Як і куды знікаюць творы?

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Гісторыя страчанага ў калейдаскопе шматкроп’яў
"К" заканчвае расповед пра лёс мастацкіх твораў, якія аказаліся страчанымі ў віры гісторыі.

/i/content/pi/cult/644/14314/gavriil-vashhenko-3.jpg

Гаўрыла Вашчанка. "Маё Палессе".

Аднак што пакуль? А пакуль даводзіцца шукаць пакупнікоў твораў і прадаваць іх за капейкі нейкім калекцыянерам — айчынным ды замежным. Трэба яшчэ разумець, што сваякі амаль ніколі не маюць магчымасці запоўніць свае ўласныя кватэры карцінамі ці скульптурамі аўтарства спачылых. А што ў “сухім астатку”? Проста дарыць музеям (калі тыя пажадаюць дар прыняць, асабліва тое тычыцца вялікіх скульптур)? Ці проста (і такое бывае) махнуць на ўсё рукой — і тады творы пасля адыходу мастакоў апынаюцца нікому не патрэбнымі, як гэта ў свой час здарылася са скульптурнымі работамі Уладзіміра Хмызнікава, Мікалая Шарэнкі, Віктара Гроса, Барыса Івонцьева, Віктара Папова, Мікалая Рыжанкова, Сяргея Ізунова. Не ведаю, што сталася, напрыклад, са спадчынай жывапісцаў Станіслава Гарачава (так, частка згарэла ў час пажару ў майстэрні, а астатняе?), заслужанага работніка культуры Івана Пушкова, Валянціна Савіцкага, Яўгена Харытоненкі, Абрама Кроля, Віктара Вярсоцкага, заслужанага дзеяча мастацтваў Івана Рэя. Таксама не ведаю лёс багатай спадчыны таленавітага “тандэма” — народнага мастака Раісы Кудрэвіч і заслужанага дзеяча мастацтва Адольфа Гугеля. А што з работамі маладой таленавітай Ірыны Сяржанінай, вучаніцы Альгерда Малішэўскага і Мікалая Залознага, выстава-меморыя якой прайшла ў Мінску, здаецца, восенню 1993 года? Добра памятаю яе жывапісныя а-ля Сезан краявіды Свіры, цыкл кампазіцый “12 апосталаў”, палотны “Акварыум”, “Раніца вячэрняга дня”, “Сажалкі”, цікавыя батыкі… Я быў у яе рэцэнзентам дыплома ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Але, на вялікі жаль, яна, 25-гадовая, загінула ў аўтакатастрофе ў Польшчы. Хто творцу сёння згадае?

А куды падзелася адна з лепшых карцін Гаўрылы Вашчанкі “Маё Палессе”, першы варыянт якой належаў Міністэрству культуры СССР? Так, палатно ў 1970-я часта экспанавалася на перасоўных выставах па Расіі і за мяжой, а потым кудысьці раптам знікла. Можа, дзесці ў сховішчах расійскіх правінцыйных музеяў? Вось знайшоў жа я ў канцы 1980-х першую “версію” знакамітай карціны Васіля Сумарава “Мой дом”: аж у пастаяннай экспазіцыі Мастацкага музея Ташкента, якая да гэтага была набытая ў нашага мастака таксама Міністэрствам культуры СССР. Але сам аўтар пра гэта і не ведаў: калі работа мастаку ўжо не належыць, яму, так бы мовіць, не абавязкова сачыць за ейным лёсам. Даволі распаўсюджаная практыка ў мастацкім жыцці… Напрыклад, Леанід Шчамялёў вось ужо некалькі гадоў не мае звестак, дзе знаходзіцца яго карціна “Ілья Рэпін у Здраўнёве”. Асабіста я апошні раз бачыў гэта палатно яшчэ ў першай экспазіцыі здраўнёўскага музея-сядзібы Ільі Рэпіна. Потым яно кудысьці знікла… А мо сёння рэч зноў экспануецца ў Здраўнёве, а Шчамялёў пра гэта і не ведае?

/i/content/pi/cult/644/14314/Untitled-112.jpg

Леанід Шчамялёў. “Арышт Барыса Савінкава ў Мінску. 16 жніўня 1924 года”.

