Класічнае гучанне

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Заключны этап Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” адбудзецца 1-2 верасня ў Полацку.

Больш за трынаццаць тысяч школьнікаў з усёй Беларусі цягам трох месяцаў чыталі вершы айчынных паэтаў, як паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Першы этап конкурсу прайшоў яшчэ ў сакавіку, другі — у красавіку, трэці завяршыўся ў маі. Яго дванаццаць пераможцаў і паедуць у Полацк напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што найбольш папулярнымі сярод удзельнікаў былі вершы Якуба Коласа. Чытачы ад шасці да шаснаццаці год таксама абіралі творы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і іншых.

У склад журы конкурсу “Жывая класіка” ўваходзяць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Выступленні юных чытальнікаў ацэньваюцца па такіх крытэрыях, як выбар твора, глыбіня пранікнення ў яго сэнс і артыстызм выканання. Пераможцу, чыё імя абвесцяць 2 верасня, узнагародзяць пуцёўкай у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца міністэрствы інфармацыі і адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Сталічнае тэлебачанне.