Святкуе ўся Беларусь!

№ 26 (1309) 01.07.2017 - 07.07.2017 г

Рэдакцыя сабрала для сваіх чытачоў праграму мерапрыемстваў на 3 ліпеня. Што можна паглядзець, акрамя святочнага парада, і дзе правесці час з сябрамі ў сталіцы і ў абласцях — чытайце ў гэтым матэрыяле.

Брэстчына

У святочны панядзелак парк культуры і адпачынку Брэста а 13 гадзіне стане пляцоўкай для дэманстрацыі рэгіянальных брэндаў. Тэатр эстрады запрашае на святочны канцэрт прафсаюзных калектываў; увесь дзень на тэнісных кортах Брэста будуць адбывацца гарадскія парныя турніры, дзе могуць паўдзельнічаць не толькі сталыя тэнісныя аматары, але і дзеці да дзесяці гадоў. Акрамя тэніса ў 13:00 пачнецца гарадскі турнір па петанку (адкрытыя спаборніцтвы пачалі праводзіцца ў горадзе з 2016 года). Брэсцкая бібліятэка імя Максіма Горкага прапануе правесці Дзень Незалежнасці сярод літаратуры, прысвечанай святу. Дзень завершыцца выступам ваенных духавых аркестраў Брэста і гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі, які адбудзецца на плошчы Леніна ў 21:20.

Віцебшчына

Сталіца “Славянскага базару...” пачне святкаваць з 1 ліпеня: у суботу ў парку імя Савецкай Арміі пройдзе “Свята паветра”. Наступны дзень абяцае быць вельмі яскравым — гараджан чакае “Свята фарбаў Холі”. Дзень Незалежнасці ў Віцебску пачнецца са святочнага парада а 10 гадзіне. Канцэрты будуць праходзіць у асноўным на адкрытых пляцоўках мікрараёнаў горада. Парк імя Савецкай Арміі стане пляцоўкай для сямейнага адпачынку “Тата, мама, я! Разам — Беларусь і Я”. Конкурс малюнкаў на асфальце з 12:00 да 14:00, экскурсіі на цеплаходзе, вялікі канцэрт у цэнтры горада і салют у 23:00 стануць добрым завяршэннем свята ў Віцебску.

Гомельская вобласць

Вялікая праграма на Дзень Незалежнасці прадугледжана ў Гомелі. 3 ліпеня па вуліцы Савецкай пройдзе ўрачысты ход ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў улады, спартсменаў, розных творчых калектываў і дэлегацый з райцэнтраў Гомельскай вобласці. А 11 гадзіне са свята вышыванкі распачнецца і ўся святочная праграма. Так, на плошчы Леніна можна будзе ўбачыць выставу спецыялізаванай тэхнікі, у кінатэатры імя Калініна бясплатна паглядзець ваенную драму “28 панфілаўцаў”. На набярэжнай развернецца вялікі кірмаш “Горад майстроў”, дзе можна будзе набыць сабе розныя рэчы з беларускім нацыянальным арнаментам, а пасля далучыцца да фестывалю беларускай моды. У Чыгуначным раёне супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы прапануюць паказальныя выступленні кінолагаў. Савецкі раён зробіць акцэнт на сырным падвор’і і азотным шоу, Навабеліцкі — на здаровым ладзе жыцця (падчас свята можна прайсці кансультацыю з дыетолагам). Цэнтральны раён у 17:00 запрашае на музычны марафон, галоўным удзельнікам якога стане Алег Газманаў. Дзень Незалежнасці ў Гомелі завершыцца святочнай акцыяй “Праспяваем гімн разам!” і вялікім салютам.

Гродзеншчына

Дзень Незалежнасці ў Гродне таксама распачнецца з парада, а ўжо ў 11:00 плошча Тызенгаўза стане вялікай пляцоўкай для экспазіцыі ваеннага музея. На плошчы Леніна ў 12:00 пройдзе аўтограф-сесія з прадстаўнікамі каманды хакейнага клуба “Нёман”, таксама на працягу ўсяго дня можна будзе паназіраць за майстар-класамі па розных відах адзінаборстваў і турнірах па стрытболе. Парк Жылібера запрашае не толькі на першы гарадскі турнір па пляценні косаў, але і на вялікую выставу сучаснай тэхнікі гарадскіх службаў і гульню-квэст “Мая Беларусь!” Вуліца Савецкая стане музычным цэнтрам Дня Незалежнасці: жывую музыку можна будзе пачуць на працягу ўсяго свята. На плошчы будзе працаваць вялікі рэстаран пад адкрытым небам, а насупраць разгарнецца выстава рэтрамашын і тэатралізаванае рыцарскае прадстаўленне. Свята ў Гродне завершыцца цікавым флэшмобам: кожны чалавек можа адправіць у неба паветраны шар з жаданнем, а потым далучыцца да канцэртнай праграмы каля Кургана Славы і паглядзець святочны салют а 23 гадзіне.

