Чаму не знясуць Асмалоўку

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

На мінулым тыдні ўсе з абурэннем пісалі пра патэнцыйны знос Асмалоўкі, а я вось лічу, што таму смеламу чыноўніку, які адважыўся высунуць на абмеркаванне саму такую ідэю, варта падзякаваць.

к, напрыклад, і стваральніку электроннай петыцыі з заклікам “знесці дадзены раён і зрабіць горад больш сучасным і зручным для жыцця”. На момант здачы артыкула яна сабрала “ажно” 23 подпісы — што, у прынцыпе, гаворыць само за сябе. Затое новая хваля медыяшуміхі вакол тых кварталаў адно яшчэ болей абудзіць іх genius loci і ўмацуе ў гараджанах дух супольнасці. Сапраўды, у горадзе ўжо ў дастатку як жылых “чалавейнікаў”, гэтак і элітных кварталаў, а характэрны для навабудаў стэрыльны лоск душу даўно не радуе — надта яго шмат. Сяк-так вырашыўшы свае першасныя побытавыя праблемы, уладальнікі мінскай прапіскі пачалі спакваля станавіцца паўнавартаснымі гараджанамі. І, азірнуўшыся па баках, неўзабаве заўважылі: Мінску найперш бракуе тых месцаў, дзе адчуваецца яго дух і мінуўшчына. Уласна, менавіта гэтым і абумоўлены ажыятаж вакол Асмалоўкі.

Нешматлікія апалагеты яе зносу сцвярджаюць: архітэктурная каштоўнасць тых кварталаў даволі адносная. Можа, яно і так: адносная... Ды, як ні круці, каштоўнай спадчынай тыя ці іншыя пабудовы робяць не толькі іх аб’ектыўныя вартасці, але і стаўленне сучаснікаў. У свеце нямала прыкладаў, калі помнікі часоў антычнасці выкарыстоўваюцца ў якасці прыбіральняў: таму што сучаснікі гэтак да іх ставяцца. Але ёсць, вядома, і адваротныя прыклады.

Без сумневу, кампанія ў падтрымку Асмалоўкі — гэта толькі частка паступовага асэнсавання мінчанамі сваёй гарадской прасторы. Выказваць уласныя заўвагі і прапановы наконт яе паляпшэння апошнім часам стала модным сярод спецыялістаў, журналістаў, блогераў — ледзь не ўсіх, хто ўмее пісаць. І гэта добра — якімі тыя ідэі ні былі б.

А яны і сапраўды могуць быць вельмі рознымі. Сведчаннем таму — артыкул, які не так даўно прыйшоў на рэдакцыйную пошту. Юрый Кішык — не чыноўнік альбо інвестар, чый пункт гледжання падуладны прагматызму. Ён кваліфікаваны архітэктар і разглядае горадабудаўнічую сітуацыю менавіта ў гэтым ракурсе. Яго думкі часам падаюцца слушнымі. Прыкладам, “прысабачаныя” да гістарычных будынкаў манументальныя летнія кавярні і сапраўды сталі адной з самых прыкрых урбаністычных вынаходак менавіта Мінска — і “адносна сумленным” спосабам абысці заканадаўства, каб пашырыць уласныя плошчы.

Але часам выказаныя аўтарам ідэі вельмі спрэчныя. Не зусім разумею, як увогуле магчыма зрабіць праспект больш дэмакратычным. Аб’явіць вайну буцікам ва ўгоду сэканд-хэндам? Абавязаць рэстаратараў прадаваць танныя варэнікі? Тая “выспа дэмакратыі”, якой даўно стаў паталагічна танны “Цэнтральны”, зрабілася гарадской адметнасцю, але пашыраць яе геаграфічныя межы будзе ўжо перагінам.

Да ўсяго, у гэтым артыкуле ёсць і лакуна. Абгрунтоўваючы тыя ці іншыя архітэктурныя рашэнні, аўтар далікатна абыходзіць такі аспект, як іх адпаведнасць заканадаўству ў сферы аховы спадчыны. Гэта тычыцца і электрастанцыі, і, зразумела, прапанаванага ім новага будаўніцтва на Кастрычніцкай. Прычым заўважым, што ў дадзеным выпадку яно і сапраўды новае — а не ўвасабленне нерэалізаванай архітэктурнай задумы альбо аднаўленне страчанага (як у выпадку з праектам адбудовы з тыльнага боку Палаца Рэспублікі касцёла святога Тамаша Аквінскага, які прасоўваюць іншыя энтузіясты). На жаль, ігнараванне гэтага немалаважнага аспекту ўвогуле характэрнае для нашага часу. Вось і той жа выпадак з Асмалоўкай… Як вядома, пытанне аб наданні ансамблю статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці завісла ў паветры, а пакуль рашэнне не прынятае, аб’ект знаходзіцца пад апекай дзяржавы. Адпаведна, само вынясенне на абмеркаванне праекта новай забудовы мае плыткую юрыдычную аснову.

Зрэшты, думаецца, Асмалоўку не знясуць найперш не па гэтай прычыне. А ў тым, што яе не знясуць, я нават не сумняваюся. Калі хто жадае, магу паспрачацца.

Kultura logo-L.psd