Гэта творы пераможцаў V Беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Больш як сорак работ дзевяці аўтараў, адзначаных дыпломамі. Аўтару гэтых радкоў даводзіліся калі-нікалі прысутнічаць пры рабоце журы творчых конкурсаў, і з гэтага досведу можна меркаваць, што пэўнай суб’ектыўнасці ў ацэнцы твораў пазбегнуць немагчыма. Але кожнае творчае спаборніцтва гэта не толькі конкурс работ, але і аўтараў. І пры тым, што дыпломам ці медалём адзначаецца канкрэтная работа, бярэцца да ўвагі ўвесь комплекс творчых дасягненняў аўтара, ягоны аўтарытэт і ўплывовасць на культурны працэс. І ў беларускім выяўленчым мастацтве ёсць група лідараў, трапіць у якую марыць кожны не пазбаўлены амбіцый прафесіянал і якая прыцягвае да сябе пільную ўвагу мастацкай і калямастацкай грамады. Пераможцы V біенале якраз і належаць да згаданага кола. Жывапісцы — Леанід Хобатаў, Анатоль Кузняцоў, Уладзімір Канцадайлаў. Графікі — Раман Сустаў, Андрэй Басалыга, Юрый Хілько. Скульптары — Сяргей Аганаў, Уладзімір Панцялееў, Вольга Орсік.
Немагчыма ў межах невялікай нататкі даць разгорнутую характарыстыку творчасці згаданых мастакоў. Ды, зрэшты, і патрэбы такой няма. Іх імёны і так на слыху. Адно згадаю, што іх пры рознасці вобразнага ладу і стылёвых прыхільнасцяў яднае творчая сугучнасць сучаснай эстэтыцы і здольнасць не залежаць ад хуткаплыннай моды. Зрэшты, яны самі сёння ў значнай ступені вызначаюць не толькі тую моду (шмат хто спрабуе працаваць у іхнім стылёвым рэчышчы), але і перспектыўныя напрамкі развіцця выяўленчай культуры, з якіх, дарэчы, можа скласціся яе магістральны шлях. Тут я найперш згадаю графіка Рамана Сустава. Ягоныя яскравыя аркушы насычаныя містыкай. На першы погляд яны ўспрымаюцца ілюстрацыямі да яшчэ ненапісаных казак-фэнтазі. А прыгледзішся, дык маглі яны быць і аздобаю філасофскіх трактатаў і сацыялагічных доследаў. Пры дакладнай прарысоўцы кожнай дэталі і шматаблічнасці асацыятыўнага шэрагу кампазіцыі не распадаюцца на асобныя фрагменты, але захоўваюць сэнсавую і візуальную цэльнасць. Самыя простыя, звыклыя рэчы ў трактоўцы Рамана Сустава набываюць пазачасовую сутнасць. Гэта прымушае згадаць палотны Мікалая Селешчука, якога таксама вабілі загадкавыя вобразы гэткага віртуальнага “залюстроўя”. Але ў дадзеным выпадку “залюстроўе” не мае нічога агульнага з дзіцячай казкай. Гэта адваротны бок “дарослага” свету, дзе нават рамантычныя мроі маюць адценне варанёнага металу.
Андрэй Басалыга яшчэ са студэнцкіх часоў меў схільнасць да філасафічнасці, да выяўлення абстрактных катэгорый праз звыклыя воку візуальныя знакі. У гэтым рэчышчы майстар шчыруе і сёння. Юрый Хілько — мастак рамантычнага складу, што не перашкаджае яму глыбока асэнсоўваць жыццёвыя з’явы, бачыць іх у святле дыялектычных кантрастаў. Ягоныя аркушы і інтэр’ер упрыгожаць, і да роздуму падштурхнуць.
Скульптуры, прадстаўленыя ў экспазіцыі, цікавыя як спроба пераадолець выяўленчыя стэрэатыпы, выйсці за межы рэалістычнага кода і звыклага тэматычна-сюжэтнага кола. Сяргей Аганаў, Уладзімір Панцялееў і Вольга Орсік адкрываюць досвед замежжа для нашай нацыянальна-культурнай прасторы і нібыта запрашаюць гледача ў віртуальнае падарожжа. Самі ж мастакі ў гэтым падарожжы выконваюць ролю гідаў-перакладчыкаў.
Мне падаецца, беларускаму жывапісу пры наяўнасці трывалай традыцыі, добрай школы і таленавітых майстроў, дасведчаных у тым, што робіцца ў свеце, не стае пачуцця сучаснасці. Гэта можна патлумачыць і недастатковай інтэграванасцю ў глабальныя культурныя працэсы, і асаблівасцямі нацыянальнага менталітэту. Зрэшты, што лічыць сучасным — пытанне дыскусійнае. Тым большую цікавасць выклікаюць карціны Леаніда Хобатава, Анатоля Кузняцова і Уладзіміра Канцадайлава з прычыны скіраванасці аўтараў на творчы пошук, на эксперымент.
Гэта выстава разлічана на ўдумлівага гледача. Мастакі прадставілі на суд грамады розныя мадэлі віртуальнага свету. А якая з іх ўвасобіцца ў рэальнай перспектыве, гледачы, зрэшты, і вырашаць…