Знакі і шыфры вытканай прасторы

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Калі музычныя фестывалі, на якія збіраюцца ўдзельнікі з ўсёй Беларусі, стала “прапісаліся” ў рэгіёнах, дык мастацкія акцыі рэспубліканскага маштабу звыкла ладзяцца ў сталіцы. Бадай, адзінае выключэнне — пленэр “Арт-Жыжаль”, вынікі якога першымі бачаць бабруйчане, а толькі потым жыхары Мінска. Вось чаму правядзенне Рэспубліканскай выставы мастацкага тэкстылю ў Віцебску ўспрымаецца як з’ява незвычайная.

/i/content/pi/cult/644/14280/PP.jpg

На выбар месца паўплывала тая акалічнасць, што ў Віцебску ёсць вытворчасць, дзе запатрабаваныя выпускнікі нашай акадэміі мастацтваў. Вядомы мясцовы дывановы камбінат, таксама робяць у горадзе над Заходняй Дзвіной і стылёвае аддзенне. Некаторы час менавіта ў Віцебскі тэхналагічны інстытут (цяпер — універсітэт) пераехала са сталічнага Тэатральна-мастацкага інстытута і стала атабарылася кафедра, дзе рыхтавалі спецыялістаў па мастацкім тэкстылі і мадэляванні адзення. Лічылася, што такім спецыялістам лепей зыходна быць бліжэй да вытворчасці. Потым кафедру ў Мінску аднавілі, але і ў Віцебску пакінулі. А там, дзе ёсць моцная адукацыйная база, звычайна складваецца і канцэптуальна, і стылістычна выразная мастацкая школа.

Выстава ў Віцебску называецца “Знакі і шыфры”, а дэвіз яе — “Ад традыцыі да наватарства”. Да яе прымеркавалі “круглы стол” па тэме “Сучасны мастацкі тэкстыль: асноўныя праблемы і тэндэнцыі развіцця”. Абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў: адаптацыя творчай спадчыны гэтай галіны мастацтва да рэалій сённяшняга дня, пераемнасць досведу і ўдасканальванне прафесійных навыкаў, перспектывы падрыхтоўкі спецыялістаў. Не абмінулі ўвагаю ролю гэтага чынніка мастацтва ў кантэксце культурнага жыцця краіны — выставы (стацыянарныя і перасоўныя), фестывалі, конкурсы, сумесныя і абменныя арт-праекты з удзелам прафесійных мастакоў, а таксама студэнтаў мастацкіх ВНУ Беларусі, творчыя кантакты. Ішла гаворка пра сучасныя тэндэнцыі развіцця мастацкага тэкстылю на прыкладзе творчасці сталых майстроў і моладзі. Пра арнаментыку і сімволіку, якія традыцыйна складаюць выяўленчую аснову беларускага ткацтва, але ў новых сацыяльна-культурных варунках губляюць звыклыя сэнс і функцыю, калі-нікалі набываючы новыя семантычныя якасці.

За “круглым сталом” сабраліся мастакі і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў з Мінска і Віцебска, тым самым сцвярджаючы наяўнасць дзвюх школ у беларускім мастацкім тэкстылі. Асаблівую занепакоенасць выклікала ў мастакоў праблема невысокай запатрабаванасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўмовах маштабнай аптымізацыі культурнай сферы. Замоўцы аздобы інтэр’ераў — і прыватныя, і дзяржаўныя структуры — часта робяць выбар не на карысць унікальных мастацкіх твораў, здольных надаць індывідуальныя рысы жытлу, офісу, грамадскай прасторы, а на ўніфікаваны дызайн — функцыянальны і халодны. Гэта акалічнасць у значнай ступені абясцэньвае творчы пошук у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, запавольвае з’яўленне новых форм, адпаведных сённяшнім стандартам эстэтыкі і надзеленых патэнцыялам заўтрашняга дня. У прыватнасці, гэта датычыць так званай тэкстыльнай скульптуры. Прасцей кажучы, рызыкуем згубіць пазіцыі і аўтарытэт, заваяваныя яшчэ ў савецкі час майстрамі старэйшага пакалення.

Выстава ж засведчыла, што мастакі згаданай сферы па-ранейшаму высока трымаюць планку майстэрства і канцэптуальнай насычанасці. Ёсць падставы меркаваць, што, пакуль гэтае пакаленне захоўвае працаздольнасць і творчы імпэт, беларускі мастацкі тэкстыль будзе канкурэнтаздольным і на радзіме, і за мяжою. Свае работы ў экспазіцыі прадставілі Святлана Абрамовіч, Настасся Арайс, Валянціна Бартлава, Таццяна Белавусава-Пятроўская, Нэлі Валынец, Марыта Голубева, Галіна Крываблоцкая, Наталля Лісоўская, Ала Непачаловіч, Алена Обадава, Вольга Раднікіна, Ніна Пілюзіна, Маргарыта Шчамялёва… Усяго сорак тры ўдзельнікі. Тэматыка твораў збольшага насамрэч адпавядае назве выставы. Яны, прынамсі большасць з іх, успрымаюцца як знакі шматаблічнага быцця, выяўленчыя коды/шыфры зменлівай ментальнасці. Відавочна, што аўтары імкнуліся выйсці за межы матэрыяльнай канкрэтыкі, узняцца да абстракцыі, захаваўшы пры гэтым уласцівую ткацтву і ўвогуле асэнсаванай рукатворнай працы пачуццёвасць і цеплыню.

Для гледача, які хацеў бы наладзіць віртуальны дыялог з творцамі, гэтая выстава паўстала б як падарожжа па беларускім космасе, розныя сегменты якога існуюць ў розных часовых вымярэннях і матэрыяльных станах, захоўваючы пры гэтым сэнсавае адзінства і лагічны кантэкст. А зрэшты, гэта проста вельмі прыгожыя рэчы, сузіранне якіх спрыяе добраму настрою.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"