Беларускі тэатр: карта магчымых крокаў

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
На працягу 5 гадоў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны даследаваў спажывецкія стратэгіі паводзін насельніцтва на рынку культурных тавараў і паслуг. Даследаванне паказала, што сцэнічнае мастацтва прываблівае 22,9 працэнта беларусаў — столькі ў нас актыўных наведвальнікаў тэатраў. Такія высновы даследавання намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сацыялогіі Ірына Лашук агучыла на калегіі Мінкультуры пра стан, праблемы і перспектывы развіцця тэатральнай дзейнасці ў Беларусі.

Чаго ж жадаюць жанчыны?

Яна абмалявала сярэдне-статыстычны сацыяльна-дэмаграфічны партрэт актыўных спажыўцоў: прадказальна імі выявіліся гараджанкі, часцей за ўсё — жыхаркі сталіцы, маладыя незамужнія жанчыны, што маюць прафесійную адукацыю. На процілеглым полюсе апынулася ўдвая большая група: да патэнцыйных спажыўцоў, у якіх няма ні інтарэсу да дадзенага віду мастацтва, ні хаця б зацікаўленасці ў інфармацыі пра значныя тэатральныя праекты, прылічана 45,2 працэнта дарослага насельніцтва Беларусі. Характэрны склад гэтай дэматываванай групы: узроставыя жанатыя мужчыны, якія пражываюць на вёсцы і маюць не самы высокі ўзровень адукацыі. Ірына Лашук распавяла, што, праводзячы даследаванні па іншых тэмах, сацыёлагі так ці інакш імкнуліся высветліць, з чым звязана фарміраванне такой групы. У адным з апытанняў неабходна было адказаць, якія задачы ставяць бацькі перад сабой у працэсе выхавання дзяцей: правядзенне сумеснага адпачынку з сям’ёй апынулася на перадапошнім месцы... Менавіта ў гэтым спадарыня Лашук бачыць глыбінную праблему і корань таго, што адбываецца сёння з дарослай публікай.

Карціна сумная, але не толькі Беларусь, па словах сацыёлага, сутыкнулася з такімі фактамі. Падобныя праблемы сталі рэальнасцю для краін СНД, многіх еўрапейскіх дзяржаў. Па меркаванні прамоўцы, каб павялічыць заўсёдную тэатральную публіку, патрэбна працаваць з трэцяй групай — неактыўнымі спажыўцамі, якіх у нас налічваецца 31,9 працэнта. “Часцей за ўсё, гэта замужнія гараджанкі сярэдняга ўзросту (узровень адукацыі не мае значэння). Неактыўныя спажыўцы ў прынцыпе не супраць тэатра, але ім патрэбны матыў: каб хто-небудзь прывёў, зацікавіў, пераканаў. Прадстаўнікі гэтай групы часта трапляюць у глядзельную залу выпадкова. Калі з імі добра папрацаваць, то, з вялікай верагоднасцю, частка з гэтых амаль 32 працэнтаў можа перайсці ў групу актыўных спажыўцоў”, — падкрэсліла выступоўца.

Зніжка — 98%

Але як іх уцягнуць у тэатральную плынь? Паводле даследавання, першаснай крыніцай інфармацыі для актыўных чытачоў з’яўляюцца афішы і постары. Што цалкам лагічна: калі чалавек уключаны ў тэатральнае жыццё, ён сам будзе шукаць плакаты пра гастролі ці прэм’еры. Неактыўныя спажыўцы спецыяльна тое рабіць не будуць, інфармацыя сама павінна іх знайсці, таму для гэтай групы на першы план выходзяць такія крыніцы, як масмедыя. У гэтай сувязі вельмі слушна гучыць прапанова рабочай групы пры Міністэрстве культуры пра тое, каб вынайсці магчымасць дамовіцца з айчыннымі тэлеканаламі, радыёхвалямі і “Мінгардаведкай” аб зніжцы ў 98 працэнтаў на рэкламу спектакляў асабістай вытворчасці дзяржаўных калектываў. Тэатрам раяць больш шырока займацца альтэрнатыўнымі формамі рэкламавання: моладзь часцей цікавіцца навінамі праз сацсеткі, мабільныя дадаткі і іншыя сучасныя тэхнічныя сродкі. Аднак тут не трэба забывацца на адну акалічнасць: сацыёлагі сведчаць, што найбольш тэатральна ўключаную глядацкую аўдыторыю складаюць людзі ва ўзросце ад 40 гадоў...

