Дзеці “…Куфэрка”

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Раз на два гады Любань, што на Міншчыне, становіцца сапраўдным тэатральным цэнтрам, куды з’язджаюцца дзіцячыя аматарскія калектывы драматычнага і лялечнага кірунку. Нядаўна ў горадзе прайшоў ХІ Абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, а наогул сёлета падзеі споўнілася 20 гадоў.

Бенефіс “летуценніка”

Для кожнага фэсту любанцы прыдумляюць такія творчыя праекты, якія робяць яго непадобным на мінулы. Сёлетняй “разыначкай” стала акцыя “Дзеці фестывалю”. У якасці гасцей былі запрошаны былыя ўдзельнікі “...Куфэрка”, якія сталі прафесійнымі артыстамі.

Спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Адамавы жарты” добра ўпісаўся ў “аматарскую” праграму: ён стаў бенефісам для Максіма Брагінца — колішняга выхаванца любанскага тэатра “Летуценнікі”. Фестывальная публіка прымала земляка горача, апладысменты гучалі на працягу ўсёй дзеі. Пасля паклону Максім, насуперак традыцыі, сам дарыў кветкі — сваім настаўнікам і бацькам, якія знаходзіліся ў зале. Бадай, самы кранальны момант фестывалю.

Паказ яшчэ аднаго спектакля РТБД “Гэта ўсё яна” ў бліскучым выкананні заслужанай артысткі краіны Людмілы Сідаркевіч і Дзмітрыя Давідовіча пераследваў некалькі мэтаў. Па-першае, пазнаёміць аматараў тэатра з сучаснай беларускай драматургіяй і новай формай спектакля. А гэта — гарманічнае спалучэнне відэа, жывое музычнае суправаджэнне, абстрактная сцэнаграфія, а галоўнае — добрая акцёрская ігра. Па-другое, як ні банальна прагучыць, тэатр — адлюстраванне жыцця. Гісторыя, напісаная драматургам Андрэем Івановым (непаразуменне паміж маці і яе сынам — замкнёным, агрэсіўным падлеткам, што жыве збольшага ў віртуальным свеце) не пакінула абыякавымі. Я злавіў сябе на думцы, што глядзеў спектакль бацькоўскімі вачыма. Наколькі важна ў момант сталення дзіцяці не згубіць з ім сувязь, каб не страціць яго назаўсёды!

“Вечны рухавік”

Цягам усіх дваццаці гадоў ідэйным натхняльнікам фестывалю, яго сэрцам і душой застаецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. Я другі раз у складзе журы, але не перастаю здзіўляцца энергетыцы і харызме Васіля Сцяпанавіча. Ён уяўляецца мне адным вялікім лагістычным цэнтрам, які адказвае за ўсё! Мяркуйце самі. Найперш трэба скласці каштарыс фестывалю і адстаяць асобныя яго пункты перад вышэйшым кіраўніцтвам. Затым — прагляд работ верагодных удзельнікаў і фарміраванне канчатковай праграмы, пытанні харчавання і размяшчэння гасцей (вялікага гатэля ў горадзе няма, а склад толькі аднаго дзіцячага калектыву можа дасягаць 20-30 чалавек)…

Кожны фестывальны дзень Васіль Сцяпанавіч анансуе паказы, нястомна кантралюе працу фестывалю. Неяк я спытаў у яго: “Дзе вы бярэце сілы? Ад чаго зараджаецеся?” На што атрымаў жартаўлівы адказ: “Дома, ад акумулятара”.

Васіль Сцяпанавіч сочыць за падзеямі, якія адбываюцца ў сферы прафесійнага мастацтва. Так, у склад журы фестывалю ўпершыню быў запрошаны рэжысёр і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка. Ён правёў прэзентацыю зборніка пераможцаў конкурсу драматургаў “Францыск Скарына і сучаснасць”, паспрабаваўшы заахвоціць кіраўнікоў аматарскіх калектываў паставіць што-небудзь свежанькае.

