Папараць-кветка — у купальскім вянку

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

8 — 9 ліпеня на Шклоўшчыне пройдзе Міжнародны фестываль мастацтваў “Александрыя збірае сяброў”. Ён ладзіцца з 2010 года і за гэты час пераўтварыўся ў маштабнае купальскае свята прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі. Сёлетні фестываль, як і папярэднія, прэзентуе шмат адмысловых цікавостак.

Якое Купалле без пошукаў папараць-кветкі? Старадаўняя традыцыя ператворыцца падчас фэста ў сучасны інтэрактыўны квэст. І ўвогуле, на свяце “Александрыя збірае сяброў” мінуўшчына шчыльна знітавана з днём сённяшнім. Да прыкладу, як распавядае “К” дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў, фестывальнымі днямі будуць падведзены вынікі абласнога конкурсу купальскіх галаўных убораў і вянкоў. Ужо сёння можна сцвярджаць, што вынік творчых шчыраванняў атрымаўся надзвычай цікавым. Прынамсі, сярод традыцыйных матываў дакладна прасочваюцца навамодныя тэндэнцыі.

Летась Магілёўскі абласны метадцэнтр з лютага па кастрычнік ладзіў на сваёй базе абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Скарбніца Прыдняпроўя”, на якім лепшыя этнічныя гурты Магілёўшчыны прэзентавалі абрады, характэрныя для кожнай пары года. Так што гледачу будзе прапанаваны купальскі абрад у рэканструкцыі ад “Скарбніцы Прыдняпроўя”.

Такія экзоты прывабілі сёлета не толькі ўкраінцаў ды расіян. Па словах Алега Хмялькова, у Александрыю прыедуць госці з Польшчы, Эстоніі, Літвы, Латвіі — усяго каля ста чалавек.

Кожная з абласцей прапануе на фэсце свой тэматычны падворак. Будуць працаваць гандлёвыя рады. У калекцыянераў фестывальных сувеніраў з’явіцца цудоўная магчымасць папоўніць свае зборы на выставе-кірмашы народных промыслаў і рамёстваў. З канцэртнай праграмай выступяць, безумоўна, лепшыя філарманічныя калектывы, вядучыя майстры беларускай эстрады, творчыя калектывы прыдняпроўскіх рэгіёнаў.

Словам, фэст “Александрыя збірае сяброў” абяцае стаць, як і ў мінулыя гады, незабыўнай ды феерычнай падзеяй.

Тэлеканал АНТ — адзін з арганізатараў свята — падрыхтаваў эстрадна-цыркавое шоу “Купальскі сон”. Складнікамі гэтага відовішча, аб’яднанага купальскім сюжэтам, стануць цыркавое мастацтва, харэаграфія і акцёрскае майстэрства. Тэлеверсія “Купальскага сну” будзе паказана 9 ліпеня.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"