Беларуская выспа ў Сібіры

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Нашы святы адзначаюць і ў глыбінцы Сібіры, за тры з гакам тысячы кіламетраў ад Мінска. У адным з папярэдніх нумароў “К” ужо пісала пра фільм “Самаходы”, які пазнаёміў з жыццём беларускай вёскі ў Цюменскай вобласці. На яго прэм’еру завіталі самі героі. Адзінаццаць жыхароў Ермакоў пераадолелі бездараж, павадкі і проста вялікія адлегласці, каб пабываць на малой радзіме — у вёсцы Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна. Гэта здарылася ўпершыню не толькі ў іх жыцці, але і некалькіх пакаленняў іхніх продкаў. Такія адведзіны сталі адкрыццём як для гасцей, так і для гаспадароў. Адкрыццём новых цікавых традыцый, а таксама і малавядомай пакуль, але вельмі ўражвальнай старонкі гісторыі нашага народа.

/i/content/pi/cult/645/14323/kultura 6.jpg

У тайгу як у зямлю абяцаную

Пагадзіцеся, сюжэт пра каланізацыю беларусамі сібірскіх прастораў, якая адбывалася напрыканцы ХІХ стагоддзя, не надта ўпісваецца ў стэрэатыпы пра наш нацыянальны характар. Наўрад ці людзі пакорлівыя ды рахманыя маглі б адважыцца на такую авантуру: сарвацца з вякамі наседжаных месцаў ды рушыць усімі сем’ямі ў тайгу, каб распачаць там жыццё, лічы, з чыстага аркуша. Шлях доўгі, мясціны дзікія, клімат неласкавы (зіма дэ-факта доўжыцца ажно дзевяць месяцаў!), сацыяльная інфраструктура — мядзведзі ды ваўкі. Усё трэба рабіць самім, усё — выключна пад сваю ўласную адказнасць, бо ў выпадку чаго ніхто табе не дапаможа.

Аднаму чалавеку — якім бы ён ні быў пасіянарыем — здзейсніць такое перасяленне яўна было б не пад сілу. Іншая справа — суладная грамада. І менавіта ў гэтым тоіцца адзін з сакрэтаў цуду. Сакрэт, карані якога сягаюць яшчэ ў XVI стагоддзе, у часы Боны Сфорцы. Рэч у тым, што ў выніку ейных зямельных рэформаў на захадзе Беларусі сялянская абшчына была фактычна зліквідаваная, а вось на ўсходзе гэты “калектыўны мозг” захаваўся.

Як распавядае загадчыца Ермакоўскага сельскага клуба (а пры ім ёсць і прысвечаны “самаходам” музейчык) Надзея Вычужаніна, аперацыя планавалася дбайна і дэталёва. Напачатку рагіньцы выправілі ў Сібір некалькі талковых мужыкоў — на разведку ці, як яны казалі, “у сугляды”, забяспечыўшы іх грашыма на камандзіровачныя выдаткі. Братам Крупнікавым і Еўдакіму Мельнікаву ў Сібіры спадабалася, і яны сталі шукаць месца для будучага пасялення. Пра крытэрыі выбару можна лёгка здагадвацца: сярод іх былі не толькі багацце таго краю на прыродныя рэсурсы, але… і яго вонкавае падабенства да рагінскіх краявідаў.

— Тут усё, як у нас у Ермаках: як быццам я дадому прыехала! — здзіўляецца Надзея Вычужаніна, аглядаючы з пагорка ландшафты Гомельшчыны. — Мясцовасць — дакладна такая самая. І схілы, і балоты, і лясы, і бярозы…

Працавітым беларусам сібірская глушэча падалася зямлёй абяцанай. У рэках — поўна рыбы, у тайзе — дзічына, кедравыя арэхі, ягады, грыбы… Лесу бяры колькі хочаш, а калі яго выкарчоўваць, будуць і ворыўныя землі. Ёсць і ліпа, з якой рукастыя майстры ўмелі плесці кошыкі. Што яшчэ трэба для шчасця?

— Бабуля перадала мне аповеды першых пасяленцаў, — кажа Надзея Вычужаніна. — З раніцы пойдзеш да рэчкі, пакуль дзеці спяць, за пару хвілін наловіш рыбы — вось табе і сняданак!

