“Дыяменты” выглядаюць незаўважна

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Марына РАМАНОЎСКАЯ, галоўны рэжысёр урачыстай цырымоніі і гала-канцэрта адкрыцця фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, намеснік гендырэктара Цэнтра культуры “Віцебск”
Віцебскі летні амфітэатр — гэта вельмі вялікая пляцоўка. Прадаць туды гледачу білеты не так лёгка, таму праграма фестывалю — гэта заўжды кампраміс.

/i/content/pi/cult/642/14300/ramanouskaja.jpgУ ёй абавязковая прысутнасць вядомых шырокай публіцы зорак, на выступы якіх дакладна пойдзе глядач. З другога боку — незаўважныя на першы погляд “дыяменты”, тое, што можа быць гонарам Беларусі, бо нездарма ж менавіта на нашай зямлі праводзіцца “Славянскі базар…”, і мы мусім гэта пацвердзіць.

Напрыклад, сёлета канцэрт адкрыцця называецца “Калі свецяць зоркі”. Пакуль я знаёмілася з пералікам выканаўцаў, з якімі на выступ дамовілася дырэкцыя, паўтарала: “Ніколі не кажы “ніколі”. Хто мог раней падумаць, што ў Віцебск прыедзе Крыс дэ Бург, гурт Londonbeat ці Хуліа Іглесіас-малодшы? Гэта куміры старэйшага пакалення, але ў праграме ёсць і шмат маладых знакамітых выканаўцаў — Нюша, Слава, Дзмітрый Калдун ды іншыя. Праграму трэба складаць так, каб кожны знайшоў у ёй штосьці на свой густ.

Але “Славянскі базар...” — гэта фестываль не толькі эстраднага спеву, а розных мастацтваў, што дазваляе мне аздабляць той жа канцэрт адкрыцця такімі “брыльянцікамі”, як сучасная харэаграфія. А ў гэтым кірунку ў Віцебску ёсць што паказаць — усё ж такі профільны міжнародны фестываль праходзіць у нас не першы год.

Я ў захапленні ад таго, чым займаецца гурт электроннай музыкі Shuma, і ганаруся, што ў нашай краіне ёсць такі калектыў. Сёлета рыхтуем з імі запіс паводле іх лепшых твораў спецыяльна для канцэрта адкрыцця “Славянскага базару...” Shuma прапагандуе беларускую аўтэнтычную культуру так, што гэта абавязкова трэба паказваць людзям, і мы пакажам. Такія моманты асвяжаюць ужо сфарміраваны фармат і напаўняюць яго чымсьці асаблівым.

Гэта тычыцца і агульнай праграмы за межамі амфітэатра — фестывальная атмасфера павінна адчувацца не толькі на пляцоўках, але і на вуліцы. Напрыклад, не згубіць актуальнасці “Горад майстроў”, бо рамеснікі думаюць над новымі вырабамі, а людзі па-ранейшаму іх набываюць, толькі з пункту гледжання формы гэта частка фестывалю ўжо стала традыцыйнай. Яна патрэбная, але мусіць мець новы кантэкст. Гады чатыры таму, калі публіка прызвычаілася і да “Тэатральных сустрэч”, з’явіўся “Лялечны квартал”, які стаў збіраць у Віцебску камерныя тэатры лялек з усяго свету, чым прыцягнуў да сябе ўвагу.

Артысты, гурты і мастакі, якія з’явіліся ў Віцебску тры гады таму як удзельнікі фэсту вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”— гэта ж цяпер упрыгожанне горада. З іх дапамогай Віцебск прыцягнуў да сябе іншую аўдыторыю. Увесь час нараджаюцца і рэалізуюцца ідэі, бо любы фестываль мусіць абнаўляцца. Да чаго нам імкнуцца — яшчэ шмат варыянтаў, але ўсё рабіць трэба паслядоўна і па меры магчымасцяў, не абмінаючы ўвагай тое, што ўжо напрацавана за дваццаць шэсць гадоў.