Камедыя, фестывалі і кошт білета

Маё здзіўленне выклікалі адказы пра значэнне тэатральных фэстаў: паводле даследвання, людзі цікавяцца імі вельмі мала, высокі інтарэс да фестывальнага руху зазначаны толькі ў Магілёўскай вобласці (відавочна, за тузін гадоў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” узрасціў удзячную публіку). Гэтая сітуацыя — сур’ёзная нагода арганізатарам яшчэ раз прагледзець праграму сваіх мерапрыемстваў і пашукаць новыя захады да фарміравання імпрэз. Прынамсі, крокі па пераглядзе сваёй канцэпцыі ўжо робіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Па словах першага намесніка міністра культуры Беларусі Ірыны Дрыга, гаворка ідзе, каб шырока прадставіць там сучасныя напрамкі айчыннай драматургіі і рэжысуры.

Беларусы, згодна з вынікамі даследавання, не гатовыя плаціць за білет суму, большую за 10 долараў у рублёвым эквіваленце. У жанравых перавагах публікі чакана перамагла камедыя: больш як у два разы яна абышла драму, што размясцілася на другой пазіцыі (67,3 працэнта супраць 30,4). Усё становіцца зразумелым, калі ўзяць да ўвагі прычыны наведвання тэатраў: большасць рэспандэнтаў адказвалі, што на спектакль пайшлі, бо “проста хацелася адпачыць, прыемна правесці вечар”. Спадзяюся, гэтыя статыстычныя даныя не прымусяць тэатры ісці за аўдыторыяй: зразумела ж, што прызначэнне тэатра — выхоўваць густ публікі.

Да слова, пра мастацкі ўзровень айчынных пастановак на калегіі гаварылася немала. Спадарыня Дрыга распавяла, што ў рэгіёнах адчуваецца недахоп рэжысёрскіх кадраў, а спектаклі часцяком ставяцца акцёрамі з завочнай рэжысёрскай адукацыяй. Прамоўца падкрэсліла: “Не ўсе рэжысёры, якіх выпускаюць нашыя творчыя ВНУ, размяркоўваюцца ў тэатры, некаторыя сыходзяць ва ўстановы культуры ці адукацыі. Тая ж моладзь, што ўсё ж патрапіла ў тэатр, не заўсёды мае магчымасць ставіць спектаклі там, куды размеркавана”. Міністэрства настойліва прапануе займацца з маладымі рэжысёрамі больш сістэмна.

Няма маладых рэжысёраў? Гэта міф!

Кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццяна Траяновіч лічыць міфам інфармацыю пра адсутнасць перспектыўных рэжысёрскіх кадраў у краіне. Рэжысёры-пачаткоўцы актыўна засвойваюць праектную плынь — форму менеджмента, пры якім тэатр не мае сталай акцёрскай трупы і не фінансуецца дзяржавай. Спадарыня Траяновіч нагадала, што эксперыментальныя студыі ў Беларусі пачалі з’яўляцца яшчэ ў другой палове 1980-х. З іх выйшла моцнае пакаленне рэжысёраў — Вітаўтас Грыгалюнас, Віталь Баркоўскі, Рыд Таліпаў і іншыя, якія потым узначалілі вядучыя рэпертуарныя тэатры. Сённяшняя моладзь прыходзіць у праектную сістэму, бо таксама мае вострае жаданне творчай рэалізацыі. Высокая мастацкая значнасць іх пастановак ужо адзначана крытыкамі і гледачамі. Для сталага развіцця гэтага кірунку неабходна пераадолець шэраг праблем. Прынамсі, перспектыўныя рэжысёры сутыкаюцца з адсутнасцю пракатных і рэпетыцыйных пляцовак. “У Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры ёсць сцэна, але яна тэхнічна не абсталяваная. Свае плошчы прапанаваў Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура, але яны не прыстасаваныя пад спектаклі. Створана пляцоўка на 50 месцаў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, але паўстае зноў-такі пытанне па абсталяванні (неаднаразова падавалі заяўкі на паляпшэнне тэхнічнай базы, ды пакуль у гэтым кірунку без перамен). Арандаваць жа вялікія пляцоўкі накшталт ДК МАЗа, ДК чыгуначнікаў ці канцэртнай залы “Мінск” у маладых рэжысёраў няма магчымасці”, — растлумачыла сітуацыю прамоўца.

