“Мы не проста сябры — мы радня”

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Фотавыстава старажытнай драўлянай скульптуры, выступы губернскага аркестра ў канцэртнай зале і на плошчы — “К” сачыла, чым здзіўляў Пермскі край Расіі падчас Дзён культуры ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/642/14263/2-1.jpg

Барыс Святлоў і Ірына Івенскіх падчас урачыстага адкрыцця Дзён культуры Пермскага краю з удзлам Пермскага губернскага аркестра. / Фота аўтара

Мерапрыемствы праходзілі з 8 па 10 чэрвеня. У Мінску адбылося пасяджэнне рабочай групы па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пермскім краем, дзе абмяркоўваліся варыянты супрацоўніцтва не толькі ў галіне культуры, але і ў прамысловасці, гарадской і сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя.

— Пермскі край — гэта цэнтр Расіі, рэгіён, вядомы сваім балетам, драўлянай скульптурай, вялікім прамысловым патэнцыялам, высокай культурай сельскай гаспадаркі, — сказаў у прамове падчас цырымоніі адкрыцця Дзён культуры ў Белдзяржфілармоніі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. — Я ганаруся тым, што многія нашы землякі па ўласным жаданні ці па волі лёсу апынуліся ў Пермскім краі і маюць дачыненне да ўсяго лепшага, што ёсць у гэтым рэгіёне.

— Мы не проста сябры з беларусамі — мы радня, таму ехалі сюды з лёгкім сэрцам і добрым настроем, — адзначыла намеснік старшыні ўрада Пермскага края Ірына Івенскіх, што ўзначаліла афіцыйную дэлегацыю. — У Нацыянальнай бібліятэцы мы адкрылі фотавыставу нашай знакамітай драўлянай скульптуры, але гэты старажытны пермскі цуд варта ўбачыць ужывую! Наш губернскі аркестр летась адзначыў 75-годдзе. Яго ведаюць у Еўропе. Спадзяюся, беларускія слухачы адчуюць, чаму. Калектывам кіруе легендарны чалавек — палкоўнік Яўген Тверацінаў. Нам шчыра хочацца гэтым падзяліцца. Дзякуй, што чакалі нас, а мы чакаем вас у наступным годзе!

Пермскі губернскі аркестр таксама выступіў на плошчы Свабоды ў Мінску падчас вулічнага свята з нагоды Дня Расіі. У наступным годзе ўжо ў Пермскім краі адбудуцца Дні культуры Беларусі.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"