“Баявая машына”: паехалі!

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Да Дня Незалежнасці краіны “Беларусьфільм” падрыхтаваў 10-хвілінную анімацыйную стужку “Баявая машына”. Учора на нацыянальнай кінастудыі адбылася яе здача для сямейнага гледача.

/i/content/pi/cult/645/14318/26 kultura 3.jpg

У аснове сюжэта зборны вобраз танкіста, які ўварваўся на Т-34 у яшчэ акупаваны фашыстамі Мінск за некаторы час да дня вызвалення беларускай сталіцы. Зрэшты, такія гісторыі, гаворыць рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Касцючэнка, сапраўды здараліся і не толькі ў нас. Да гэтага абагульнення сцэнарыст Дзмітрый Якутовіч дапасаваў лінію кахання і вымушанага расстання галоўнага героя-танкіста, які да вайны працаваў кіроўцам аўтобуса, і школьнай настаўніцы.

/i/content/pi/cult/645/14318/263.jpg

Мастаком-пастаноўшчыкам новай карціны анімацыйнай студыі “Беларусьфільма” выступіў… вядомы скульптар Канстанцін Касцючэнка. Як кажа рэжысёр, якраз воку скульптара лепш даюцца многія нюансы ў анімацыі. Скарыстоўвалася ў рабоце змяшаная тэхніка. Ёсць сцэны, выкананыя пры дапамозе камп’ютарнай графікі, а іншыя рэалізаваныя праз тэхніку перакладкі. Сярод іх і шэраг найбольш яскравых эпізодаў. Выявы танка Т-34 адсканавалі, а затым яны нібыта разбіраюцца на дэталі. Але акцэнт здымачная група зрабіла на акадэмічны малюнак. Гэта, на думку Наталлі Касцючэнка, — найвышэйшы пілатаж у анімацыі. Цікава, што найбольш адпаведнае задуме аўтараў валоданне ім паказалі нядаўнія выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, мастакамі карціны выступілі Тамара Стасевіч, Ірына Бялова, Вікторыя Прасанава, Валянціна Калеснікава…

Што да іншых цікавостак “Баявой машыны”, дык мадэлямі для персанажаў фільма выступалі самі члены здымачнай групы. Так было зручна рабіць карэкціроўкі вобразаў. На экране з’явяцца Чырвоны касцёл, будынкі Акадэміі навук і сённяшняга Купалаўскага тэатра, гмах колішняга Інстытута фізкультуры на цяперашняй плошчы Якуба Коласа. Апошнія штрыхі да таніравання выяў рабілі перад здачай карціны мастакі-дызайнеры камп’ютарнай графікі Дзіяна Бяцун і Алена Туманава. Цікава, што многія ваенныя кадры вырашаны ў карычневай гаме, а даваенныя — у поўным колеры. Паядноўваў кадры ў стужку кампоўзер Мікалай Ярунін. Нямала ўвагі стваральнікі карціны надалі перадачы атмасферы 1940-х і дакладнасці ў дэталях. Дзеля гэтага былі вывучаны многія здымкі горада і фота салдат перыяду Вялікай Айчыннай вайны.