Губернатар вострава Ду… Ёсць вакансія!

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Глыбінка без статусу правінцыі
Сёння мы — зноў пра рэчкі, азёры, ды яшчэ — пра якары ды таямнічыя астравы. Справа ў тым, што капітан першага рангу, падводнік, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і паэт Васіль Руды — родам з Асвеі. Ён, рамантык, падарыў гарпасёлку марскія якары, што ўладкаваны ля мясцовага ДК. Менавіта ягонае імя носіць мясцовая бібліятэка. Але гэта далёка не ўсё, што тычыцца “водных” перспектыў Асвеі. Застануцца час ды месца і для гутаркі пра “сухапутнае” Сенькава, якое лучыць з Асвеяй брэндавасць пэўных з’яў і акалічнасцяў.

Але спачатку — развагі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Верхнядзвінскага райвыканкама Надзеі Масквічовай.

Налета абласныя дажынкі

Пачнём з прыярытэтаў. Для Верхнядзвінска — гэта не толькі буйнамаштабнае свята хлебаробаў, якое адбудзецца ў гэтым райцэнтры ў наступным годзе і прынясе, як спадзяецца Надзея Аркадзьеўна, дадатковыя сродкі ў сферу культуры. Пра хуткі пераезд з гэтай нагоды Дома рамёстваў у гістарычны будынак мы ўжо пісалі.

Сярод прыярытэтаў — і міжнароднае супрацоўніцтва, якое пакуль не перарасло ў рэальныя гранты Еўрапейскага саюза. Але… Заключана і эфектыўна выкарыстоўваецца пагадненне з Краславай і шэрагам іншых гарадоў Латвіі і Расіі. Сведчаннем такога супрацоўніцтва стала дзіцячае свята мастацтваў “Дзвіна — Двина — Daugava”, якое якраз перад нашым прыездам сабрала ў Верхнядзвінску больш за 500 юных талентаў з 12 гарадоў Беларусі, Расіі і Латвіі. А адносна нядаўна ў Верхнядзвінску адбыўся выязны семінар з удзелам работнікаў культуры Латвіі. Як мы зразумелі, атрымаўся ён надзвычай плённым, бо суседзі дзяліліся як сваімі актуальнымі праблемамі, так і напрацоўкамі, вартымі ўвагі і пераймання. Чаго вартыя толькі майстар-класы латвійскіх народных майстроў, у якіх паўдзельнічала блізу 500 чалавек!

Але ў Верхнядзвінску спадзяюцца не толькі на міжнародныя праекты ці падтрымку з Віцебска. Тут нараджаюцца і рэалізуюцца крэатыўныя праекты. Згадаем толькі некаторыя. Цікавыя напрацоўкі ў раённай бібліятэцы. З першага чэрвеня ў Верхнядзвінску працуе так званая “бібліяняня”. Сутнасць паслугі ў тым, каб маладыя бацькі ў суботу маглі на 2 — 3 гадзіны пакінуць сваіх дзяцей з кампетэнтным работнікам бібліятэкі, а самі трошкі адпачыць, а, можа, у спакойнай абстаноўцы таксама ўзяцца за кнігу. Карыстаецца попытам у гараджан і выязная бібліятэка ў месцах адпачынку, дзіцячая бібліятэчная пляцоўка. А цяпер і яшчэ адна цікавостка: работнікі культуры ладзяць святочную праграму для бацькоў, якія забіраюць дзяцей з радзільнага дома. Згодна з традыцыйнымі абрадавымі дзействамі. А традыцыі і гісторыя тут сапраўды багатыя. Словам, глыбінка не выдае на глыбінку.

Каб не мінскі ваявода…

Зробім невялічкі экскурс у гісторыю. Асвея ўражвае і вабіць рэшткамі палаца ў шыкоўным старасвецкім парку. Хаця б дзеля гэтага варта сюды прыехаць. Росквіт мястэчка звязаны з імем мінскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена. Гэта ён узвёў велічны палац (зруйнаваны ў 1914 годзе), разбіў узорны парк і запрасіў сясцёр міласэрнасці, якія стварылі тут манастырскі шпіталь. Звязана Асвея і з імёнамі магнатаў Сапегаў, Кішкаў, Шадурскіх. Славілася мястэчка кірмашамі на ўвесь свет. Словам, правінцыяй не лічылася. Не лічыцца такой у культурным плане і цяпер.

