Юнацкі агітузвод гамяльчаніна.

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У абласным музеі ваеннай славы працуе выстаўка “Дзеці вайны”.

Вайна не ведае ўзросту, перад яе страшэнным абліччам роўныя і старыя, і малыя. Горкае сіроцтва, лагеры смерці выпалі на долю соцень тысяч дзяцей вайны. Нездарма іх называлі “падранкамі”.

Выстаўка распавядае пра лёсы юных ураджэнцаў Гомельшчыны. Больш за 120 музейных экспанатаў — фатаграфіі, дакументы, лісты, кнігі, малюнкі — нікога, бадай, не пакінуць абыякавым, дапамагаючы асэнсаваць тое, што давялося перажыць дзецям у час вайны, іхнія боль і пакуты.

З першых дзён Вялікай Айчыннай юныя гамяльчане сталі ў адзіны баявы строй з дарослымі, робячы ўсё магчымае дзеля Перамогі. Яны былі сувязнымі, разведчыкамі, падрыўнікамі, санітарамі… Сярод падпольшчыкаў і партызан змагаліся Анатоль Захаранка, Васіль Шолухаў, Саша Раманенка, Антон Губараў, Рыгор Падабедаў... Многія з іх загінулі…

Больш за палову вязняў канцлагера “Азарычы” ў Калінкавіцкім раёне складалі дзеці. Яны гінулі першымі, асабліва тыя, хто застаўся без бацькоў.

На выстаўцы сабраны дакументы і абвінавачванні сведкаў пра зборны пункт у Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, адкуль былі вывезены ў Германію ў якасці донараў для нямецкіх салдат і афіцэраў каля 2000 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Цяпер там збудаваны мемарыял, прысвечаны памяці дзяцей — ахвяр вайны.

Мацней за ўсялякія словы ўражваюць здымкі і рэчы вязняў фашысцкага канцлагера ў нямецкім Рынхлебене: фота сям’і Пазняк з вёскі Сінск Лоеўскага раёна або малітоўнік малалетняга вязня лагера ў Магдэбургу М.Ганчара, які хлопчык атрымаў у абмен на сутачную порцыю хлеба.

Ладны фрагмент выстаўкі прысвечаны нашаму земляку — балетмайстру А.Обранту, які ў лютым 1942 года па даручэнні палітаддзела 55-й арміі Ленінградскага фронту арганізаваў агітузвод са сваіх выхаванцаў — удзельнікаў танцавальнага ансамбля Ленінградскага Палаца піянераў. Выступленні блакадных дзяцей, якія бясстрашна танчылі пад агнём ворага, былі самай лепшай “палітінфармацыяй” для ўздыму баявога духу нашых воінаў. Усяго за гады вайны артыстычнае падраздзяленне старшага лейтэнанта А.Обранта дало на фронце 3000 канцэртаў. А ў Дзень Перамогі обрантаўцы выступалі на Дварцовай плошчы ў Ленінградзе.

Маленькія салдаты, сыны і дочкі палкоў — цудоўны прыклад мужнасці і адвагі, сапраўднай грамадзянскасці. З музейных стэндаў глядзяць на нас Павел Хількевіч, Стась Краўнікаў, Валянцін Дончык, Мікалай Галаганаў — усе яны ўдзельнікі ўзяццяБерліна. За асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. А фатаграфія Жоры Арцёменкава, 14-гадовага сына аднаго з палкоў 150-й стралковай дывізіі, з байцамі-разведчыкамі на прыступках толькі што ўзятага Рэйхстага, абляцела ўвесь свет. На сцяне Рэйхстага сярод тысяч аўтографаў ёсць і ягоны.

Дзяўчынкі і хлапчукі ваеннай пары ахвяравалі сваім дзяцінствам, сваімі жыццямі дзеля Вялікай Перамогі. Мы абавязаны гэта ведаць, памятаць і шанаваць іх. У гэтым — асноўная задума выстаўкі.


Ала ЯГОРАВА,
загадчык аддзела Гомельскага абласнога музея ваеннай славы