Хто мы сёння без Купалы?

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Пры жыцці Купалы яго здымалі ў афіцыйнай хроніцы, што здаралася і не так ужо часта.

Засталіся апошнія прыжыццёвыя здымкі паэта, зробленыя ў 1939 годзе на вечарыне, прысвечанай Шолам-Алейхему. У 1952 годзе рэжысёр Іосіф Шульман зрабіў кінарэпартаж “70-годдзе з дня нараджэння Я. Купалы” для кіначасопіса “Навіны дня”, а праз 10 гадоў рэжысёр Вадзім Сукманаў зняў кінасюжэт “Святкаванне 80-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы” для кіначасопіса “Савецкая Беларусь”. І далей кожнае дзесяцігоддзе да чарговага юбілею выпускаліся стужкі ў жанры кіналекцыі, біяграфічнага фільма або кінанарысу. Фільм Віктара Дашука “А зязюля кукавала...” канон парушыў. Ён выбудаваў стужку як філасофска-паэтычны роздум аб творчасці Купалы.

/i/content/pi/cult/645/14321/26 kultura 2.jpg

Лінія паэтычнага асэнсавання асобы і творчасці паэта працягнулася і ў наступныя гады: можна ўзгадаць фільм Уладзіміра Бокуна “Імша па Купале” і “Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка” Міхаіла Якжэна. Але драматургія большасці стужак купалаўскага напрамку ў неігравым кіно заставалася традыцыйнай і выбудоўвалася па ўзорах літаратурных нарысаў. Новы паварот у экранным раскрыцці купалаўскай тэматыкі звязаны з тэлевізійным дакументальным серыялам “Цені і постаці” рэжысёра Алеся Матафонава. Стварэнне і паказ на Беларускім тэлебачанні быў прымеркаваны да чарговага юбілею — 120-годдзя Купалы і Коласа, але гэта не адбілася на драматургіі і стылістыцы тэлефільма, створанага сучаснай экраннай мовай у жанры гістарычнага даследавання лёсу паэтаў на фоне эпохі.

Прайшло пятнаццаць гадоў, і на “Беларусьфільме” ў студыі “Летапіс” з’явілася дакументальная стужка “Янка Купала”, якую таксама можна назваць знакавай для айчыннага неігравога кінематографа. Здавалася, цяжка ўявіць, што можна зрабіць прынцыпова новага ў “экраннай купаліяне” (выраз вядомай кіназнаўцы Вольгі Нячай). Але аўтары фільма — сцэнарыстка Вольга Дашук і рэжысёр Віктар Аслюк — сродкамі дакументальнага кіно паспрабавалі асэнсаваць значэнне паэтычнай спадчыны Купалы: тое, кім быў і ёсць паэт для людзей, якія жывуць на гэтай зямлі.

І далей — што значыць сучасная Беларусь з яе гісторыяй і сучаснасцю для ўсяго свету? Гэты роздум не заяўлены ў дыктарскім каментары, ён — у змястоўным выяўленчым шэрагу карціны.

Паняцце зямлі ў фільме пашырана, яно не лакальнае — як, зрэшты, і сама паэзія Купалы. Краіна прадстаўлена ў розных краявідах, гарадскіх і вясковых, з рознымі героямі. Планетарнасць стужцы надае галоўная драматургічная лінія, знятая ў музеі Янкі Купалы, калі дыпламаты з розных часцін свету чытаюць вершы па-беларуску і ў перакладе на свае родныя мовы. Рэжысёр вырашыў не даваць субцітры, каб больш выразна адчувалася мелодыка купалаўскіх вершаў. Яна падкрэслена ў рытме карціны і ў кантрапунктным спалучэнні “расцягнутай хронікі” з гучаннем радкоў Песняра. Асабліва выразна іх шматзначнасць выявілася ў кадрах з экраннай выявай верша “А хто там ідзе?” Аслюк — вучань Дашука і, зразумела, прытрымліваецца традыцый вобразна-філасофскага асэнсавання.

У фільме ёсць таксама яшчэ адна важная драматургічная лінія, зробленая ў жанры своеасаблівага вострага рэпартажу — размовы з малымі і сталымі беларусамі пра творчасць Купалы. Гэта самая балючая частка карціны. Прынята лічыць Віктара рэжысёрам, які імкнецца да элегічнага кінематографа, хаця ў яго запаволеных стужках заўсёды адчуваецца ўнутраны канфлікт.

Фільм “Янка Купала” невялікі па хронаметражы: менш за трыццаць хвілін. Але гэты сціслы экранны час змяшчае мноства пытанняў, і галоўнае з іх — “Хто мы сёння без Купалы?”

Галіна ШУР,
кіназнаўца