Гэтак землякі паступова адваёўвалі сабе жыццёвую прастору ў непралазнай тайзе. У першую хату новай вёскі адразу заехалі пяць сем’яў. Піянеры за год збудавалі яшчэ пяць хат — і яшчэ дваццаць сем’яў справілі ўлазіны. Ну а далей — усё па прынцыпе снежнага камяка. Перасяленцы пісалі сваякам, рэкламуючы жыццё на новым месцы, і тыя таксама рушылі ў доўгі шлях.

— Сяліліся кампактна, — апавядае Надзея Вычужаніна. — Усе — хто прыйшоў з Рагіні — на адной вуліцы, якая так і называлася: Рагінская. Хто з Бушаўкі — на Бушаўскай…

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, “самаходы” дабіраліся ў Сібір, вядома ж, не пехатою — цягнікі тады ўжо хадзілі спраўна. Прынамсі, да бліжэйшага буйнога цэнтра Ішым: апошнія пару соцень кіламетраў і сапраўды даводзілася пераадольваць як давядзецца. Але ўзяць з сабою на новае месца ўдосталь майна, неабходнага, каб ажыцца на новым месцы, вядома ж, яны не маглі. Не ратавалі і 30 рублёў “пад’ёмных”, якія выдаваў каланізатарам царскі ўрад.

І мэбляй, і начыннем даводзілася абзаводзіцца ўжо на месцы і ўласнаруч. Што, у прынцыпе, добра атрымлівалася, бо з сабою беларусы прывезлі не толькі ўласныя звычаі і песні, але і ўмельствы ды тэхналогіі. А як разжыліся, сталі запрашаць майстроў з Беларусі: кавалёў, гарбароў, шаўцоў… Вёска лічылася заможнай.

Так, вытрымлівалі суровы клімат далёка не ўсе — былі і тыя, хто вяртаўся на радзіму. Але на іх месца тут жа прыбывалі іншыя шукальнікі лепшай долі. Хваля пасяленцаў несупынна расла, і непадалёк ад Ермакоў сталі засноўвацца новыя сёлы — Асінаўка, Ялоўка, Жыгулі... Карацей, цяжка меркаваць, ува што разраслася б гэтая беларуская калонія, каб не пачаліся несупынныя гістарычныя катаклізмы.

Лапці — такія самыя…

/i/content/pi/cult/645/14323/26 kultura 6.jpg

Самым кранальным пунктам трохдзённай праграмы візіту землякоў стала наведванне старых, але дасканала дагледжаных могілак у Рагіні і Бушаўцы. На сціплых вясковых помніках спрэс сустракаліся знаёмыя прозвішчы, хаця канкрэтных сваякоў нашчадкам “самаходаў” знайсці не ўдалося. Яно і нядзіўна — надта шмат часу прамінула.

Як распавядаюць ермакоўцы, яшчэ паўстагоддзя таму сувязі з роднымі мясцінамі сяк-так падтрымліваліся — прынамсі, праз ліставанне. Але потым яны неяк самі сабою абарваліся. Рагінь і Ермакі развіваліся нібы ў паралельных сусветах.

І застаецца толькі здзіўляцца таму, што цягам цэлага стагоддзя ў Сібіры захоўвалася беларуская выспа — амаль без падтрымкі, так бы мовіць, “вялікай зямлі”. Напэўна, прычынай таму — менавіта дух грамады. Як апавядаюць ермакоўцы, шлюбы са “староннімі” ў іх асяроддзі ніколі не віталіся. Ды і старэйшых там прынята шанаваць, а разам з імі — і векавыя традыцыі, прывезеныя продкамі з радзімы. У тым ліку, і песні — яны і пасюль гучаць са сцэны Ермакоўскага клуба ў выкананні мясцовага ансамбля “Расіяначка”.

Дарэчы, візітоўка калектыву “Там за рэчкай…”, відавочна, паходзіць родам менавіта з Рагіні — песня апісвае тамтэйшыя геаграфічныя ды тапанімічныя рэаліі. Нашчадак беларускіх “самаходаў” Алена Новікава, якая дбайна вывучае іх гісторыю, жывучы ў Санкт-Пецярбургу, можа лёгка расшыфраваць кожны радок.

