Званні, ордэны, медалі

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 218 ад 20 чэрвеня 2017 года, згодна з якім дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаныя 58 чалавек. У тым ліку каля дзясятка работнікаў культуры і дзеячаў мастацтва. Пра гэта паведамляе прэс-служба Кіраўніка беларускага Лідара.

Так, айчыннаму кінарэжысёру-дакументалісту Анатолю Алаю прысвоена званне народнага артыста Беларусі.

Ордэнам Пашаны ўганараваныя галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец, а таксама саліст аркестра, дырыжор, заслужаны артыст краіны Аляксандр Крамко. Медаль “За працоўныя заслугі” прысуджаны старшыні Мінскага гарадскога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхаілу Пазнякову.

Медаль Францыска Скарыны атрымае журналіст газеты “Культура” — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза мастакоў Барыс Крэпак. Таксама ёй адзначаны скульптар Генадзь Буралкін і архітэктар Валянцін Занковіч, вядучы рэдактар канцэртных залаў Белдзяржфілармоніі, кампазітар Ларыса Сімаковіч і загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Сцефановіч.