Невядома таксама, дзе зараз другі варыянт карціны Леаніда Дзмітрыевіча “Арышт Барыса Савінкава ў Мінску. 16 жніўня 1924 года”, якую мастак у 1979 годзе зрабіў па замове Міністэрства культуры СССР. Гэту тэму мастаку падказаў я, хаця і сумняваўся, што Леанід Дзмітрыевіч возьмецца за яе распрацоўку: у тыя часы за складаны вобраз эсэра-тэрарыста ХХ стагоддзя, кіраўніка шэрагу антысавецкіх змоваў і ўзброеных выступленняў ніхто з савецкіх мастакоў яшчэ не браўся. А вось Шчамялёў з задавальненнем схапіўся: бліскуча паказаў у інтэр’еры пакоя вобразы і Барыса Савінкава, і Любові Дэрэнталь, і чэкіста Іосіфа Апанскага — тагачаснага намесніка паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай ваеннай акрузе. І атрымалася выдатнае палатно. Сёння яно належыць Нацыянальнаму мастацкаму музею краіны. А тады, пабачыўшы яго, саюзнае Міністэрства культуры тут жа папрасіла Шчамялёва зрабіць для Масквы варыянт, у кампазіцыю якога мастак дадаў яшчэ некалькі чалавек — чэкістаў, якія непасрэдна прымалі ўдзел у арышце Савінкава. Так здарылася, што гэты вобраз, захаваны нашым земляком, так і застаўся адзіным ва ўсім савецкім і постсавецкім жывапісе, хаця і пісьменнікі, і кінарэжысёры, і дакументалісты шмат разоў цягнуліся да гэтай асобы. Яшчэ памятаю, як Міхаіл Савіцкі напісаў партрэт выдатнага філосафа, філолага і гісторыка антычнасці Аляксея Лосева і падараваў яго ліхачоўскаму Фонду культуры. Потым мастак паспрабаваў даведацца, як ён там захоўваецца, але адказу так і не атрымаў…

Былі і шчаслівыя выпадкі, калі мастак яшчэ пры жыцці дарыў вялікія калекцыі сваіх работ рэгіянальным музеям. І дзякуючы гэтаму творы да сёння захоўваюцца. Так, Уладзімір Мінейка незадоўга да смерці падараваў 45 карцін Мазырскаму краязнаўчаму музею. Вялікую серыю палотнаў аддаў на сваю малую радзіму заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Пракапцоў — у Добрушскі краязнаўчы музей (галерэя Пракапцова). Сёння паспяхова працуе і музей-майстэрня народнага мастака Івана Міско ў Мінску, і Краязнаўчы музей у Крупках, дзе існуе таксама карцінная галерэя заслужанага дзеяча мастацтваў Барыса Аракчэева з яго палотнамі, якія аўтар і яго дачка Аксана Барысаўна падаравалі гораду. Сёння працуюць галерэя імя жывапісца і доктара мастацтвазнаўства Леаніда Дробава ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці (у колішнім будынку аптэкі), галерэя імя заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Уладзіміра Гоманава на першым паверсе гісторыка-краязнаўчага музея ў Сянне на Віцебшчыне, музей-майстэрня Мікалая Пушкара ў Мазыры, мастацкая галерэя заслужанага дзеяча мастацтваў Валерыя Шкарубы ў Барысаве. Заслужаны работнік культуры Яўген Ждан у 2003 годзе падараваў сваёй малай радзіме — Нясвіжчыне —
больш за сотню карцін разам са сваёй чатырохпакаёвай кватэрай у Снове. Там зараз размяшчаецца галерэя яго імя з “творчай лабараторыяй” для сноўскіх школьнікаў — аматараў мастацтва. У іванаўскім Махро Брэсцкай вобласці працуе імянная экспазіцыя карцін Аляксея Кузьміча, якая ўвайшла ў склад раённага музейнага комплексу Напалеона Орды. А жывапісец Канстанцін Качан на ўласныя сродкі (!) пабудаваў у Навагрудку персанальную галерэю.