Па словах спадарыні Таццяны, у сусветнай практыцы многія праблемы рэжысёраў-эксперыментатараў вырашаюцца з дапамогай адладжанай сістэмы грантаў. У прыклад яна прыводзіла Маскву, дзе існуе некалькі пракатных пляцовак. Яны маюць толькі менеджарскі склад. У тамтэйшым тэатры “Практыка” летась заснавана рэзідэнцыя для майстэрняў тэатральных ВНУ, установа актыўна падтрымлівае маладых рэжысёраў, акцёраў і драматургаў. У суседняй сталіцы 26 гадоў існуе Цэнтр імя Усевалада Меерхольда, які рэгулярна праводзіць лабараторыі і адукацыйныя праграмы, дапамагае моладзі знайсці крыніцы фінансавання ўласнага праекта. Пры ім жа дзейнічае рэзідэнцыя Вlack box, на чыёй базе на конкурснай аснове выбіраецца матэрыял, які трапіць у рэпертуар вялікай сцэны. “Пастаноўка, што перамагла, фінансуецца з бюджэту Дэпартамента культуры горада Масквы і асабістых сродкаў Цэнтра імя Меерхольда”, — падкрэсліла выступоўца.

Хаця б адзін…

У Польшчы і іншых краінах Еўропы аднапраектную падтрымку атрымлівае рэжысёр, калі хаця б адзін яго спектакль зацікавіў публіку і крытыкаў. Таксама існуе сістэма дафінансавання: дапамогу могуць аказваць незалежным тэатрам тэрмінам ад аднаго да некалькіх гадоў. У Чэхіі свая мадэль падтрымкі тэатральнага мастацтва, што складаецца з васьмі катэгорый грантаў. Узорам падтрымкі дзіцячых тэатраў можа лічыцца Данія, дзе распрацавана ўнікальная мадэль: акрамя рэгіянальных тэатраў, што фінансуе дзяржава і якія абавязаны ставіць спектаклі для дзіцячай аўдыторыі, там дзейнічае каля ста незалежных труп. Таццяна Траяновіч распавяла, што пры Міністэрстве культуры Даніі дзейнічае тэатральны цэнтр. Ён збірае даныя пра калектывы, прадстаўляе інфармацыю пра іх і іх гастрольную дзейнасць, дае парады, як атрымаць дафінансаванне на паказ спектакля, дапамагае з выбарам пляцоўкі.

У Беларусі ж праблемы з фінансаваннем узнікаюць не толькі ў праектных, але і ў дзяржаўных тэатрах, пра што ўзгадваў амаль кожны выступоўца. Пры недастатковым бюджэтным фінансаванні надзвычай складана падтрымліваць высокі мастацкі ўзровень рэпертуару. Дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек Уладзімір Андрэенка зазначыў: “Імкнучыся больш зарабіць на продажы білетаў, выпускаючы танныя пастаноўкі, беларускі тэатр рызыкуе ператварыцца ў камерцыйнае прадпрыемства. Гэтага нельга дапусціць, таму сёння як ніколі важная абарона і падтрымка дзяржавай некамерцыйнага сектара мастацтва”.

Рэканструкцыя і партытура

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко запэўніў прысутных, што орган дзяржкіравання трымае на кантролі пытанні па рэканструкцыі тэатраў: які год без свайго даху Брэсцкі тэатр лялек, гомельскі рэгіён прыкладае ўсе высілкі для аднаўлення пасля пажару Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа, зараз вядуцца праектныя работы па рэканструкцыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, стаяць задачы па Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

На калегіі не абышлі ўвагай пытанні падрыхтоўкі рабочых спецыяльнасцяў для тэатральна-відовішных арганізацый, што сёння амаль адсутнічаюць. Рабочая група, што працавала па падрыхтоўцы калегіі, прапанавала Міністэрству культуры прапрацаваць пытанне па скарачэнні аўтарскіх адлічэнняў за выкарыстанне музычных твораў у тэатральных пастаноўках з 9 да 5 працэнтаў, паколькі звычайна музычная кампазіцыя выкарыстоўваецца не цалкам, а фрагментамі, часцяком партытура да спектакля падбіраецца з гатовых трэкаў, а не пішацца па замове. Высокія адлічэнні павялічваюць кошт білета, што, у сваю чаргу, адбіваецца на колькасці гледачоў. Падчас пасяджэння ўзгадалі пра адсутнасць сучасных падручнікаў па гісторыі тэатра, недастатковую актыўнасць у прэсе маладых крытыкаў. Шмат казалі пра рэформу Нацыянальнай тэатральнай прэміі: неабходнасць пастаянна дзеючай дырэкцыі, пашырэнне спіса намінацый, правядзенне асобнага конкурсу эксперыментальных пастановак і гэтак далей. Агучаныя тэмы прынятыя Міністэрствам культуры да ўвагі і будуць дбайна прапрацоўвацца, многія пытанні ўжо ўключаны ў рэзалюцыю калегіі і стануць надалей рэалізоўвацца.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"