Магілёўшчына

Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у Магілёве ўвечары. Так, плошчу Славы а 19 гадзіне расквеціць вялікі канцэрт, дзе выступяць больш за 600 артыстаў — прадстаўнікоў розных культурных устаноў. Гасцямі канцэртнай праграмы стануць гурт “Цягні-Штурхай”, Аляксей Вараб’ёў і Алег Газманаў.

Бабруйск вырашыў адзначыць свой 630-гадовы юбілей разам з Днём Незалежнасці. 1 ліпеня святкаванне пачнецца з фестывалю ежы, а ўвечары пройдзе канцэрт Ані Лорак. У нядзелю горад прапануе паглядзець прадстаўленні вулічных тэатраў, а ўжо непасрэдна ў Дзень Незалежнасці ў Бабруйску пройдзе ўрачысты ход да месцаў вайсковай славы. У 18:00 Палац Мастацтваў запрашае на канцэрт удзельнікаў фестывалю “Вянок дружбы”. Традыцыйна Дзень Незалежнасці завершыцца святочным салютам у 22:55.

Міншчына

Свята ў Жодзіне будзе складацца з тэатралізаванага прадстаўлення “Зроблена ў Жодзіне з любоўю”, што распачнецца а 12-й гадзіне, спартыўнага фестывалю “Вела-Жодзіна”, выставы-конкурсу “Кветкавы вернісаж”, выставы караваяў, спаборніцтваў па стрытболе і іншых мерапрыемстваў. На стадыёне “Тарпеда” ў 19:30 пачнецца святочны канцэрт зорак беларускай і расійскай эстрады, а ў 23:00 гараджан чакае вялікі феерверк.

Падчас Дня Незалежнасці ў Маладзечне праводзіцца і нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2017”. 3 ліпеня аб 11-й гадзіне пачнецца канцэрт акадэмічнай музыкі “Зямля бацькоў, зямля святая”. У Малой зале Палаца культуры адкрыецца паэтычная гасцёўня “Красуй, Беларусь”, потым у канцэртнай зале а 15-й гадзіне пачнецца фінал конкурсу юных выканаўцаў “Маладзічок-2017”. У 16:00 Чысцінскі сельскі дом культуры запрашае на эстрадны канцэрт “Усё, што мы ў музыцы — у сэрцы тое ж!” Увечары ў 21:30 адбудзецца закрыццё фестывалю, прысвечанае 45-годдзю заслужанага калектыву “Сябры”.

У Слуцку 3 ліпеня у 13:20 пачнуцца канцэрты не толькі народных калектываў “Ячаўскія вячоркі”, “Случанскія святкі” і іншых, але і ветэранаў Слуцкага Дома культуры. Скончыцца Дзень Незалежнасці святочным канцэртам і салютам.

Мінск

Свята ў Мінску пачнецца ў 10 гадзін каля стэлы. Там стартуе вялікі ваенны парад, у якім будзе ўдзельнічаць не толькі ваенная тэхніка, але і грамадскія аб’яднанні і беларускія артысты. У 21:00 каля абеліска “Мінск — горад-герой” пачнецца гала-канцэрт “Беларусь маладая мая…”

Святкаваць будуць у розных кутках сталіцы, аднак асноўныя мерапрыемствы можна наведаць у парках Горкага і Чалюскінцаў, у Верхнім горадзе. А самы вялікі кірмаш адбудзецца каля Палаца спорту, там таксама пачнецца і святочны канцэрт. Завершыцца свята ў сталіцы Беларусі феерычным салютам, які запусцяць у 23:00 — зарады расстаўлены ў шасці кропках горада, каб кожны чалавек змог паназіраць за яскравым шоу.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"