На сцэне — проза

У дыскусіі фестывальнага “круглага стала” зноў прагучала скарга на дэфіцыт дзіцячай драматургіі. Гаварылася пра тое, што спецыялізаваныя сайты часта запоўнены кантэнтам сумнеўнай якасці (пацвярджаю!). Трэба правесці шмат часу за камп’ютарам, каб у гэтай куламесе знайсці п’есу добрага ўзроўню. Таму паўстала прапанова аб стварэнні асобнага інтэрнэт-рэсурса, на якім кіраўнікі студый маглі б размяшчаць драматургію, правераную сцэнай.

Аднак ёсць і яшчэ адзін спосаб ліквідацыі дэфіцыту — стварэнне інсцэніровак па празаічных творах. Напрыклад, Зоя Міхалькевіч, рэжысёр тэатра-студыі “Нюанс” (Барысаў) паказала са сваімі выхаванцамі спектакль “Перамігваючыся з зоркамі” паводле апавяданняў Фелікса Крывіна. Што праўда, форма і змест гэтай працы мне нагадалі хутчэй экзамен па сцэнічнай мове ў творчай ВНУ. Мінскі “Ронд” зрабіў сцэнічную версію апавядання Рэя Брэдберы “Красавіцкае вядзьмарства”. Юныя ўдзельніцы тэатра атрымалі заслужаны дыплом “За першыя крокі ў рэжысуры”.

Але сапраўдны майстар-клас па засваенні прозы паказалі харкаўскія “Свавольнікі”, з незвычайным азартам разыграўшы сцэны з аповесці Нарынэ Абгаран “Манюня”. У інсцэніроўцы ўдала спалучаюцца і дыялогі, і аўтарскія адступленні, прычым агучваюць іх адны і тыя ж персанажы. Атрымаўся сапраўдны хіт, які з задавальненнем глядзяць і дзеці, і дарослыя.

У гаспадароў фестывалю — узорнага тэатра “Летуценнікі” — на агульную ідэю працуе святло, гук, дэкарацыя-трансформер. Рэжысёр Ала Каткавец мысліць вобразамі і метафарамі. Яе выбар паэтычнай п’есы Сяргея Кавалёва “Пясочны замак” падаецца заканамерным: у гэтым матэрыяле ёсць філасофскі падтэкст, сугучны поглядам пастаноўшчыцы на тое, якім павінен быць тэатр. Дарэчы, старшыня журы дэкан тэатральнага факультэта БДАМ Уладзімір Мішчанчук ацаніў ігру выканаўцы адной з роляў кароткай фразай: “Яна будзе актрысай!” Адпаведна, акцыя “Дзеці фестывалю”, відавочна, не апошняя.

Не магу не згадаць яшчэ аднаго хэдлайнера сёлетняга “...Куфэрка” — “Гарадзенскага званочка”, які здзівіў тэмпераментнай танцавальнай версіяй класічнай “Мухі-Цакатухі”. У балетмайстра, якая рабіла гэты спектакль, ёсць азарт і добрае пачуццё гумару. А такія якасці не могуць не перадавацца дзецям.

Сёлета журы аднагалосна вырашыла не прысуджаць Гран-пры. Гэта не сігнал, а стымул для тэатральных калектываў Міншчыны на будучы фэст. Бо тэатры з Гродна і Харкава былі спецыяльна запрошаныя ў якасці гасцей і паказалі той узровень, да якога трэба імкнуцца многім удзельнікам.

Разглядаючы шыкоўныя касцюмы і дэкарацыі, якімі вызначыліся і гродзенцы, і асабліва “Залаты ключык” з Мар’інай Горкі (спектакль “Наргіс”), я задаўся пытаннем: хто спонсар? Падаецца, такую раскошу можа сабе дазволіць хіба дзяржаўны тэатр. Адказ на пытанне я атрымаў у кіраўніцы “Званочка” Таццяны Стрыжак: “Гэта апякунскія ўнёскі бацькоў, якія не шкадуюць сродкаў на захапленне сваіх дзяцей”.

— Мы запатрабаваныя ў блізкім і далёкім замежжы, прывезлі Гран-пры з Польшчы. Чаму ў нас нельга арганізаваць падобны фэст на рэспубліканскім узроўні? — запыталася яна.

Рэалізаваць гэта магчыма. Варта толькі міністэрствам адукацыі і культуры аб’яднаць свае намаганні, каб давесці, што лозунг “Усё лепшае дзецям!” мае практычнае вымярэнне.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр