Патанцуем?

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г


На радыё “Культура” 2 мая прагучала перадача “Маладзёжны ракурс”, гасцямі якой сталі выкладчыкі кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская, Павел Стрэльчанка і студэнтка Юлія Кутузава. Гаворка вялася пра беларускія народныя танцы.

Здзівіў мяне, да прыкладу, малады выкладчык Павел Стрэльчанка, кажучы пра тое, што ў Беларусі не засталося жывых носьбітаў беларускага танцавальнага фальклору. Але калі праехацца па розных кутках нашай краіны, можна пераканацца, колькі іх, тых самых носьбітаў, жывых, хоць і ў гадах. А сённяшняя моладзь, што вытанцоўвае на народных вечарынках, хіба не пераемнік і не сучасны носьбіт танцавальных традыцый? Як павінны сябе адчуваць людзі, што яшчэ захоўваюць народны танец, пачуўшы гэткую перадачу?

Нагадаю, шмат у якіх школах Мінска і краіны існавалі ў свой час класы з этнаграфічным ухілам (дзе таксама выкладаліся і народныя танцы), але яны былі палічаны немэтазгоднымі. Вядома, на ўсё трэба грошы, але ўдала займацца папулярызацыяй танцавальнага фальклору можна і без іх. Цяпер моладзь сама ладзіць танцавальныя вечарынкі ў розных гарадах і мястэчках (Мінск, Бабруйск, Баранавічы, Гродна, Магілёў, Ракаў, Міханавічы і іншыя). У сталіцы ўжо пяты год запар па нядзелях у Старым горадзе праходзяць для ўсіх ахвотных “Танцавальныя сустрэчы”, дзе на практыцы можна засвоіць цэлую нізку старадаўніх беларускіх танцаў.

Да месца будзе ўспомніць і згаданы Паўлам Стрэльчанкам архіў запісаў беларускіх танцаў, што захоўваецца ва ўніверсітэце. Відаць, ім карыстаюцца выкладчыкі кафедры харэаграфіі для напісання навуковых прац. Але для распаўсюджвання і захоўвання традыцыйнай беларускай танцавальнай культуры варта даўно гэты архіў зрабіць вольным для ўсіх ахвотных (напрыклад, хаця б сёе-тое выкласці ў інтэрнэт). Сёння тэхналогіі дазваляюць гэта без асаблівых выдаткаў.

Гаворачы пра народныя танцы, ні слова госці не сказалі пра сучаснае становішча танцавальнай культуры ў краіне. Быццам і няма тых беларускіх танцаў за межамі ўніверсітэта. А тут ёсць што расказаць: і пра дзейнасць вядомага этнахарэографа Міколы Козенкі, і арганізаваныя ім конкурсы традыцыйных танцаў і фестывалі, пра Сяргея Выскварку, Алеся Лася, пра шчыраванні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, капэлы “На таку”, танцавальнай суполкі гурта Guda і шмат чаго іншага.

Зміцер КРЫМОЎСКІ, чытач “К”