“Выхад да мора” і бізнес-хады

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Гомель тэатральны: мінскія сустрэчы
Другая палова мая была азначана ў Гомелі ХІІІ Міжнародным фестывалем “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Журы на чале з дырэктарам РТБД Уладзімірам Карачэўскім лепшым спектаклем прызнала “Камедыю пра нешчаслівага селяніна…” з Чарнігава (Украіна), адзначыўшы яе таксама за лепшы акцёрскі ансамбль. Тры прызы: за лепшую рэжысуру, жаночую і мужчынскую ролі — атрымаў ТЮГ за “Дзікае паляванне караля Стаха”. Прызы за лепшы дуэт і мужчынскую ролю другога плана засталіся ў Гомельскім абласным драматычным тэатры, дзе і ладзілася свята.

/i/content/pi/cult/641/14248/8-1.jpg

Сцэна са спектакля “Не ўсе зайцы трусы”. / Фота з архіва тэатра

Але падобныя форумы — гэта яшчэ і прыцягненне ўвагі да развіцця тэатральнага мастацтва ўсяго горада. А там, між іншым, дзейнічаюць тры стацыянарныя прафесійныя калектывы: акрамя згаданага, яшчэ Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр і абласны тэатр лялек. Напярэдадні і падчас форуму яны гастралявалі ў сталіцы. Самы час падвесці вынікі ўсіх тых мінскіх паказаў цалкам.

Тэатр лялек прыцягнуў пошукам новага цікавага рэпертуару. Акрамя дарослага “Сабачага сэрца”, якое ўжо некалькі гадоў таму прывозілася ў Мінск, былі паказаны дзве дзіцячыя прэм’еры. Прычым абедзве — хаця і на рускай мове, але паводле беларускіх аўтараў, што ў дзіцячай афішы бывае, на жаль, вельмі рэдка.

Пераклад казкі “Шаша з левага чаравіка” маладога аўтара Алены Мальчэўскай (яна больш вядомая як тэатразнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства) аказаўся больш прыземленым у параўнанні з арыгіналам. У рускай мове Шаша — усяго толькі няўмелае вымаўленне імя Саша. А ў беларускай яно асацыюецца з неабсяжным гасцінцам (“Ішла Саша па шашы”), што нечакана бярэ шлях з... чаравіка “па-еўрапейску”: як мы на навагоднія святы чакаем падарункі “пад ёлачку”, гэтак там спадзяюцца на маленькія прыемныя сюрпрызы, пакладзеныя ў наўмысна выстаўлены чаравік, хай і сувенірны.

Прывабіла лялька гераіні, асабліва ў маленстве. А вось з самім Шашам можна было б і пафантазіраваць, не ператвараючы яго ў клон кудлатага “дамавіка”. Дый сама эстэтыка тэатра лялек магла б натхніць на большыя мастацкія “хуліганствы”, чым спалучэнне лялек з размоўнымі дыялогамі. Тым больш, што і казка — пра магчымасць вяртання ў дзяцінства, свет няўрымслівых мараў і памкненняў.

Гэтак жа надта проста, без фантазійных “выбрываў” быў пастаўлены спектакль “Не ўсе зайцы трусы” паводле аднайменнай п’есы гомельскага драматурга Васіля Ткачова. Як і ў выпадку з “Шашам...”, спектакль быў цікавы найперш сваёй літаратурнай асновай. Шэраг фальклорных матываў пра падманы пры абмене аўтар адаптаваў у гэткі “метадычны дапаможнік” па ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці — вядзенні фермерскай гаспадаркі і гандлю ўласнай прадукцыяй. Бізнес-хады, карацей!

Такі вопыт па задавальненні рэпертуарнага голаду праз зварот да беларускіх твораў, аднолькава цікавых для дзяцей і дарослых, годны пераймання. Яшчэ адным моцным бокам гомельскіх лялечнікаў з’яўляецца музыка — зноў-такі, свайго мясцовага аўтара, вельмі таленавітага Анатоля Шаўцова. Ладна скроеная, стыльная, сучасная (без скідак на “дзіцячасць”), яна задае казкам добры тэмпарытм. А як знікае ў тым жа “Шашы…” на доўгі час, страчваецца і энергетыка.

