Бібліятэчны “Оскар” атрымалі…

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падведзены вынікі галоўнага рэспубліканскага прафесійнага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Ён праводзіцца штогод і ўлічвае наватарства, крэатыў тых, хто адказвае ў краіне за прэстыж кніг і чытання. Дык хто ж ушанаваны дыпломамі і грашовымі прэміямі (ад 10 да 50 базавых велічынь)?

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” першую прэмію сярод гарадскіх і раённых устаноў атрымала Зэльвенская раённая бібліятэка. Сярод гарпасялковых і сельскіх — Казловіцкая сельская бібліятэка Калінкавіцкага раёна. Другая прэмія гэтай намінацыі — у Бабруйскай гарадской бібліятэкі № 4 імя Барыса Мікуліча. Сярод сельскіх устаноў уганаравана Сасноўская Віцебскага раёна. Трэцяе месца — у Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, а трэцяя прэмія сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк — за Махроўскай Іванаўскага раёна.

Намінацыя “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”. Першая прэмія сярод гарадскіх і раённых устаноў дасталася Баранавіцкай цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы. Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх стала Чэрнеўская сельская Дрыбінскага раёна. Другая прэмія сярод гарадскіх і раённых устаноў — у Горацкай раённай дзіцячай. Другой прэміяй сярод гарпасялковых і сельскіх ушанавана Камянюцкая сельская. Трэцяй — бібліятэка-філіял № 2 Гомеля. Трэцяя прэмія прысуджана і Дварышчанскай сельскай установе Лідскага раёна.

Намінацыя “За падтрымку і развіццё чытання”. Сярод гарадскіх і раённых устаноў першая прэмія — у Вілейскай раённай цэнтральнай імя Ганны Новік. Салтаноўская сельская бібліятэка Рэчыцкага раёна прызнана лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх. Другая прэмія ў гэтай намінацыі — за Мінскай дзіцячай № 10. А сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк другая прэмія прысуджана Пагародзенскай сельскай Воранаўскага раёна. Трэцяя — у Пінскай цэнтральнай раённай імя Яўгеніі Янішчыц. Сярод гарпасялковых і сельскіх трэцяя прэмія — у Махаўскай сельскай Магілёўскага раёна.

У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” лепшай сярод гарадскіх і раённых устаноў прызнана Магілёўская цэнтральная гарадская імя Карла Маркса. Першую прэмію сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк атрымала Агарэвіцкая сельская Ганцавіцкага раёна. Другая прэмія прысуджана Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Сярод гарпасялковых і сельскіх другая прэмія — за Ржаўскай сельскай Слаўгарадскага раёна. Трэцяй прэміяй у гэтай намінацыі ўшанавана Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева. Трэцяя прэмія — і ў Сапоцкінскай гарпасялковай установы Гродзенскага раёна.

У наступных нумарах “К” галоўны бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Какшынская распавядзе, чаму канкрэтна кожная з вышэйназваных устаноў перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"