Адпусцi сябе ў Венецыю!

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Сёння мне хацелася б распавесці пра праекты, якія здаліся блізкімі Беларусі — па культурных кодах, па ўнутраным напаўненні, у рэшце рэшт, па камернасці. Крытэрыяў, думаю, нашмат больш. Але выбар — працэс складаны, і не заўсёды перадавыя пазіцыі, яркія і маштабныя першыя месцы аказваюцца сугучнымі вашаму асабістаму адчуванню актуальнасці. Ды яны і не абавязаныя да таго.

/i/content/pi/cult/641/14245/12-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 20, 21.)

Лянкевіч і Palazzo Bembo

Але завершым частку расповеду пра беларускую тэму ў Венецыі (сёлета яна была прадстаўлена як ніколі шырока). Зараз павяду гаворку пра фатографа Андрэя Лянкевіча ў праекце Еўрапейскага культурнага цэнтра “Персанальныя структуры — Адкрытыя межы“. Здавалася б, ён павінен быць прысвечаны еўрапейскім каштоўнасцям, і ўдзел Андрэя Лянкевіча выглядае ў ім цалкам апраўданым. Але на тое і дыялектыка Венецыі, каб пад еўрапейскай шыльдай паказаць дыялог амерыканскіх, азіяцкіх і афрыканскіх культур. Як традыцыйных, так і сучасных, а найчасцей гэтыя асаблівасці мудрагелістым чынам спалучаюцца.

Серыя “Focus on Belarus” стваралася ў 2008 годзе, калі Андрэй яшчэ не быў арт-дырэктарам Месяца фатаграфіі ў Мінску, а альбом “Паганства“, іншыя выданні і ўзнагароды бачыліся хіба ў перспектыве. Фотаздымак Лянкевіча пагружаны ў штодзённасць сучаснага сюжэту пра егера Белавежскай пушчы і, мабыць, не ўтрымлівае аўтарскіх “гарызонтаў“, карыстаючыся тэрмінам згаданай у папярэдняй частцы маіх венецыянскіх нататак Трэйсі Мофат. Але гэта беларускія рэаліі, фарбы ідэнтычнасці, той яе часткі, якая не часта трапляе на вочы гледачу. Таму цалкам біенальная была б серыя ў Андрэя, падобнымі мазкамі якраз і пішуць аўтапартрэты. Шкада, што толькі адна яго фатаграфія трапіла ў “Персанальныя структуры”, але і яна не згубілася сярод многіх, яркіх і патэнцыйна глыбокіх работ. За кошт прамой дакументальнай выявы, дарэчы сказаць, калі ўжо развіваць тэму супрэматызму — фіксацыі — кінематаграфічнасцi ў арсенале фатаграфіі.

Самая паэтычная — Грузія

Аб’ект, дзе вам хочацца абняць аўтара, гэта “Жывы сабака ў асяроддзі мёртвых львоў” Важыко Чачхiанi. Вось проста падыходзіш і без лішніх слоў абдымаеш чужога чалавека. І што вы думаеце? Чарга стаіць! Таму што гэта Венецыя, па-першае, і няма нічога больш пранізлівага, чым драўляны дом, які залівае дождж. Але не звонку, а ўнутры. І гэта ён прыдумаў, мастак Важыко. Гэта па-другое.

Дом аднапавярховы, аўтэнтычны, яго прывезлі з Грузіі — хто бываў там, той бачыў падобныя зашклёныя веранды, традыцыйныя прапорцыі і нават убранне такіх дамоў — як у старых грузінскіх фільмах. Унутры гарыць святло, накрыты стол, засланы ложак, вось толькі ўсё гэта пакінута людзьмі. Дождж ільецца, не спыняючыся. Гледачы могуць толькі зазіраць у запацелыя вокны, слухаць яго.