У афішу “Славянскіх тэатральных сустрэч” быў уключаны спектакль “Аскар і Ружовая дама” Гомельскага маладзёжнага тэатра. Але з-за хваробы артыста яго замянілі на прэм’еру “Чумы” тэатра-гаспадара фестывалю. Затое “Аскар...” у чарговы раз быў паказаны ў Мінску. Спектакль, пастаўлены Генадзем Мушпертам у 2014-м (для абласнога калектыву гэта сапраўдны доўгажыхар), захоўвае свежасць акцёрскай ігры. Пэўна, з гэтым творам сучаснага французскага драматурга і пісьменніка іначай немагчыма: смерць дзіцяці ад раку ўспрымаецца незагойнай ранай.

Дзяцей іграюць дарослыя. Кожны — з мяккай лялечнай выявай свайго персанажа, павешанага на шыю, бы вялізны медальён. А тое, што ў ролі Аскара выступае адзін са старэйшых артыстаў Сяргей Чугай, надае дзеянню яшчэ большую шчымлівасць. І ўносіць дадатковыя рысы ў ансамбль галоўнага героя з Ружовай дамай — Галінай Анчышкінай, якая некалькі тыдняў таму справіла 75-годдзе. Мабыць, з лялькамі і відэапраекцыямі можна было працаваць і больш вынаходліва, але тое, што ўзнятая тэма кранула публіку не толькі сталага ўзросту, дарагога каштуе. Сярод гледачоў было на дзіва многа падлеткаў. Звычайна іранічныя, гатовыя рагатаць з любой нагоды і без яе, тут яны, усміхнуўшыся некалькім жартам у пачатку, сцішана замерлі. У антракце жаліліся адно аднаму, што спектакль сумны. А ў фінале разам з астатнімі не саромеліся глытаць камякі ў горле. Але пры ўсіх слязах, пралітых залай РТБД, спектакль аказаўся — пра шчасце жыцця. Прапанаваная хвораму гульня, быццам за адзін дзень перагортваецца суцэльнае дзесяцігоддзе, дазволіла хлопчыку напоўніць свае апошнія гадзіны важнымі падзеямі, а ўсім прысутным — задумацца над сэнсам існавання: не марнаваць час дарма, а насычаць яго сталеннем душы.

Гомельскі абласны драмтэатр, акрамя адзначанага на фестывалі “Рамэа і Джульеты” (пра гэты спектакль у “К” № 19), прывозіў у сталічны ТЮГ два дзіцячыя спектаклі — “Пунсовую кветачку” і “Востраў скарбаў” (апошні — у пастаноўцы маладога акцёра і рэжысёра гэтага калектыву Андрэя Шыдлоўскага, які ставіў і раней згаданую “Чуму” Якуба Коласа). У казках было многа музыкі і песень — вядомага сталічнага музыканта Цімура Каліноўскага, другая ўвогуле магла прэтэндаваць на музычны спектакль (праўда, песні ішлі ў запісе). Цікава, што напярэдадні на сцэне нашага Музычнага тэатра гастраляваў такі ж Музычны з Калінінграда — таксама з “Востравам скарбаў”. У імправізаваным “конкурсе” перамаглі гамяльчане. Улічваючы склады труп, і там і тут некаторыя мужчынскія персанажы рамана былі перапрацаваныя ў жаночыя. Расіяне прыцягвалі інтэрактывам, але сама гісторыя была выкладзена так няўцямна, што нават тыя, хто чытаў ці глядзеў мульцік, мала што зразумелі. Гамяльчане ж, нягледзячы на куды большы матрыярхат з фемінізмам (нават Капітан стаў Аляксандрай!), адбудавалі лагічную сюжэтную лінію, пазбаўленую залішніх адхіленняў, дадалі “любоўнай хэпіэндавасці”, аздобілі дзею шыкоўна пастаўленымі бойкамі. І тут мне ўзгадалася, як яшчэ ў 1990-я ва Уладзіміра Кандрусевіча ўзнікла ідэя аднайменнага дзіцячага мюзікла. Звярнуўшыся з ёй у Музычны тэатр, дзе выйшлі яго “Джулія” і “Шклянка вады”, кампазітар атрымаў адмову: маўляў, не нацыянальная тэма. А вось калінінградцы тую “тэму” прыпадносілі выключна як “сваю”. Таму што маюць “выхад да мора”? Але ж і гамяльчане прадэманстравалі “свойскі” падыход! Іх спектакль быў зроблены па п’есе “Піястры! Піястры!” загадчыка літаратурнай часткі тэатра Уладзіміра Ступінскага — “паводле Стывенсана”. І гэта правільна. Бо кожная беларуская рэчка, рачулка і нават ручай у рэшце рэшт вядуць да акіяна — у дадзеным выпадку, сусветнай культуры.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"