Зразумела, што пакуль арт-рынку ў Беларусі амаль што няма. Для гэтага павінна вырасці пакупніцкая здольнасць насельніцтва. Навошта набываць карціны, калі лепш з’ездзіць у Турцыю, на Кіпр або Італію, набыць кватэру, аўтамабіль, дачу. Ці паслухаць за немалыя грошы эстрадных поп-зорак з суседняй краіны. Канешне, захаванасці мастацкай спадчыны садзейнічаюць прыватныя калекцыянеры і некаторыя банкі. Сярод беларускіх вядомых збіральнікаў, якія па-сапраўднаму аддадзеныя Яго Вялікасці Мастацтву, — Ігар Бархаткоў, Андрэй Плясанаў, Маргарыта Краснеўская. Ёсць і іншыя асобы, але яны з розных прычын пакуль не вельмі жадаюць “свяціцца”. А, напрыклад, “Прыёрбанк” (кіраўнік праўлення — Сяргей Касцючэнка) ужо сёння мае больш за 600 твораў жывапісу, набытых непасрэдна ў майстэрнях беларускіх мастакоў. Твораў, якія, па словах Касцючэнкі, “нясуць у сабе пазітыўную энергію… і прыносяць радасць ды эстэтычнае задавальненне”. І гэтыя работы не проста ляжаць у сховішчах, а экспануюцца ў калідорах банка, холах, офісах, рабочых кабінетах. Пра “Дом карцін”, што на праспекце Пераможцаў, ужо было напісана і сказана шмат… Пра выдатную калекцыю твораў сусветнага маштабу “Белгазпрамбанка” ўжо даўно ведае ўся культурная Беларусь, у чым, канешне, асабістая заслуга кіраўніка ўстановы Віктара Бабарыкі.

/i/content/pi/cult/644/14314/13166090_673345636139464_46.jpg

Мастацкая галерэя Барыса Аракчэева ў Крупках стала сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця раёна.

Менш радасная гісторыя. Напрыканцы 1990-х сын вядомага жывапісца Івана Стасевіча — Уладзімір — перадаў на радзіму сям’і, у Старыя Дарогі, амаль сотню карцін бацькі, бо там абяцалі стварыць музей заслужанага дзеяча мастацтваў, удзельніка вайны, “сына палка” Івана Нікіфаравіча Стасевіча. Але музей яго імя так і не з’явіўся (адсутнасць фінансаў?), хаця каля дваццаці карцін выстаўленыя ў экспазіцыі гісторыка-этнаграфічнага музея, а астатнія творы — у сховішчы, чакаюць лепшых часоў.

Хацелася б даведацца, дзе сёння знаходзяцца (зразумела, акрамя музеяў) творы такіх мастакоў, як Альгерд Малішэўскі, Галіна Гаравая, Фёдар Бараноўскі, Іван Карасёў, Леанід Асядоўскі, Галіна Азгур, Іосіф Белановіч, Матвей Беляніцкі, Мікалай Якавенка, Фёдар Дарашэвіч, Валяр’яна Жолтак, Монас Манасзон, Сцяпан Андруховіч, Васіль Палійчук, Мікалай Кандрацьеў, Уладзімір Лятун, Уладзімір Пасюкевіч, Канстанцін Касмачоў (я ўзгадваю імёны тых, каго добра ведаў), — спіс можна доўжыць і доўжыць... Дый справа не толькі ў гэтым: проста не хацелася б, каб спадчына творцаў, якія натхнёна будавалі нашу культуру, аказалася разбазаранай. Узгадайце хаця б, колькі твораў Віталя Цвіркі, Івана Дмухайлы, Вячаслава Кубарава, Івана Рэя ці Мікалая Селешчука (і тут спіс можна таксама доўжыць) аказаліся “згубленымі” ў прасторах блізкага і далёкага замежжа! А колькі можна назваць імёнаў “жывых” мастакоў, якія вымушаны і сёння прадаваць свае работы за мяжу прыватным калекцыянерам ды проста спекулянтам для далейшага перапродажу!..

Добра, калі такія творы знойдуць сваё годнае месца ў замежных галерэях ці музеях (усё ж пэўны імідж для Беларусі), але часцей за ўсё яны проста раствараюцца ў невядомых еўрапейска-амерыканска-азіяцкіх прасторах. Што тут зробіш: даводзіцца мастакам, па магчымасці, прадаваць сваю спадчыну для таго, каб і самому выжыць, і сям’ю пракарміць, і дарагія мастацкія матэрыялы купіць, і за майстэрню заплаціць, не кажучы пра тое, каб выдаць (зноў жа за свой кошт) каталог персанальнай выставы ці альбом.

Паўтаруся: а можа, усё ж з зацікаўленымі асобамі, дзяржаўнымі, грамадскімі і камерцыйнымі ўстановамі паспрабаваць разгледзець пытанне стварэння ў сталіцы агульнагарадскога альбо рэспубліканскага сховішча для твораў мастакоў-нябожчыкаў? Разумею, што праблема на сёння вельмі складаная, але ліха яго ведае — раптам?! Бо чалавечага высокаінтэлектуальнага капіталу ў нас, у рэспубліцы, дастаткова…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"