“Грушэўскі” куток для… кіно

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

У Камернай зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў аўтарскі вечар “Музыка для каханай” кампазітара з Баранавічаў Уладзіміра Грушэўскага.

Сярод публікі можна было заўважыць шмат знаных калег віноўніка вечарыны — бамонд айчыннай акадэмічнай музычнай культуры. Няма чаму здзіўляцца: Уладзімір Грушэўскі, нягледзячы на сваю “несталічную” прапіску, добра вядомы музыкантам усёй краіны. І не толькі таму, што ён уваходзіць у склад праўлення Беларускага саюза кампазітараў, а таму, што многа гадоў узначальвае арганізаванае ім самім нотнае выдавецтва, скіраванае найперш на рэпертуар для дзіцячых школ мастацтваў і музычных каледжаў.

Значнасць гэтага папраўдзе творчага подзвігу даўно ацанілі не толькі кампазітары, але і выкладчыкі музыкі з усіх куточкаў Беларусі і нават з замежжа, бо такія нотныя зборнікі (зручнага “сшыткавага” фармату, добрай чытэльнасці), асабліва пры адсутнасці ў нашай краіне дзяржаўнага нотнага выдавецтва, застаюцца адной з асноўных формаў данясення новых беларускіх твораў да юных музыкантаў. Толькі не думайце, што там друкаваліся творы пераважна самога Грушэўскага. Усё якраз наадварот! Куды часцей ён перакладаў творы іншых кампазітараў для найбольш запатрабаваных інструментаў і выканальніцкіх складаў, дзе адчуваўся найбольшы рэпертуарны “голад”. Узяць хаця б тыя ж баян і акардэон. Творцы іх чамусьці не надта шануюць — хіба каб прадставіць чарговую эксперыментальную партытуру для віртуозаў і спрактыкаванай публікі. А Грушэўскі, добра ведаючы спецыфіку інструментаў і навучання ігры на іх (бо нашу кансерваторыю заканчваў двойчы: спачатку як баяніст, потым як кампазітар), рабіў пералажэнні тых жа фартэпіянных п’ес з разлікам на неабходны ўзровень складанасці.

Так што Грушэўскі-кампазітар, за рэдкім выключэннем, заставаўся невядомым для шырокай сталічнай аўдыторыі. І што ж мы пачулі? Усё другое аддзяленне склала кантата “Сэрца роднае” на вершы Максіма Багдановіча, дзе да Дзяржаўнага камернага хору Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай былі дададзены флейта, цымбалы, ударныя і фартэпіяна. Першае ж аддзяленне ператварылася ў своеасаблівы салон пазамінулага стагоддзя. Панавала атмасфера такой утульнасці і сардэчнасці, што нават самыя віртуозныя кампазіцыі ўспрымаліся не ўрачыстым салютам “пераможцаў над інструментамі”, а гулліва-святочнымі бліскаўкамі добрага настрою.

Але за кошт чаго? Аўра высокай “салоннасці” сыходзіла не толькі з таго, што кампазітар сам вёў вечарыну і выконваў некаторыя творы (дарэчы, на раялі, а не на баяне). Душэўнасці спрыяла тое, што замест пярэстага гала-канцэрта атрымаўся гэткі бенефіс маладых музыкантаў: піяніста Аляксандра Данілава, скрыпачак Еўфрасінні Вяроўкі і Аляксандры Батальёнак, ударніка Рамана Ждановіча і іншых.

Неарамантычная скіраванасць твораў раз-пораз дапаўнялася лёгкімі эстрадна-джазавымі штрыхамі, супастаўленнем блюза з рок-н-ролам, спалучэннем імпрэсіянісцкіх адценняў з фолькам, пракоф’еўскай зухаватасцю. Каб тыя мелодыі загучалі з кінаэкранаў, дык сталі б хітамі сярод саўндтрэкаў! Ну чаму нашы “беларусьфільмаўцы”, шматлікія тэатральныя рэжысёры не шукаюць новых прафесійных кампазітараў сярод айчынных творцаў, звяртаючыся да сумнеўных расійскіх аўтараў ці ўвогуле абыходзячыся падборам музычнага “сэканд-хэнда”? Можа, проста не ведаюць нашых надта сціплых грушэўскіх, музыка якіх — бы смачная сакавітая груша, знятая з дрэва, а не прывялая, неаднойчы пабітая з прылаўка крамы…

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"