Мы агледзелі рэшткі палацавага класіцызму. Карцінка — надзвычай маляўнічая. Дырэктар Верхнядзвінскага РЦК Святлана Канавальчык запэўніла, што менавіта тут, у старасвецкім парку, ладзяцца ўсе маштабныя летнія мерапрыемствы, і канцэрты, і тэатралізацыі. Мы вельмі здзівіліся б, каб гэта было не так. Дарэчы, тут захаваўся шпіталь і па-ранейшаму жывуць манахі. Інакш кажучы, ёсць што паглядзець і ёсць каго паслухаць. Што і казаць, шмат такіх райскіх куточкаў па Беларусі, але рэдка які выкарыстоўваецца як пераканаўчы антураж да канкрэтных культурных дзей. Аднак не толькі паркам ды пашанотнымі мурамі славіцца Асвея. Ёсць яшчэ брэнды, але пакуль мясцовага, так бы мовіць, значэння. А пра іх павінна ведаць краіна.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Пасля кожнай аўтавандроўкі мы прыходзім да высновы: Беларусь — тая краіна, якая не стамляецца здзіўляць не толькі сваіх насельнікаў, але і гасцей. Мы, на жаль, не навучыліся пакуль гэтым карыстацца. Апанент запытаецца: “Дык чым канкрэтна здзіўляць збіраецеся?” Адказ напагатове: “Не толькі аўтэнтычным мастацтвам, але і прыродай: мёрскімі балотамі ды журавінамі, верхнядзвінскімі дванаццаццю прычаламі, асвейскім палацава-паркавым ансамблем, мясцовым возерам і востравам, пра які гаворка — крыху ніжэй… І ў гэтым адступленні хацелася сказаць яшчэ вось пра што. Далёка не ў кожным аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўсвядомілі, што “памяшканнямі” для гуртковай, праектнай, тэатральнай ды канцэртнай дзейнасці павінны стаць парк, востраў, рачны ды азёрны бераг… У Асвеі — усвядомілі. Якім будзе наступны крок?

/i/content/pi/cult/645/14317/2610.jpg

І зноў чытацкая чарга

Бібліятэкарамі ў Асвеі працуюць Наталля Статун і Галіна Радзюк. Як і на Мёршчыне, мы зноў пабачылі плойму чытачоў, нават чарга ўтварылася, але далёка не ўсе пагадзіліся ўзяць удзел у імправізаванай фотасесіі. Дык вось, бібліятэка носіць імя капітана Васіля Рудога, які ўсё сваё жыццё дапамагаў сваім землякам.

У Асвеі, па ўсім відаць, шануюцца слаўныя землякі. Поруч з прозвішчам Васіля Рудога стаіць і асоба пісьменніка Генадзя Геродніка, які тут нарадзіўся, але жыў у Эстоніі, аднак на малую радзіму ніколі не забываўся. Пад кніжкі Геродніка (з дарчымі подпісамі) у бібліятэцы адведзена асобная шафа. Мы за час аўтавандровак такога не бачылі. Хіба ж дзіва, што да чытання тут прывучаны і дзеці, і дарослыя, усяго — паўтары тысячы чытачоў.

Кніжны фонд, па прызнанні работніц, стараваты. Для больш прадметнай работы з чытачамі не стае ў бібліятэцы мультымедыйнай тэхнікі.

Але бібліятэкары, як аказалася, не сядзяць на месцы, ладзяць экскурсіі да палаца Гільзена, да Асвейскага возера. І ўвогуле, “водная” тэматыка (чытай — экалагічная) — адна з вядучых не толькі ў дзейнасці кніжніц.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Засяліўшыся ў верхнядзвінскі гатэль і маючы вольны час увечары, вырашыў здзейсніць невялікую вандроўку ў латвійскую Краславу ды параўнаць мясцовыя рэаліі з беларускімі. Культурнага шоку не атрымаў. У той жа час убачыў, як ставяцца нашы суседзі да гісторыка-культурнай спадчыны і робяць усё магчымае, каб чалавек адчуваў сябе камфортна. Але больш уразіла размова з латвійскімі памежнікамі, якія аказаліся людзьмі гаваркімі і з вялікім спадзяваннем разлічваюць, што неўзабаве будзе максімальна спрошчана візавая сістэма паміж нашымі краінамі і нашмат больш людзей убачаць прыгажосць той жа Латгаліі. З другога боку, перакананы, і жыхарам Латвіі будзе цікава наведаць самую паўночную кропку Беларусі і пакаштаваць там смажанай сніткі, рэцэптам якой падзяліліся ў Сенькаве. Вось так і нараджаюцца брэнды.

