У Нясвіж князь Манака прыбыў 23 лютага. На наступны дзень у суправаджэнні Альбрэхта і Леана Радзівілаў ён накіраваўся на паляванне ў Акінчыцкае лясніцтва Стаўпецкага павета. Разам з князямі палявалі намеснік нямецкага пасла ў Польшчы Шэліг, генерал Гжмот-Скатніцкі, князь Святаполк-Мірскі, граф Арлоўскі і граф Патоцкі, а таксама некаторыя службоўцы адміністрацыі Нясвіжскага павета. Здабычай таго дня сталі воўк, ліса і два дзікі.

Павячэраўшы ў рэстаране Стаўпцоўскага вакзала, уся кампанія ў спецыяльным вагоне, прычэпленым да пасажырскага цягніка, накіравалася ў Лунінецкі павет. Там, у Дзяніскавіцкім надлясніцтве, якое таксама належала Радзівілам, да паляўнічых далучыўся Караль Радзівіл, князь Чацвярцінскі з сынам, некаторыя мясцовыя памешчыкі і асаднікі. 25 лютага было наладжана паляванне на дзікоў, на якім Луі ўпаляваў кабана. А вось ці пашанцавала яму падстрэліць хоць аднаго ваўка, невядома.

Хутчэй за ўсё, наступны дзень кіраўнік Манака правёў у Нясвіжы, а 28 лютага ўжо выехаў з Варшавы. Газеты пісалі, што на пероне чыгуначнага вакзала ён з’явіўся ў вялізным кажуху, футраной паляўнічай шапцы і рукавіцах. У якасці сувеніраў князь вёз гарэлку і кракаўскую каўбасу.

Падчас перабывання каранаванай асобы ў Нясвіжы і быў зроблены той гістарычны здымак, які сённяшні пасол Рэспублікі Беларусь уручыў князю Манака. Здаецца, Луі ІІ быў апошняй каранаванай асобай, якая наведала радзівілаўскі Нясвіж. Ён пражыў доўгае жыццё (памёр у 1949 годзе) і, напэўна, не раз у сяброўскай кампаніі распавядаў пра заснежаныя беларускія лясы ды свае паляўнічыя поспехі.

Андрэй БЛІНЕЦ,
старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.