Евангелле ў традыцыйных колерах

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У выдавецтве Свята-Петрапаўлаўскага сабора ўбачыла свет “Свяшчэннае Евангелле” на беларускай мове,прызначанае для богаслужэнняў. Кніга прысвечана дабравернаму князю Канстанціну Астрожскаму (сёлета адзначаецца 400-годдзе з часу смерці вялікага асветніка і мецэната).

 /i/content/pi/cult/162/1429/Evangelle.jpg

Гісторыя выданняў Евангелля на беларускай мове ўзыходзіць да 1920-х гадоў. З таго часу яшчэ каля дзесяці перакладчыкаў (праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў) зрабілі свае версіі Кнігі кніг, але ўсе яны так і не былі бласлаўлёны хрысціянскімі канфесіямі для богаслужэнняў.
Праца над перакладам Новага Запавету са старажытнагрэчаскай мовы, адаптаваным да царкоўнаславянскай літургічнай традыцыі, вядзецца ў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы з 1989 года пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. У склад камісіі ўваходзяць багасловы, святары, перакладчыкі, філолагі: настаяцель Свята-Петрапаўлаўскага сабора протаіерэй Георгій Латушка, айцец Сергій Гардун, айцец Георгій Сокалаў, Уладзімір Васілевіч, Іван Чарота і іншыя. Здабыткі іх дзейнасці — выданне Евангелля на чатырох мовах (старажытнагрэчаскай, стараславянскай, рускай і беларускай) паводле Матфея (1991), Марка (1999), Лукі (2003), Іаана (2005).Усяго запланавана 7 чатырохмоўных выпускаў.
У Евангеллі, выдадзеным цяпер, тэкст перакладу быў істотна выпраўлены. Пасля ўласна евангельскага тэксту змешчаны “Указанні, як кожны дзень належыць чытаць Евангелле па тыднях усяго года”. Зроблена гэта перадусім для святароў, але прыдасца і прыхаджанам, якія могуць увайсці такім чынам у рытм царкоўнага літургічнага года.
Кніга аздоблена іконамі з выявамі евангелістаў, а таксама фрагментамі з іх жыцій. У афармленні выкарыстаны традыцыйныя колеры народнай культуры: белы, чырвоны і чорны.
Кніга бачыцца годнай прадаўжальніцай традыцый знакамітай Астрожскай Бібліі і прыкметнай з’явай сучаснасці. 

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