Адно што мову перасяленцы прызабылі. Як сведчаць кадры таго ж фільма, ермакоўскія бабулькі яшчэ гавораць збольшага па-беларуску, а вось ужо наступныя пакаленні… У прынцыпе, няма чаму тут надта здзіўляцца: усё як у нас. Вось і разную шыльду нядаўна адкрытага ў вёсцы Чабатовічы цэнтра народнай творчасці нехта даўмеўся выканаць… не па-беларуску.

Зрэшты, гэта адзіная лыжка дзёгцю. Сам цэнтр, які з’явіўся на свет у няпросты час аптымізацыі — выдатны прыклад установы культуры папраўдзе новага тыпу. А заадно і сведчанне таго, што для дасягнення поспеху першасную важнасць маюць не грошы, а ідэя і густ. Тут можна і пазнаёміцца з багатым прадметным светам традыцыйнага побыту (этнаграфічная экспазіцыя і экскурсія — на “выдатна”!), і ўзяць шлюб у небанальным антуражы, і папіць гарбаты на зёлках, і пакарміць трусоў ці пакатацца на брычцы — што асабліва актуальна для малечы… Прычым усё гэта выглядае не па-музейнаму натуральна, бо цэнтр месціцца не ў бетоннай каробцы, а на звычайным вясковым падворку. Карацей кажучы, будзеце праязджаць міма — завітайце і не пашкадуеце!

— О, дык і ў нашай вёсцы такія лапці былі… Ведаю, ведаю, гэта пранік, — неаднаразова чулася ад “сібірскіх беларусаў” падчас экскурсіі.

Своеасаблівы элемент НКС

Больш за тое, адну праяву традыцыйнай культуры — цалкам годную надання ёй статусу элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны — сібірскія рагіньцы не толькі збераглі, але і могуць цяпер, так бы мовіць, вярнуць на радзіму. Гутарка пра варэнне піва па адмысловым рэцэпце. Як распавяла старшыня Буда-Кашалёўскага раённага савета дэпутатаў Алена Алексіна, піўная традыцыя ў тых краях даўно ўжо згасла. А вось у Сібіры — вараць па-ранейшаму перад кожным святам. Хмель ды іншыя патрэбныя інгрэдыенты госці прывезлі з сабою — каб прыгатаваць свой фірмовы напой да свята вёскі Рагінь.

У тым, што ўжыванне піва можа быць важным сацыякультурным працэсам, сумнявацца не выпадае. Як выявілася, такой самай камунікатыўнай функцыяй валодае і гатаванне ўлюбёнага многімі напою. Працэс гэта даволі доўгі, тэхналагічна няпросты. Прынамсі, трэба ведаць сякія-такія нюансы. Насамоце гаспадыні не ўправіцца, ды і проста сумна будзе, таму ў хату збіраюцца прыяцелькі. Ну, а калі трэба чакаць, пакуль састыне печка, чаму б не заспяваць — пад духмяныя водары?

— А ведаеце во такую? — гаспадар рагінскай хаты заводзіць “тутэйшую” песню. І сібіракі вось ужо ў чацвёртым-пятым пакаленні на паўслове хорам яе падхопліваюць! Падчас такіх імправізаваных вячорак усе прасторавыя і часавыя адлегласці нівелююцца самі сабою.

Стваральніцы фільма прафесар БДУКіМ Вольга Лабачэўская (якая, уласна, і адкрыла тую “выспу” для шырокай публікі) і рэжысёрка Ірына Волах перакананыя, што наладжванне стасункаў з нашымі суайчыннікамі за мяжою можа прынесці вялікі ды размаіты плён. Гутарка як пра пошук хаўруснікаў — а “свае людзі” ў розных кутках не пашкодзяць, — гэтак і пра ўсведамленне багацця нашай мінуўшчыны на самыя розныя цікавыя сюжэты.

Сустрэча землякоў завяршылася прачулымі абдымкамі ды развітальнымі слёзамі, ермакоўцы адбылі ў свой далёкі край… Вельмі важна, каб стасункі з той выспай у Сібіры не абарваліся зноў на пару пакаленняў. Балазе, у наш тэхналагізаваны век іх падтрымліваць не так і складана.