Ля якараў

Якары тыя ўладкаваны, як мы казалі, ля ГДК. А паблізу — бязмежнае Асвейскае возера. Аднак спачатку — пра парк Гільзена. Дырэктар клубнай установы Вольга Навіцкая і мастацкі кіраўнік Таццяна Калеснік распавялі, што летась у Асвеі праходзіў экалагічны фэст “Асвейскія росы”. Першы дзень усё адбывалася ў ГДК, другі — у парку. Для гульняў і конкурсаў тут — раздолле. Таму свята аматарскіх калектываў ладзіцца менавіта ў паркавай засені старадрэвінаў.

Пакрысе асвойваецца і водная прастора. Асвейскае возера для тутэйшых — мясціна сакральная. Пасярод люстранай гладзі — востраў Ду (назва, як кажуць, — балцкага паходжання, перакладаецца як “востраў”). Была тут калісьці немалая вёска Востраў. Цяпер і падмуркаў ад хат не засталося, толькі рэшткі індустрыйнай дзейнасці пасярод хмызнякоў і закінутых лугоў: нейкія ржавыя цыстэрны, металічныя бэлькі і гэтак далей. Памёр і апошні “губернатар” вострава Ду, па жартаўлівых сведчаннях — нейкая хатняя рагатая жывёліна. Мы вось пра што. Незаселены востраў як пішчом цягне наведвальнікаў (у асноўным прыезджых) з прыродна-экалагічным інтарэсам. Вось дзе прастора для квэстаў, вось дзе вечная крыніца для творчых адкрыццяў! Вельмі хацелася б, каб гэту нішу з экскурсіямі-квэстамі (чаму б і не платнымі?!) занялі менавіта мясцовыя работнікі культуры. Урэшце, нездарма ж якары Васіля Рудога сталі клубным сімвалам. Але пакуль вакансія губернатара вострава Ду застаецца адкрытай. Не спазніцца б!

Сенькава ды “Сенькавіца”

Галоўны сувенір-брэнд вёскі Сенькава — кот Сенька з матэрыі. Сцвярджаюць, што спрыяе назапашванню грашовага капіталу. Адзін з нас такога ката мае ўжо некалькі гадоў і можа ўпэўнена сцвярджаць: хоць і няма пакуль вялікіх грошай, але і жабрацтва не пагражае.

Галоўныя ж людзі на вёсцы тыя, хто катоў (і не толькі!) робіць: работнікі культуры — кіраўнік Сенькаўскага клуба Любоў Марынская і мастацкі кіраўнік гэтай установы Людміла Крыванос. Дарэчы, унучка апошняй, Дана, — салістка гурта “Галасы вякоў”. Мо ўпершыню мы пабачылі і пачулі гурт — спадарожнік дарослага народнага калектыву “Сенькавіца”. Спадарожнік — сапраўдны, не фармальны, не для адчэпнага. Гэта — брэнд для вёскі самы важны. І, адначасова, гарант таго, што аптымізацыя гэта паселішча ў бліжэйшы час не закране.

Вельмі шануюць у вёсцы ветэранаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У бібліятэцы нават фотагалерэя гэтых бессмяротных людзей ёсць. Пра іх тут могуць распавядаць бясконца. Усе яны — сваякі ды родзічы. Да слова, адсюль родам і краязнаўца Антон Бубала, пра якога мы напісалі ў папярэднім артыкуле. Быў ён падчас апошняй вайны немаўляткам. А наўкола — партызанская зона. Таму карнікі пастаянна наведваліся ў наваколлі. Аднойчы ўзімку, падчас такога налёту, маці з маленькім Антонам хавалася ў лесе. Ледзьве выжылі, бо заваліла іх снегам. Так што ў краязнаўцы свае ўспаміны пра ваеннае ліхалецце.

Нават у Сенькаве, самай паўночнай вёсцы Верхнядзвіншчыны, мы не адчулі, што знаходзімся ў глыбінцы, якую прынята называць перыферыяй. Усё круцілася, вярцелася, спявала, таньчыла і пераконвала, што аптымізацыі не па зубах скасаванне мясцовай культуры.

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Рэзерваў далейшага развіцця раённай культуры на Верхнядзвіншчыне — надзвычай шмат. І сёе-тое ў гэтым кірунку робіцца. Безумоўна, хацелася б, каб “карцінка” была больш яркай ды пераканаўчай. Але разумеем і тое, што для такой “мастацкай дэталізацыі” патрэбны немалы час.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"