Вонкавыя праявы ўнутранага стану

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Што б мастак ні маляваў — краявід, нацюрморт, сюжэтную кампазіцыю, ён заўжды робіць аўтапартрэт, бо дэманструе свой унутраны свет, сваю шкалу каштоўнасцей, сваё “люблю” і “ненавіджу”. Гэта відавочна, калі мастак звяртаецца непасрэдна да жанру партрэта. У гэтым можна было пераканацца на рэспубліканскай выставе партрэта “Псіхалогия вобраза” ў Палацы мастацтва.

/i/content/pi/cult/645/14329/26 kultura 13+.jpg

Аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць на адборы твораў у экспазіцыю. Магу засведчыць, што адзіным крытэрыем, паводле якога карціны, скульптуры, графічныя аркушы маглі трапіць на выставу, быў прафесіяналізм аўтара. Ніякіх абмежаванняў у стылістыцы ці тэматыцы.

У асноўным экспазіцыя складаецца з работ апошніх гадоў, але ёсць і тыя, што не толькі добра вядомыя гледачам, але ўжо трапілі ў афіцыйную анталогію беларускага выяўленчага мастацтва. Напрыклад, прадстаўлены на выставе жывапіс Міхася Рагалевіча і Аляксандра Кішчанкі. Названыя творцы пабудавалі ўласныя сістэмы выяўленчых кодаў і вобразаў, пакінулі багатую творчую спадчыну і паслядоўнікаў. Да ліку дзеючых мастакоў, чыя творчасць у беларускім мастацтве знакавая, я дадаў бы Уладзіміра Тоўсціка і Алеся Ксяндзова. Іх почырк таксама ні з чым не зблытаеш. Тоўсцік прадставіў партрэты сваіх калег па творчым цэху — слынных творцаў, духоўна блізкіх аўтару і блізка яму знаёмых. Фактычна гэта прэзентацыя новага жывапіснага цыкла. Ксяндзоў жа даў на выставу работы вядомыя, але рэдка экспануемыя.

Калі лічыць, што экспазіцыя рэспубліканскай выставы насамрэч адлюстроўвае ўвесь спектр стыляў і канцэпцый беларускага выяўленчага мастацтва, дык атрымліваецца, што дамінаванню звыклым форм рэалізму ў нас нічога не пагражае. І наўрад ці ў бліжэйшай перспектыве ў стылёвым раскладзе беларускай палітры варта чакаць радыкальных змен. Зрэшты, ці патрэбныя яны? Мастацтва адлюстроўвае рэальны псіхалагічны стан грамады, а яе духоўным патрэбам цалкам пасуе тое, што ёсць. Дамінуючы напрамак у экспазіцыі прадстаўлены ў розных іпастасях — стылыстыкай, блізкай да гіперрэалізму (“Партрэт Аляксандра” Дзяніса Міхайлава), манументальнасцю (“Партрэт Арлена Кашкурэвіча” Юрыя Крупянкова), філасафічнасцю (партрэты з цыкла “Царствы” Уладзіміра Ганчарука), дэкаратывізмам (“Вялікі Казімір” Эвеліны Крыштаповіч), рамантызмам (“Мастак Тоня Слабодчыкава” Надзеі Лівенцавай), іншымі праявамі. Спробы ж выйсці за межы рэалістычных форм — эпізадычныя і маюць эксперыментальны характар. Ды і працуюць іх аўтары, увесь час азіраючыся на вялікі абшар традыцыі.

Даволі сціпла прадстаўлены на выставе гістарычны партрэт. Запомніліся хіба скульптуры Аляксандра Батвінёнка “Фёдар Дастаеўскі” і Сяргея Гумілеўскага “Дойлід Іаан”. Разам з тым відаць, што беларускія мастакі не замыкаюцца ў коле вобразаў, народжаных нашай зямлёю. Іх хвалююць драмы, што адбываюцца сёння за тысячы кіламетраў ад Беларусі. Мяне ўразіў сваёй трагічнасцю партрэт Садама Хусэйна работы Юрыя Несцярука.

Нагадаю, што выстава называецца “Псіхалогія вобраза”, што паводле вызначэння адкрывала перад удзельнікамі шырокую прастору для роздуму, эксперыменту, сумоўя з гледачом. Бо абшар чалавечай душы (“псіхалогія” з грэчаскай перакладаецца як “душазнаўства”) неабсяжны. Але сягаць у нетры душы мастакі ці не здолелі, ці абачліва не сталі гэтага рабіць. Я кажу не пра канкрэтных творцаў, але пра агульнае ўражанне. Вонкавыя эфекты цікавыя, а вось сапраўднага псіхалагізму ў шэрагу работ не стае. Нязвыклай жа трактоўкай самога разумення партрэта ўразіў хіба Аляксандр Даманаў у карціне “Прысвячэнне мастаку”.

/i/content/pi/cult/645/14329/26 kultura 13++.jpg

Развіваючы думку, з якой я распачаў нататкі, скажу, што мастацтва — аўтапартрэт грамадства. У гэтым сэнсе выстава, пра якую ідзе гаворка, можа ўспрымацца люстэркам, дзе кожны пры жаданні пабачыць сваё і знойдзе сябе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"