“Жывы сабака” ўспамінаў аб такіх дамах з дзяцінства жыве ў кожнай душы, таму трапленне Важыко Чачхiанi ў асноўны куратарскі праект Крысцін Масель — нагадаю, дэвіз “Viva arte viva” — не мае патрэбы ў тлумачэннях. Магчыма, прыгадваецца слуга Фірс з “Вішнёвага саду”, забыты ў такім жа доме, або беларускія сядзібы, якiя згасаюць тут і там. Вечная гісторыя, аказваецца, — сусветны кантэкст.

Маладая Мексіка: “Мы збіраем сябе”

Адзін з незалежных праектаў, паказаны паралельна з біенале, пра што ў нас таксама вядзецца спрэчка, мне сустрэўся ў раёне Dorsoduro і называўся ён “Сoexisting through the feathered serpent”. Назву можна перавесці як “Суіснаванне праз птушыную змяю”, што даволі складана для нашага разумення. Але, тым не менш, канцэпцыя аб’ядноўвае сённяшні дзень са знакамі продкаў: ацтэкамі, мая, іншымi плямёнамі Лацінскай Амерыкі.

Выставу падрыхтавалі мексіканскія мастакі без усялякай сувязі з нацыянальным павільёнам краіны ў Арсенале. “У нас бедная краіна і шмат карупцыі, — патлумачыла мне Сільвія, адна з куратараў. — Але мастакоў таксама шмат, і мы сталі шукаць магчымасць патрапіць у Венецыю”.

Знайшлі маладыя людзі праект “Shaped in Mexico” (“Сфарміравана ў Мексіцы”), які меркаваў дзве выставы ў Лондане, перад Італіяй, і адну ў Дзюсельдорфе адразу пасля.

“Суіснаванне...” азначае пошук свайго. Якімі мы былі сапраўднымі? Да прыходу іспанцаў? Да прыходу амерыканцаў? Зараз мы збіраем сябе, свае старыя традыцыі даамерыканскiх цывілізацый. Але, вядома, і вопыт адносін з іншымі культурамі, і вопыт нашых межаў нікуды не сыходзіць. Баланс можа быць дасягнуты толькі ў нашых душах і розумах, а продкі якраз валодалі самымі глыбокімі ведамі пра гэта”.

Як і шматлікія сучасныя прачытанні традыцыяў, “Суіснаванне...” аб’яднала ў адзінае палатно графіку з жывапісам, пер’е птушак і вулканічны камень для расцірання маісу, неонавыя надпісы і музыку. Вельмі магутны і маляўнічы праект атрымаўся — у ім прынялі ўдзел больш за дваццаць аўтараў. Адно толькі шкада: яны не могуць дазволіць сабе арандаваць галерэю на такі доўгі тэрмін, як нацыянальныя павільёны.

Як усё ж такі вярнуцца да стану гармонii

Толькі праз жывую прыроду. І Данія ўражвае мяне сваiм павільёнам: ён у прамым сэнсе ўбудаваны ў парк. Закрытыя залы тут перамяжоўваюцца з памяшканнямі без даху, пераходы асветлены або прыцемнены дзякуючы натуральнаму асвятленню, дарожкі ўпіраюцца то ў глухую сцяну, то ў дрэва. З аднаго боку, гэта выдатна, з іншага — змушае архітэктараў ды мастакоў да працы з адной і той жа схемай.

Гэтым разам экспазіцыя Кірстэн Рапсторф называецца “Influenza: teatre of glowing darkness”, што я пераклала б як “Уздзеянне: тэатр цемры, што зіхаціць”. Акрамя зарослага ўнутранага сквера ў інсталяцыю ўключаны элементы графікі, а брутальны бетон і пяшчотнае святло неба заплятае гэту гісторыю зусім непрадказальна. Таму што святло змяняецца кожную хвіліну, ды і надвор’е мяняецца, трава расце — і наогул, што тут будзе да закрыцця ў лістападзе? Так ці інакш, “святлівая цемра” прысвечана гармоніі чалавека і свету, а вось наколькі яна дасягальная, застаецца дадумаць гледачу.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст  (спецыяльна для “К”)

Мінск — Венецыя — Мінск

Фота аўтара