Залік як канцэрт

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Чаму студэнты не таньчаць беларускае танга
Па запрашэнні этнахарэографа і педагога Міколы Козенкі атрымалася трапіць на залік па побытавых танцах у студэнтаў трэцяга курса кафедры народна-песеннай творчасці Універсітэта культуры і мастацтваў. Падчас канцэрта-справаздачы прадэманстравалі праграму апошняга семестра. Убачанае справакавала развагі, якімі дзялюся з чытачамі “К”, спадзеючыся на зваротную сувязь.

/i/content/pi/cult/642/14282/dhd.jpgСтудэнты паказалі высокі ўзровень харэаграфічнага майстэрства, нягледзячы на тое, што вывучалі побытавы танец усяго 4 месяцы. Праўда, народна-сцэнічны танец ім выкладаюць з першага курса, таму нельга сказаць, што гэтыя маладыя людзі ніколі не таньчылі, а за семестр навучыліся, як гэта адбываецца са студэнтамі кафедры этналогіі і фальклору ўніверсітэта, якой кіруе Вячаслаў Калацэй. Хоць дысцыпліна і завецца “Побытавы танец”, элементы сцэнічнасці адчуваліся, усё ж сцэна — родная стыхія гэтых студэнтаў. Таньчылі зладжана, яшчэ больш зладжана прыпявалі (а як па-іншаму, калі гэта студэнты кафедры народна-песеннай творчасці?), пасміхаліся публіцы (праўда, і партнёрам таксама), але адчуванне засталося дваістым.

Ухваляючы вучаніц (а сярод тых, хто здавалі залік — толькі адзін хлопец), Мікола Козенка выказаў думку, што каб яны наведвалі тэматычныя танцавальныя вечарыны, то былі б там самымі папулярнымі дамамі. Але калі танец асацыюецца ў гэтых студэнтак са сферамі вучобы ды, у будучыні, працы, ці захочуць яны таньчыць яшчэ і ў вольны час? І ці будзе прафесійнай танцорцы цікава на такой імпрэзе? Ды і на вечарынах сцэнічныя выкрутасы з падгукваннямі не вітаюцца. Вось для хлопца — так, уменне прафесійна “весці” партнёрку будзе неаспрэчным плюсам і на сцэне, і на нефармальнай вечарыне. Такі вось атрымліваецца гендарны дысбаланс. Хачу заўважыць, што знаёмыя хлопцы, якія даўней маглі быць зусім “ніякімі” танцорамі, пасля заняткаў Міколы Козенкі з “ніякіх” становяцца танцорамі добрымі. Дык што ўжо казаць пра студэнтаў — будучых прафесіяналаў! Арыентацыя на сцэнічнасць, дарэчы, — гэта рыса не толькі ўніверсітэцкай адукацыі. Танцавальныя школы па самых розных кірунках (лацінаамерыканскія танцы, ірландскія, бальныя) выразна падзяляюцца на тыя, што рыхтуюць танцораў на конкурсы, і на тыя, што вучаць таньчыць “для сябе”, даюць азы “сацыяльных танцаў”, каб чалавек добра пачуваўся на вечарыне.

Гасцям на заліку раздалі праграмкі са спісам танцаў, што ўтрымлівалі звесткі пра іх паходжанне. Студэнты ж развучвалі матэрыял па экспедыцыйных відэазапісах Міколы Козенкі. Дык вось, некаторыя творы ўзятыя з рэпертуару ўдзельнікаў конкурсаў пар-выканаўцаў беларускіх народных танцаў. Сярод “заліковых” твораў — сольныя, парныя і гуртавыя танцы, у асноўным з тых, што засвоеныя беларускай вёскай да пачатку ХХ стагоддзя.

Як Фларыян Чарнышэвіч не трапіў у лік польскіх пісьменнікаў-класікаў, бо быў “адкрыты” надта позна, так і некаторыя адносна познія танцы не трапілі ў шэраг “кананічна народных”. Сам Мікола Козенка кажа, што калі з’ява існуе больш за 50 гадоў, то прынята лічыць яе традыцыйнай. Нават па такім крытэрыі незразумела, чаму ў нас усе таньчаць падэспань, прыдуманую маскоўскім артыстам Вялікага тэатра Царманам у 1898-м годзе, і зусім не надаюць увагі танга, што распаўсюдзілася ў беларускіх вёсках пасля Другой сусветнай вайны. Напрыклад, фіны зрабілі са свайго варыянта аргенцінскага танга культурны брэнд, які прадэманструюць 29 ліпеня ў мінскім Верхнім горадзе, на пляцоўцы ля Ратушы, дзе зладзяць фестываль нацыянальнай культуры. Некаторыя нават сцвярджаюць, што танга — гэта фінскі нацыянальны гімн. Музыка адаптавалася да мясцовага нацыянальнага характару, стала падобнай да маршавай, больш мяккай, а рухі — больш цнатлівымі. Мікола Козенка распавядае, што запісваў некалькі варыянтаў выканання танга ад беларускіх бабуль, і ўспаміны аб гэтым танцы ў іх былі досыць яркімі.

Цяпер, калі назапашана дастаткова шмат інфармацыі пра малюнкі розных танцаў, музыку, самы час пацікавіцца эмацыйным складнікам, распытаць удзельнікаў даўнейшых вясковых вечарын, пакуль яны яшчэ жывыя. Напрыклад, у Польшчы гэтым займаецца даследчык Анджэй Бенькоўскі. Праўда, ён збірае пераважна ўспаміны пра музыкаў, а не пра самі танцы. Гэты кірунак паступова набывае папулярнасць і ў Беларусі: нядаўна ў офісе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства адкрылася выстава “Клецкая музыка” пра вясковыя капэлы. Яе арганізатар, акардэаніст і кіраўнік капэлы “На таку” Аляксей Крукоўскі сабраў старыя фотаздымкі музыкаў памежжа Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў і ўспаміны пра іх. Дзіўна, але людзі дасюль памятаюць імёны музыкаў, якія гралі на наведаных імі паўстагоддзя таму вяселлях!

Вяртаючыся да заліку па танцах, хочацца дадаць пару слоў пра яго арганізацыю. Файна, што залік ладзіўся ў форме канцэрта, так студэнты атрымліваюць дадатковы вопыт публічных выступленняў. Але каб зацікаўленыя трапілі ў будынак універсітэта, Міколу Козенку давялося складаць спісы, потым выходзіць кагосьці сустракаць на вахту… Але ж гэта падзея, цікавая шырокім колам людзей! Чаму не зрабіць яе адкрытай і шырока рэкламаванай, у першую чаргу праз сайт універсітэта, як канцэрты серыі “Фальклор беларускай глыбінкі”?

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"